25.03.2007 / 19:27

Улада з апазыцыяй згулялі ўнічыю У расколатым грамадзтве захоўваецца статус-кво 11

Уладам не ўдалося маргіналізаваць сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску. Гэта было — з улікам усіх перашкодаў — дастаткова шматлюднае шэсьце. Але палітычным крэатывам арганізатары не сказаць каб бліснулі. Перад апазыцыяй востра стаіць праблема стратэгіі. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Такім чынам, уладам не ўдалося маргіналізаваць сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску. Гэта было — з улікам усіх перашкодаў — дастаткова шматлюднае шэсьце. Але палітычным крэатывам арганізатары не бліснулі. Перад апазыцыяй востра стаіць праблема стратэгіі.

Напярэдадні шматкроць паўтарылі, што гэта тэст для ўладаў перад Эўропай. Масавая частка акцыі абышлася без асаблівай брутальнасьці, але казаць, што ўлады надта ўжо выстрэнчвалі перад замежнікамі, не выпадае. Ніякі тэст здаваць яны, падобна на тое, і не зьбіраліся. Адпрацавалі паводле звыклай ўжо тэхналёгіі.

Прэвэнтыўная зачыстка — раз, сёньняшні "прэсынг па ўсёй пляцоўцы" — два. Нарэшце, спробы апазыцыйнай моладзі дапяць да "алмазу ведаў", дзе ладзілася афіцыёзная імпрэза, наткнуліся на ланцуг сілавікоў. Калі пішуцца гэтыя радкі, працягваюць паступаць зьвесткі пра інцыдэнты. Без гузакоў і затрыманьняў, здаецца, усё ж не абышлося. Вось вам і кансалідацыя...

Але, так ці іначай, сьвята адбылося.

Палітоляг Уладзімір Роўда адзначае дысцыплінаванасьць, адказнасьць удзельнікаў акцыі — "кожную клюмбу абыходзілі". Аднак ён лічыць, што мітынг дя Акадэміі навук атрымаўся ня надта натхняльным. І не таму, што палову прамоў заглушылі міліцэйскія дынамікі. Народ пачаў пакрысе разыходзіцца яшчэ раней.

"Усё было чакана, традыцыйна, — кажа Роўда. — Апазыцыя не прадэманстравала нейкага ноў-хаў". Ён мяркуе, што на колькасьці ўдзельнікаў адбілася ня толькі прэвэнтыўная зачыстка, але і тое, што цягам году працы з насельніцтвам, пра якую столькі казалі, амаль што не было.

Завітаўшы потым на пляц ля Нацыянальнай бібліятэкі, я зноў перажыў адчуваньне, што сёньня ў розных вымярэньнях суіснуюць дзьве Беларусі. Цалкам сувэрэнныя :) У іх розныя сьцягі. У іх насельнікаў рознае сьветаадчуваньне.

Але ж краіна ў нас адна. І сёньня яна на цяжкім скрыжаваньні.

Перад апазыцыяй востра стаіць праблема стратэгіі. Ці падорыць моцныя ідэі чарговы кангрэс, на дэбаты вакол якога спалена ўжо столькі пораху, — вялікае пытаньне.

Зрэшты, палітоляг Валер Карбалевіч мяркуе, што хаця хібаў у апазыцыі сапраўды стае, але сёньня яна аб'ектыўна ня можа моцна ўплываць на хаду падзеяў.

Дык што, пугай абуха не пераб'еш?

Карбалевіч мяркуе, што на той абух хутчэй здольныя паўплываць нейкія вонкавыя ды эканамічныя чыньнікі.

Але ж і момант крызы апазыцыя можа сустрэць па-рознаму! Падчас мінулай нафтагазавай вайны ў яе як мову адняло, хаця што да палітычнага піяру момант быў выключна выйгрышны.

То бок пытаньне мабілізаванасьці застаецца.

Я ж сёньня з задавальненьнем глядзеў на моладзь.

Яе было на акцыі шмат. І колькі б ні ладзілася добраахвотна-прымусовых імпрэзаў з папсой, псэўдафальклёрам і пахам смажняў, — яе, моладзь, кіроўныя вярхі ўсё адно прайграюць.

Ну а сёньня ўлада з апазыцыяй, бадай што, згулялі ўнічыю.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Ales_Shame@tut.by / Адказаць
25.03.2007 / 20:48
Выдатная ідэя - пайсці да "Алмаза ведаў" нажаль яна прыйшла ў галаву толькі колькім сотням маладзёнаў.
0
Scaner / Адказаць
25.03.2007 / 21:12
Мне сёння таксама думка пра нічыю прыходзіла :). Патрэбна каб на мерапрыемствах было цікава і ня страшна.Тады людзей будзе значна больш. Назіраў і за БРСМ.Нешта накшталт былых першамайскіх дэманстрацый. Школьнікаў 9-10 класаў уогуле вялі строем настаўнікі. Натоўп быў абсалютна інертны.Мне здаецца, ніхто там пра Беларусь не думаў-проста абавязковае мерапрыемства. Але ужо сама тэма мерапрыемства БРСМ - год назад ім бы і у галаву не прыйшла.
0
Пятрок / Адказаць
25.03.2007 / 23:05
Рэдактару.з якiх пор у вас жорсткая цэнзура?
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру