У Оршы (Віцебская вобласць) паводле падазрэння ў тэрарызме затрымана актывістка грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Таццяна Якаўлева.

Як паведамляе сайт кампаніі, супрацоўнікі аршанскай міліцыі затрымалі Якаўлеву на аўтавакзале, куды яна прыбыла з Віцебска. Актывістку даставілі ў гарадскі аддзел міліцыі. Міліцыянеры заявілі, што яна перавозіць тратыл.

Якаўлева накіроўвалася ў пасёлак Коханава Талачынскага раёна, размешчаны прыкладна за 30 км ад Оршы, дзе сёння павінна прайсці мерапрыемства, арганізаванае актывістамі кампаніі, — дзіцячыя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і невялікі паход уздоўж мясцовай рэчкі Сакалянкі. Якаўлева везла флікеры і майкі з лагатыпам кампаніі «Наш дом», якія актывісты павінны былі ўручыць удзельнікам.

* * *

Не выявіўшы трацілу, міліцыянты заявілі, што Таццяна Якаўлева перавозіць занадта буйную партыю тавару (аж 29 маек) без адпаведных дакументаў. Як адзначае сайт кампаніі, сталі вядомыя імёны міліцыянтаў: на аўтавакзале Таццяну Якаўлеву затрымліваў старэйшы сяржант Валянцін Хромаў. У гарадскім аддзеле міліцыі апытваў маёр Уладзімір Волкаў. Выніковы рапарт падпісалі зусім іншыя міліцыянты - малодшыя сяржанты Аладкі і Леановіч. У рапарце ні слова пра падазрэнні ў тэрарызме няма.

***

Затым Таццяну Якаўлеву вызвалілі з міліцыі без складання пратакола. Фірменную прадукцыю міліцыянеры вярнулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?