Агулам на Дзень Волі ў абласным цэнтры затрымалі васямнаццаць чалавек, зь іх пяцёра — непаўналетнія.

Плошча Свабоды ў Віцебску, як і напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, была застаўлена тэхнікай. На плошчу дэмакраты Віцебска запрашалі людзей адсвяткаваць Дзень Незалежнасьці.

Агулам на Дзень Волі ў абласным цэнтры затрымалі васямнаццаць чалавек, зь іх пяцёра — непаўналетнія. У віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня мусяць правесьці ноч сябры КХП БНФ Ян Таўпыга, Ян Дзяржаўцаў, Алесь Пазьняк і адзін з старэйшых віцебскіх апазыцыянэраў Барыс Хамайда. Іх затрымалі зь бел‑чырвон‑белымі сьягамі. Іншых затрыманых адпусьцілі, па непаўналетніх прыехалі іхныя сваякі.

Пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях склалі на дванаццаць чалавек, заўтра іх будуць судзіць у Кастрычніцкім ды Чыгуначным райсудах.

Паводле аповедаў затрыманых, яны меркавалі прайсьці вуліцай Леніна да помніка Ўладзімеру Караткевічу, каб ускласьці кветкі. Двойчы міліцыянты перапынялі рух актывістаў, якія ішлі парамі па ходніках, і адвозілі некалькі чалавек у пастарунак.

Такім чынам, да помніка пісьменьніку‑земляку прадстаўнікі віцебскае грамадзкасьці трапілі толькі каля 16‑й гадзіны — калі іх выпусьцілі з райаддзелу міліцыі.

А каля 9‑й вечара нацыянальны сьцяг залунаў над так званым Духаўскім круглікам – цаглянай вежай, якую цяпер адбудоўваюць паводле гістарычных дакумэнтаў каля летняга амфітэатру.

Сьцяг міліцыянты здымалі на вачох у мінакоў з дапамогаю супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Ня меншы інтарэс жыхароў Віцебску выклікала тое, што надзіманыя балёнікі, прымацаваныя да сьцяга, міліцыянты расстралялі з пнэўматычных пісталетаў.

На цэнтральных віцебскіх вуліцах па‑ранейшаму шмат патрулёў у міліцэйскай форме, а недалёка ад абласной управы КДБ стаіць аўтобус, запоўнены людзямі ў цывільным. За прадстаўнікамі незалежных мэдыяў па‑ранейшаму сочаць невядомыя людзі ў цывільным. Міліцыянты не рэагуюць на скаргі пра тое, што грамадзянаў пільнуюць невядомыя асобы.

Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага райаддзелу Аляксандар Каліноўскі паабяцаў мясцовым незалежным журналістам і праваабаронцам адказаць на ўсе пытаньні адносна сёньняшніх затрыманьняў. Яго чакалі больш як паўгадзіны, аднак спадар Каліноўскі на абяцанае інтэрвію так і ня выйшаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?