25.03.2007 / 12:36

Жывы рэпартаж з Дня Волі Апошняе абнаўленьне 20.18 34

Каля пятнаццаці тысяч чалавек узялі ўдзел у маніфэстацыях на Дзень Волі ў сталіцы. Дэманстрантаў не пусьцілі на Кастрычніцкую плошчу. Цэнтар гораду быў цалкам блякаваны. Спэцназаўцы зьбілі Мілінкевіча і ягоную жонку.

Каля пятнаццаці тысяч чалавек узялі ўдзел у маніфэстацыях на Дзень Волі ў сталіцы. Дэманстрантаў не пусьцілі на Кастрычніцкую плошчу. Цэнтар гораду быў цалкам блякаваны. Спэцназаўцы зьбілі Мілінкевіча і ягоную жонку.

Жывы рэпартаж закончаны. Наступныя паведамленьні будуць выстаўляцца асобнымі матэрыяламі.

20.18

Дзяржаўнае агенцтва БелТА дагэтуль не дае паведамленьняў пра падзеі 25 Сакавіка ў сталіцы.

Радыё Свабода: "Затрыманых адпускаюць без складаньня пратаколаў: У часе разгону акцыі на пляцоўцы перад будынкам Нацыянальнай бібліятэкі спэцназаўцы затрымалі некалькі чалавек. Некаторых адвезьлі на адлегласьць прыкладна кілямэтра ад месца інцыдэнту і адпусьцілі. Яшчэ некалькі чалавек трапілі ў аўтобусы. Юнакі, якія мелі пры сабе мабільныя тэлефоны, паведамілі, што затрыманых не адвялі ў будынак міліцыі, а па адным адпусьцілі. Але, тых маладых людзей, якіх затрымалі, калі калёна дэманстрантаў наблізілася да тэрыторыі, дзе месьціцца бібліятэка, пакуль трымаюць у міліцыі. 12 чалавек трымалі ў аўтобусе ў двары міліцыі Цэнтральнага раёну Менску больш за пяць гадзінаў. Іх затрымалі а палове на 12, калі яны ішлі на Кастрычніцкую плошчу з боку Нямігі. Як толькі акцыя апазыцыі скончылася, людзей адпусьцілі".

19.48

Намесьнік начальніка сталічнай міліцыі Найдзенка ацаніў колькасьць удзельнікаў мітынгу на плошчы перад Акадэміяй навук на 4 тысячы чалавек ("Інтэрфакс").

Трэба адзначыць, што акрэсьліць колькасьць удзельнікаў маніфэстацыі сёньня было няпроста, бо групы маніфэстантаў гуртаваліся па пэрымэтры Кастрычніцкай плошчы і прыбывалі да Акадэміі навук зь вялікай розьніцай у часе.

19.48

Аднавіў працу сайт Мілінкевіча www.milinkevich.org

19.47

Радыё Свабода адзначае, што а палове на дванаццатую на Кастрычніцкую плошчу маглі прайсьці толькі тыя, хто меў квіток на балет “Лебядзінае возера”, што адбываўся ў Палацы Рэспублікі. "Балет на Кастрычніцкай плошчы", — называе гэта Свабода.

Таксама радыё "Свабода", якое дае найбольш рэпартажаў зь месца падзеяў, рэканструюе самы драматычны момант дня:

"Далей калёна рушыла вуліцай Гарадзкі Вал, удзельнікі акцыі спрабавалі павярнуць на вуліцу Інтэрнацыянальную, але там байцы спэцназу пачалі зьбіваць удзельнікаў акцыі дубінкамі, некаторых моладзевых актывістаў білі нагамі. Зьбілі Аляксандра Мілінкевіча і ягоную жонку Іну Кулей. Мілінкевіч: “Нас зьбілі. Мы ўпалі на зямлю, падняліся. Жывыя”. Карэспандэнтка: “Ці былі затрыманыя?” Кулей: “Мы адбівалі затрыманых. Вось мне руку паранілі. Затапталі трохі”.

18.52

Уплывовая расейская gazeta.ru паставіла інфармацыю пра падзеі ў Менску ў галоўнае. Загаловак: Акцыі апазыцыі ў Менску закончылася разгонам вадамётамі. Сайт польскай "Газэты выборчай" таксама выставіў інфармацыю пра падзеі ў сталіцы Беларусі на першую старонку. Робіцца акцэнт на зьбіцьці Мілінкевіча і ягонай жонкі, адзначаецца брутальнасьць дзеяньняў спэцназу і даецца пералік польскіх гасьцей маніфэстацыі, якія пацярпелі ад кулакоў і дубінак.

18.52

Варта адзначыць, што сёньня быў заблякаваны доступ ня толькі да шэрагу інфармацыйных сайтаў, але і да лайвджорналу цалкам.

18.52

Адзіны сайт, які застаецца заблякаваны, — гэта сайт Мілінкевіча. Прэс-сакратар А.Мілінкевіча Павал Мажэйка заявіў, што паводле іхнай інфармацыі, на іх сайт пастаўлены фільтар на Белпаку.

17.35

Затрыманага актывіста Партыі БНФ Паўла Батуева міліцыянты прымусам даставілі на аўтавакзал. Ён патэлефанаваў і паведаміў, што яго маюць пасадзіць на маршрутку і адправіць у Салігорск.

Таксама Батуеў паведаміў, што разам зь ім у будынку абласнога упраўленьня МУС знаходзіліся Марына Найдзіч зь Менску і Ян Лагвіновіч з Марынай Лагвіновіч з Маладэчна.

Па інфармацыі незарэгістраванага праваабарончага руху “Вясна”, цяпер у Першамайскім РУУСе знаходзяцца шасьцёра чалавек. Усе яны былі затрыманыя падчас шэсьця людзей да Нацыянальнай бібліятэкі. Сярод затрыманых Хадвінскі Юры, Галахаў Дзяніс і Галышка Сяргей. Як паведамляюць праваабаронцы, Дзяніс Галахаў моцна зьбыты.

Таксама сёньня затрыманьні адбыліся ў рэгіёнах. Найбольш было затрымана людзей у Віцебску, звыш 15 чалавек. Таксама затрыманыя ёсьць у Горадні, Берасьці, Рэчыцы і інш. гарадах.

Агулам за сёньняшні дзень па ўсёй краіне затрымалі каля 40 чалавек. Cьпісы затрыманых можна знайсьці на сайце www.spring96.org

Нагадаем, што за папярэднія дні ў рэгіёнах і сталіцы былі прэвэнтыўна затрыманыя 30 чалавек.

Такім чынам, агульная колькасьць затрыманых дасягае каля 70 чалавек.

16.59

Каля ўваходу ў мэтро “Усход” сядзяць дзесяць чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Сьпяваюць.

16.47

АМАП выціскае людзей ад Нацыянальнай бібліятэкі. Пляцоўка фактычна ачышчана.

Праехалі палівальныя машыны, якія палівалі людзей вадой.

16.42

Міліцэйскія машыны езьдзяць па плошчы вакол бібліятэкі.

16.38

На станцыі мэтро “Інстытут культуры” затрыманы салігорскі актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў.

Тым часам калёна дэманстантаў, што дайшла да Нацыянальнай бібліятэкі, дайшла да трыбуны, дзе праходзіў канцэрт “За независимую Беларусь”. Разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Міліцыя заклікае разысьціся.

16.36

Маніфэстанты дайшлі да Нацбібліятэкі, канцэрт згарнулі за дзесяць хвілін да іх прыходу.

16.20

Дайшлі да “Беларусфільму”. Міліцыя карэктуе рух, заклікаючы ісьці арганізавана і не парушаць правілаў дарожнага руху.

16.15
Людзі дайшлі да вуліцы Макаёнка, перасякаюць праспэкт цераз падземны праход. Побач рухаюцца чатыры міліцэйскія аўтобусы.

