— Гэта правакацыя! — лічыць старшыня савета ветэранаў Ленінскага раёна Павел Панасюк.

Аказваецца, чалавека з партрэтам генералісімуса ўдзельнікі розных патрыятычных акцый бачылі не ўпершыню. Мужчына пенсійнага ўзросту не са складу ветэранаў, на іх заўвагі не рэагуе, прапановы сысці ігнаруе. Значыць, гэта не правакацыя — гэта грамадзянская пазіцыя. Чыя?

Вось што сказаў кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «За Саюз і камуністычную партыю Саюза» (СКПС) Уладзімір Дземідзенка:

— Тое, што Сталін быў вялікім кіраўніком і вельмі моцнай, выбітнай асобай, адзначалі многія яго сучаснікі, уключаючы маршала Жукава і брытанскага прэм’ера Чэрчыля. Пры ім Савецкі Саюз за 15 гадоў ператварыўся з лапцевай Расіі ў супердзяржаву. А ролю таварыша Сталіна ў нашай перамозе над фашысцкай Германіяй проста немагчыма пераацаніць. Калі б не было яго на чале дзяржавы і партыі, мы прайгралі б гэтую вайну. Тое, што кажуць пра рэпрэсіі, шмат у чым перабольшана. Так, былі неабгрунтавана рэпрэсаваныя, але не дзясяткі мільёнаў, а значна менш. З іншага боку, і ворагі народа, шпіёны, дыверсанты таксама былі. З імі неабходна было неяк змагацца. Бо яны хацелі разбурыць дзяржаву яшчэ ў трыццатыя гады. Потым, на жаль, усё ж развалілі яе ў пачатку 90-х. Так што палітыка Сталіна, накіраваная на ўмацаванне магутнасці Савецкага Саюза, на пабудову сацыялістычнага грамадства без прыгнёту народа, была правільнай. Яго крытыка ў наступныя гады шмат у чым неабгрунтаваная. І ў тым, што людзі нясуць яго партрэты побач з сцягам СССР, ёсць прызнанне велізарных заслуг гэтага чалавека перад нашай Бацькаўшчынай.

Гэта меркаванне сучасніка, які не бачыў вайны. А што кажуць на гэты конт ветэраны Вялікай Айчыннай?

— Сябры нашай ветэранскай арганізацыі ўслаўленне Сталіна не падтрымліваюць, — упэўнены Павел Панасюк. — Роля Сталіна ў гісторыі акрэсленая, яго злачынствы названыя, маштабы рэпрэсій вядомыя. Дарэчы, мой бацька таксама быў рэпрэсаваны, яго расстралялі ў 197 годзе, і рубцы ў маёй душы да гэтага часу не зажылі, як і ў мільёнаў такіх жа нявінных ахвяраў рэжыму. Зноў ўзвялічваць Сталіна за тое, што выйграў вайну? Але перамог не ён — фашыстаў разграміў увесь савецкі народ пад камандаваннем палкаводцаў — Жукава, Конева, Маліноўскага… Вось калі б іх партрэты неслі на чале калоны 9 траўня, гэта было б правільна.

Партрэтаў маршалаў Жукава, Васілеўскага, Ракасоўскага, які камандаваў франтамі па вызваленні Беларусі, генералаў войскаў, якія вызвалялі Брэст, ганаровых грамадзян горада ў святочнай калоне не было. Быў партрэт Сталіна — недальнабачнага стратэга, генералісімуса, на якім ляжыць адказнасць за няўдачы ў пачатку вайны, якія прывялі да каласальных ахвяраў і страт, палкаводца, што не нюхаў пораху. Але правадыра, якому дзясяткі гадоў пакланяўся шматмільённы народ вялікай краіны — бедныя, галодныя, запалоханыя людзі, якія мелі адну веру і адну надзею — на бацюшку Сталіна.

Мы з абурэннем успрымаем паведамленні аб праявах неанацызму дзе б там ні было — фашызм асуджаны і не мае права на жыццё, нават калі асобныя малойчыкі ці групы лічаць, што Гітлер быў «буйной гістарычнай фігурай», «правадыром нацыі», навёў у краіне парадак «жалезнай рукой» і да т. п. Германія ні разу не рабіла спробы абяліць свайго былога лідара: бесчалавечны рэжым, які быў накіраваны на знішчэнне іншых народаў і ў канчатковым выніку паставіў на мяжу выжывання свой, — найгоршая з заганаў чалавецтва.

Сталінізм як праява генацыду ў СССР атрымаў ацэнку гісторыі і прысуд уласнай дзяржавы. Хай не было Нюрнбергскага працэсу — ХХ з’езд партыі ў 1956-м быў найвышэйшым кіроўным органам у краіне. Але і праз 50 з лішнім гадоў мы на свае вочы бачым праявы неасталінізму. Адкуль гэта? Ад палавіннай праўды. Ад нежадання расставіць усе кропкі над i, затаўраваць як злачынства масавыя рэпрэсіі і забойствы, адрачыся ад псеўдагероя.

Некалькі гадоў таму, калі ўзнікла ідэя «ўпрыгожыць» Красную плошчу 9 мая партрэтам Сталіна, расійскія ўлады сказалі рашучае «не» і здолелі паставіць заслон «другому прышэсцю» «правадыра народаў». Няўжо Брэст, чыя крэпасць была гераічным фарпостам на шляху «карычневай чумы», не ў сілах праз 67 гадоў ізноў паказаць мужнасць уласнаму народу і шматлікім гасцям і катэгарычна спыніць спробы падняць на шчыт «гістарычную асобу», чыя роля ў лёсах многіх краін пакінула крывавы след?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?