пн-пт: 10:00 — 23:00

сб-ндз: 11:00 — 23:00

Дзе: зав. Музычны, ½

Тэл.: (017) 226-50-45, (017) 226-50-46.

Кожны сучасны горад — гэта жывы арганізм. Яго вялікая гісторыя — гэта доўгае жыццё. Жыццё непаўторнае, своеасаблівае. Тады Стары горад — гэта сэрца, якое калісьці даўно павольна і асцярожна дало жыццё ўсяму астатняму.

На сэрцы Мінска шмат глыбокіх ранаў: гэта і сярэднявечныя пажары, і балючыя ўколы ад нацыстаў і ад бальшавікоў. На жаль, і сённяшнія аперацыі на ім, якія завуцца рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй, робяцца не па еўрапейскіх медыцынскіх тэхналогіях. Менавіта таму боль на сэрцы тысячагадовага Мінска часам толькі ўзмацняецца. Праз амаль поўную адсутнасць атмасферных, аўтэнтычных месцаў наш Верхні горад не вабіць шматтысячныя натоўпы турыстаў. Няма дзе пачаставацца старым менскім збітнем альбо асаблівымі гатункамі тутэйшага піва. Усё гэта знікла… Менавіта таму развіваць аб’екты грамадскага харчавання магчыма і нават трэба. Тым больш што добрыя прыклады ёсць.

Кавярня «Ферзь» — адзін з іх. Тут, у маленькім прыгожым будынку на рагу старых Манастырскага і Маламанастырскага завулкаў (якія сёння маюць гучныя назвы Музычнага завулка ды вуліцы Герцэна) кожны можа апынуцца ў мінскай кавярні, зробленай на еўрапейскі лад.

Што ўнутры?

«Ферзь» — гэта, па-першае, вельмі добрая кава, водар якой сапраўды лунае ў паветры. Па-другое, гэта прыемная атмасфера, у якой так і хочацца весці самыя цёплыя размовы. Тут дзве маленькія ўтульныя залы. Інтэр’ер той, што на першым паверсе, даволі просты: маленечкія столікі, лёгкія і светлыя колеры сценаў — усё даволі звычайна, але прыемна. Нашмат прыгажэйшая зала месціцца ніжэй. Там, пад скляпеннямі старых столяў, сваіх гасцей чакаюць мяккія вуглавыя канапы, мноства падушак і свечкі. Адзінае, што крыху сапсуе рамантыку мінулых стагоддзяў, сучасная музыка тэлеканала Europa+.

Карацей кажучы, калі вы хочаце папіць кавы з дэсертам і маеце на гэта хвілін 20, раю вам наведаць залу на першым паверсе. Калі хочаце прыпыніць час і атрымаць асалоду ад размовы з цікавай асобай, спускайцеся ніжэй.

Меню і цэны

Трэба сказаць, што «Ферзь» прапануе не толькі каву ці гарбату з адпаведных карт, але і шмат чаго іншага: першыя і другія стравы, гарніры і дэсерты. Ёсць тут і даволі багаты выбар алкагольных і безалкагольных кактэйляў.

Натуральна, цэны тут даволі высокія. Напрыклад:

Чызкейк твараговы (100 г.) — 25 000 р.

Штрудэль яблычны (100 г.) — 22 000 р.

Латэ (200 мл) — 24 000 р.

Амерыкана (150 мл) — 13 000 р.

Пры тым, што чызкейк і штрудэль бывалі і смачнейшыя.

Маё меркаванне

«Ферзь» — добры прыклад таго, якія ўстановы павінныя размяшчацца ў самым сэрцы старога горада: прыемная абстаноўка, цікавы інтэр’ер і смачная кава. Нягледзячы на даволі высокія цэны, раю наведаць. Менавіта такія кавярні дадаюць гораду атмасфернасці і ўтульнасці, якой старому Мінску так не хапае.

Мабыць, калісьці з’явяцца прыгожыя праекты па аднаўленні забудовы ў раёне плошчы 8 сакавіка… Знікне савецкая Няміга, і на яе месцы нібы з попелу паўстане Ракаўскае прадмесце. Касцёл Святога Язэпа будзе сустракаць вернікаў, а кожны турыст будзе чуць асаблівую мелодыю званоў, нібы жывы голас старога Мінска. Жадаем роднаму гораду найхутчэйшага акрыяння!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?