Людзі сьпяваюць песьні NRM: “Паветраны шар” і “Мы пераможам”

16.10

Калёна дэманстрантаў дайшла да Дзіцячай чыгуначнай дарогі. Каля 300 чалавек. Ніякай атрыбутыкі не засталося, у руках толькі блакітныя шарыкі.

15.59 Ля будынку на пр-це Незалежнасьці, 97 у аднаго з дэманстрантаў вырвалі бел-чырвона-белы сьцяг. Калёна працягвае рухацца.

15.55
Калёна працягвае рухацца далей да Нацыянальнай бібліятэкі

15.49
Міліцыя прапусьціла людзей. Рух працягваецца. Дэманстранты скандуюць «Міліцыя з народам»

15.41
Каля Парку Чалюскінцаў зноў міліцыя перагарадзіла рух. Пачаліся «перамовы»

15.35
Іншая калёна, на чале зь Мілінкевічам, дайшла да Плошчы Якуба Коласа. Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей сядае ў мікрааўтобус.

Другая калёна дайшла да Парку чалюскінцаў і прыпынілася. Уздоўж ходнікаў ідуць міліцыянты. Да бібліятэкі едуць аўтазакі.

15.33

Насупраць крамы “Прырода” зьявілася міліцыя, становіцца ў ачапленьне. Міліцыя патрабуе згарнуць сьцягі, рух працягваецца. Удзельнічае пару тысяч чалавек. Людзі скандуюць “Жыве Беларусь”. Міліцыя прапусьціла людзей. Яны рухаюцца далей. Дайшлі да Парку Чалюцскінцаў

15.30
Тыя, хто рухаецца ў бок Нацыянальнай бібліятэкі, перайшлі вуліцу Сурганава. Ідуць далей.

Тыя, хто рухаецца ў адваротны бок, спыненыя АМАПам ля ЦУМУ. АМОН патрабуе згортваць сьцягі.

15.15
Сьвяточны мітынг на пляцоўцы перад прэзыдыюмам Акадэміі навук скончыўся гімнам «Магутны Божа». Людзі адмовіліся ісьці на Бангалор. Мілінкевіч на чале калёны дэманстрантаў ідзе ў бок плошчы Якуба Коласа.

Паступіла інфармацыя, што частка моладзі пайшла ў бок Нацыянальнай бібліятэкі.

15.07

На мітынгу каля Акадэміі навук выступілі віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч, дэпутат расейскай Дзярждумы Ўладзімір Рыжкоў, дачка Казуліна Юлія, Анатоль Лябедзька, прадстаўнік БСДП “Народная грамада” Алесь Стральцоў, дэпутатка Эўрапарлямэнту Барбара Кудрыцка, лідэр расейскага Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых, Аляксей Шэін — ад імя Паўла Севярынца, Алег Волчак, Аляксандар Вайтовіч, Уладзімер Колас.

Большасьць выступоўцаў прамаўляе ціха, слаба чуваць.

Людзі масава разыходзяцца з канцэрту. Засталіся каля трох тысяч.

Аляксандар Мілінкевіч у сваім выступе павіншаваў усіх з Днём Волі й падзякаваў прадстаўнікам краінаў Эўразьвязу. Ён заклікаў людзей усімі магчымымі сродкамі падтрымліваць дзейнасьць апазыцыі. Распаўсюджваць улёткі, газэты, кнігі. Усплёск энтузіязму моладзі выклікаў заклік не ўступаць у БРСМ. Як пачаўся выступ Мілінкевіча, машына з гукаўзмацняльнай апаратурай пад’ехала да натоўпу з боку вуліцы Акадэмічнай, і гук уключылі на поўную моц. Папярэджваюць, што ўжывуць фізычную сілу і спэцсродкі. Міліцыя пастаянна папярэджвае, што мітынг тут забаронены і прапануе ісьці на Бангалор

15.05
За менскай філярмоніяй стаяць зь дзясятак аўтобусаў і восем аўтазакаў з поўным рыштункам.

14.46
На вуліцу Дарашэвіча падцягнуліся тры аўтазакі і некалькі аўтобусаў.

14.32
Зьявіліся правакатары зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, яны п'яныя. Гэтых самых людзей бачылі летась на Дні волі

14.29
Цяпер выступае віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч.

14.25
На мітынгу выступіў Вінцук Вячорка. Грае музыка. Маладафронтаўцаў віталі авацыяй.

14.14
Людзі скандуюць “Мілінкевіч!”, “Мілінкевіч!”. Лідэр апазыцыі зьбіраецца выступіць перад народам.

14.10

Калёна на чале зь Мілінкевічам дайшла да Акадэміі Навук

14.05

Мілінкевіч выйшаў наперад калёны і цяпер вядзе людзей (каля 1500 - 2000) за сабой. Калёна рухаецца ў бок Акадэміі навук, дзе знаходзіцца асноўная маса людзей.

13.53
Мілінкевіч далучыўся да калёны людзей, якія выйшлі на праспэкт з вуліцаў Няміга і Багдановіча і цяпер рухаюцца ўздоўж праспэкту. Гэтая дадатковая калёна зь Мілінкевічам ідзе ля плошчы Якуба Коласа. Каля 1500-2000 чалавек. АМАПУ каля іх нябачна.

13.32
Загнаныя ў мэтро даехалі да “Нямігі”.

Калёна распалася, і людзі асобнымі групкамі або дабіраюцца ў бок Акадэміі навук, або дахаты. Найбольшую колькасьць людзей можна ацаніць у 5 тыс. чалавек (калі калёна, заварочвала зь Нямігі на праспэкт Пераможцаў.

13:22
Паводле інфармацыі радыё Свабода, "першыя два цягнікі мэтро, якімі людзі ехалі зь Юбілейнай плошчы, прыбылі на станцыю Першамайская, бо станцыя мэтро Кастрычніцкая не працуе. Цяпер сотні людзей пехам і наземным транспартам дабіраюцца да Акадэміі навук. Зьявілася паведамленьне, што Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей на аўтамабілі едуць да Акадэміі навук. Свабода перад тым перадала, што адна з групаў дэманстрантаў (прыкладна тысяча чалавек) у суправаджэньні спэцназаўцаў дайшла да Юбілейнай плошчы. Моладзевы актывіст Мікіта Сасім праз мэгафон заклікаў усіх людзей спусьціцца ў мэтро і ехаць да Акадэміі навук, каб там далучыцца да астатніх удзельнікаў Дня Волі".

13.18

насупраць заводу “Белвар” ў доме на пятым паверсе адзін чалавек, ня маючы бел-чырвона-белага сьцяга, апрануў чырвоны швэдар і трымае за сьпінай белаю прасьціну. Маніфэстанты яго вітаюць, жонка з кватэры ганіць, ён ад яе адмахваюцца, і яны з жонкай выразна жэстыкулююць. Людзі сьмяюцца.

Уздоўж калёны праехалі аўтамабілі з пасламі краінаў Эўрасаюзу ды ЗША. Дыпляматы віталі людзей праз адчыненыя шыбы. Маніфэстанты рэагуюць вельмі цёпла.

13.17
Людзей заганяюць у станцыю мэтро “Фрунзэнская”. Усіх загналі ў мэтро. Пасьля гэтага ўваход зачынілі.

13.05
Дэманстрантаў з калёны на праспэкце Машэрава расьсеклі. Яны ідуць на Мельнікайтэ у бок станцыі мэтро “Фрунзэнская”.

Асноўная калона дайшла да вуліцы Петруся Броўкі. У адной з кватэраў на плошчы Якуба Коласа вывесілі бел-чырвона-бела сьцяг.

13.02
На праспэкце Машэрава пачалі “шчаміць”. Людзі выцясьняюць у двары, каля кінатэатра “Масква”, пачаўся хаатычны бег. АМОН пачынае “душыць” пярэдніх маніфэстантаў

Іншая калёна дайшла да Філярмоніі.

13.00

Каля кіно “Масква” пачаўся разгон маніфэстацыі. Людзей выцясьняюць у двары. У ход ідуць дубінкі.

12.50
У бок Драздоў рухаецца каля 5 тыс чалавек. Людзі каля Палацу спорту. Міліцыя папярэджвае, што калі не разыдуцца, будзе прыменена сіла. Праз мэгафоны папярэджваюць, што мітынг дазволены на плошчы каля Акадэміі Навук, але натоўп скіроўваюць у адваротны кірунак.

Нагадаем, што існуе тры калёны дэманстрантаў. Адна рухаецца па праспэкце Машэрава, другая па вуліцы Багдановіча, трэцяя – на праспэкце Скарыны ў бок Акадэміі навук. Кіраўніцтва акцыяй пакуль не адчуваецца.

Каля магазіну “Каравай” шмат амонаўцаў, перакрываюць Плошчу Перамогі. Унутраныя войскі з адгазьнікамі. Сярод іх у крапавым барэце Паўлічэнка.

12.52

Адну калёну з дэманстрантамі завярнулі на праспэкт Машэрава (Пераможцаў) у бок Драздоў

12.45
Выхад на Плошчу Перамогі
перагароджаны аўтобусамі. Бегаюць міліцыянты. Авангард калёны дайшоў да вуліцы Казлова, хвост застаецца каля мосту цераз Сьвіслач на праспэкце, над паркам Горкага.

12.41
Іншая частка людзей знаходзіцца на рагу Багдановіча і Купалы.

12.39
Мілінкевіч зьбіты, у Кулей пашкоджана рука. Спэцназаўцы пашарпалі таксама шэраг журналістаў і замежных дэпутатаў. Ля станцыі мэтро Няміга згрупаваліся прыкладна тры тысячы чалавек.

12:35 Перадае радыё Свабода: Адна з калёнаў зараз рухаецца па Нямізе ў бок плошчы Свабоды. У калёне каля пяці тысяч чалавек. Наперадзе – маладыя людзі з расьцяжкай “Салідарнасьць”. Моладзевы актывіст Мікіта Сасім праз мэгафон заклікае мінакоў далучацца да шэсьця. І людзі гэта робяць. Як і раней, не вядома, дзе зараз Аляксандар Мілінкевіч. Ні ягоны тэлефон, ні жонкі Аляксандра Мілінкевіча Іны Кулей не адказваюць.

12.34
Частку людзей ад Плошчы адсеклі і скіравалі ў бок дому РСДРП на вуліцы Камуністычную. Кіруе ўсім Паўлічэнка. Людзі спрабуюць прарвацца назад. Большая частка ідзе з таго боку праспэкту, на якім цырк.

12.30
Частка людзей ідзе праз Нямігу, Багдановіча. Вялікая колькасьць людзей на Нямізе, каля паркінгу. Людзі ідуць у бок Бангалор. Мілінкевіча спэцназаўцы штурхнулі так, што ён упаў. Іне Кулей паранілі руку

12.35
На Плошчы Перамогі выступіў Вячорка, абмаляваў сытуацыю. Заявіў: улады парушылі папярэднюю дамову пра магчымасьць збору каля "Макдональдзу" і праходу да Акадэміі навук. Заклікаў людзей рухацца паволі, каб маглі далучыцца іншыя калёны. Людзі ідуць у бок Акадэміі навук. На Плошчы Перамогі частку людзей адсеклі

12:22
Перадае радыё Свабода: "На вуліцы Інтэрнацыянальнай спэцназаўцы пачалі зьбіваць людзей. Таксама дубінкамі зьбілі Аляксандра Мілінкевіча. Дзе ён зараз знаходзіцца, невядома. Міліцыя гоніць людзей па вуліцы Гарадзкі вал. Колькасьць пратэстоўцаў вырасла прыкладна да 4 тысяч чалавек".

12.16
Людзі паспрабавалі прарвацца на Плошчу Незалежнасьці, АМАП не пусьціў. Паламалі колькі сьцягоў. Людзі выціснутыя на Гарадзкі Вал. Людзі ад цырку пачалі рухаца да Плошчы Перамогі, бо з боку вуліцы Янкі Купалы ад адціскае падвойны шэраг спэцназаўцаў. Тут многа палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Ля цырку людзі расчлененыя на дзьве часткі. Каля цырку ўсё перагароджана, сюды бягуць міліцэйскія падмацаваньні. Да Плошчы Перамогі рухаецца да 10 тыс. чалавек.

12.01
Пад сьценамі КДБ сабраліся каля 500 чалавек. Ян трымаюць у руках бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі Менску. Зьявіліся амонаўцы і пачалі іх выцясьняць.

11.55

Каля тысячы чалавек сабраліся ля цырку. Паколькі Плошча перакрыта, яны зьбіраюцца ісьці праз вуліцу Інтэрнацыянальную да Макдональдзу. У натоўпе раздаюць бел-чырвона-белыя сьцяжкі, хустачкі з эўрапейскай сымболікай.

Аўтамабілі сыгналяць.

Ля ГУМУ людзі вядуць сябе больш актыўна, скандуюць, сьпяваюць песьні.

Уздоўж праспэкту міліцыя стаіць цераз кожныя 20 мэтраў.

11.59

Аўтобус № 100 не спыняецца на прамежку вул. Казлова – Плошча Незалежнасьці

11.27

Тым часам натоўпы людзей кіруюцца ў бок аэрапорту. Аўтобус № 100 ідзе забіты ў бок аэрапорту, на прыпынках стаяць па некалькі дзясяткаў чалавек.

Як перадае БелаПАН, невядомыя раніцай аблілі кіслатой аўтамабіль, у які ехаў Аляксандар Мілінкевіч.

11.15

Кастрычніцкая плошча перакрыта міліцыяй. Па ўсёй Плошчы стаіць ачапленьне. Перакрытыя вуліцы Інтэрнацыянальная, Леніна, Маркса. На ўсіх падыходах да Плошчы стаяць групы аўтазакаў, міліцэйскія аўтобусы. Шпацыруюць людзі ў цывільным. Міліцэйскія машыны стаяць ля Ратушы, Пляцы Волі, Інтэрнацыянальнай, у дварах вуліц Карла Маркса, Леніна, Энгельса, за цыркам, на вуліцы Пуліхава.

На Кастрычніцкай Плошчы не працуе мабільная сувязь. У ваколіцах Плошчы, Цэнтральнага, ГУМу забаронена паркавацца. У дварах вісяць абвесткі: "У сувязі з рамонтнымі работамі 25.03 з 7.00 да 15.00 забараняецца пакідаць транспартныя сродкі. Пакінутыя машыны будуць эвакуяваныя". Людзей не пускаюць у крамы на праспэкце.

10:35 Перадае радыё Свабода: Сайты шэрагу СМІ недаступныя ў Беларусі. Карыстальнікі Інтэрнэту пазбаўлены магчымасьці атрымліваць інфармацыю. Болей за гадзіну таму ў Беларусі сталі нябачнымі сайты Радыё Свабода, БелаПАН, Хартыі-97, газэты “Наша Ніва” і іншых замежных, а таксама беларускіх недзяржаўных мэдыяў.

Глядзі яшчэ:
Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча з Дня Волі
Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч з Дня Волі

0
BRRR / Адказаць
25.03.2007 / 14:01
Jak by zaraz ja hacela byc tam sa swaim narodam:(........................ale na zal zaraz znahodzusia welmi daleka
0
wol@ / Адказаць
25.03.2007 / 14:05
malajcy!trymajcesia!!!werym,mozam,peramoza!Zywe Bialorus!!!!
0
Хэш / Адказаць
25.03.2007 / 14:19
Героям слава!
Паказаць усе каментары/ 34 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру