06.06.2012 / 17:51

Брэдберы: «У бліжэйшыя гады мы вернемся на Месяц» 7

Памёр класік сусветнай літаратуры Рэй Брэдберы.

«Віно з дзьмухаўцоў», «Пра бадзянні вечныя і пра зямлю», «Слуп вогненны», «Марсіянскія хронікі», «451 градус па Фарынгейту». Яго творы такія розныя. Цяжка паверыць, што іх пісаў адзін і той самы аўтар.

Брэдберы стартаваў у 1953 магутнай антыўтопіяй.

У «Фарынгейце» ён паспрабаваў давесці да максімальнай хуткасці тое паскарэнне жыцця, якое назіраў у ЗША 1950-я. Людзі перастаюць чытаць, не маюць часу спыніцца і задумацца, становяцца рабамі тэлебачання, рабамі забаваў.
Жыццё зводзіцца да працы і забаваў пасля яе – і ўрэшце грамадства (само, без умяшальніцтва ўлады) прыходзіць да думкі пра шкоднасць кніг – крыніцы незразумелай і супярэчлівай інфармацыі. А таксама пра небяспеку тых, хто іх чытае...

Брэдберы, напэўна, было цікава назіраць за сучаснай інтэрнэт-цывілізацыяй. За тым, у якой частцы спраўдзіліся яго прагнозы. Зрэшты,

хто ведае, якім быў бы свет без папярэджанняў, кшталту «Фарынгейту»
Брэдберы, «1984» Оруэла, «Вайны з саламандрамі» Чапека...
«451 градус па Фарынгейту» быў упершыню апублікаваны, дарэчы, у часопісе «Плэйбой» і адразу зрабіў Брэдберы славутым.

Бурлівае развіццё тэхналогій, прарыў чалавека ў космас у ХХ стагоддзі нарадзілі ў літаратуры плынь навуковай фантастыкі. З усмешкай можна сёння чытаць пра «збудаваныя» Брэдберы гарады будучыні на Марсе, абсталяваныя дротавымі тэлефонамі 1960-х і іншымі атрыбутамі часоў напісання апавяданяў, але ёсць у творах тое, што, не старэючы, дажыве і да 2200-га.

Выпраўляючы герояў у іншую галактыку, аўтар заставаўся на Зямлі: з вечнай праблемай чалавечага выбару, адзінотай падчас таго выбару і марнасцю многіх спадзяванняў.
Змрачнаваты погляд у будучыню, стаіцызм, родніць Брэдберы з такім непадобным да яго пісьменнікам як Васіль Быкаў.

Няма Лема, Вонегута, Сэлінджэра. Брэдберы быў адным з апошніх вялікіх пісьменнікаў, па творах якіх нашчадкі будуць вывучаць светапогляд людзей ХХ стагоддзя.

Супастаўляючы напісанае пра іх час з рэальнасцю, насельнікі 2200-га года змогуць зразумець, як бачылі свет іх далёкія продкі, «каму маліліся, чаго яны шукалі».
Творы Брэдберы – як ліст з той знойдзенай у моры бутэлькі, пра якую пісаў Максім Багдановіч.

* * *

Рэй Брэдберы нарадзіўся 22 жніўня 1920 года ў горадзе Уокіган, штат Ілінойс.
Другое імя - Дуглас - ён атрымаў у гонар знакамітага акцёра таго часу Дугласа Фэрбенкса. Яго бацька быў нашчадкам англічанаў-першапасяленцаў, а маці -- шведкай.

Падчас Вялікай дэпрэсіі сям'я Р. Брэдбэры пераехала ў Лос-Анджэлес. Там Рэйманд скончыў сярэднюю школу, але ў каледж паступіць не змог.

«Замест каледжа я скончыў бібліятэкі», казаў Брэдберы.

Усё жыццё Рэй Брэдбэры кахаў адну жанчыну - Маргарэт. Яны пажаніліся ў 1947. Маргарэт некалькі гадоў шмат працавала, каб Рэй мог неадрыўна пісаць. Яны разам пражылі доўгае жыццё, выхавалі чатырох дачок. Маргарэт памерла ў 2003.

Брэдберы зразумеў, што хоча быць пісьменнікам, у 12 гадоў. У сваіх ранніх творах ён імітаваў стыль віктарыянскай прозы Эдгара По.

Апавяданні Рэя Брэдбэры пачалі публікавацца ў танных часопісах,
што друкавалі мноства фантастычнай прозы, часта і не вельмі якаснай. І толькі зборнік «марсіянскіх» апавяданняў («Марсіянскія хронікі») стаў яго першым камерцыйным поспехам.

Пасля напісання ў 1953 рамана “451 градус па Фарэнгейту”, апублікаваны ў першых нумарах часопіса Playboy яго слава зрабілася сусветнай.

Рэя Брэдбэры часта называюць мэтрам фантастыкі, заснавальнікам многіх традыцый жанру. Фактычна ж Брэдбэры не з'яўляецца фантастам,

яго творчасць варта аднесці да «вялікай», пазажанравой літаратуры, ды і праўдзіва фантастычных твораў у яго толькі малая доля.

Яго апошні раман выйшаў у 2006, амаль штогод выходзілі і зборнікі новых апавяданняў.

Яшчэ адным захапленнем Брэдбэры была архітэктура: разам з дэвелаперам Йоном Жэрдзеў ён пабудаваў у Сан-Дыега (Каліфорнія), сіці-мол, які стаў самай папулярнай гандлёвай кропкай горада.

* * *

Правілы жыцця Рэя Брэдберы

Што такое Сусвет? Гэта вялікі тэатр. А тэатру патрэбна публіка. Мы - публіка. Жыццё на Зямлі створана для таго, каб сведчыць і атрымліваць асалоду ад спектакля. Вось навошта мы тут. А калі вам не падабаецца п'еса – пайшлі прэч адсюль!

У бліжэйшыя гады мы вернемся на Месяц. Мы паляцім на Марс і абжывемся там на бліжэйшыя пару сотняў гадоў. А потым, трэба думаць, паляцім на Альфу Цэнтаўра.

У мяне сышло 10 гадоў на тое, каб напісаць 1 ніштаваты аповяд.

Калі мы з Мэгі пажаніліся 60 гадоў таму, у нас не было грошай. На нашым банкаўскім рахунку было 8 даляраў. Першыя два гады ў нас нават не было тэлефона. Мы здымалі маленечкую кватэрку ў Венісе, па суседстве з бензазапраўкай. Там на сцяне і вісеў мой першы тэлефон. Я выбягаў да яго, браў трубку, а людзі думалі, што тэлефануюць мне дадому. Не было нават тэлефона, што ўжо казаць пра машыну. Але ведаеце, што ў нас было? Каханне.

Мы ўсе - машыны часу. Вось чаму ўсё сваё жыццё я захапляюся старымі. Таму што я ведаю: вось зараз націсну яго патаемныя кнопку і апынуся ў 1900 годзе. Або на Грамадзянскай вайне ... А ў дзяцінстве я сустракаў ветэранаў Грамадзянскай вайны!

Усе дзяўчаты, з якімі я сустракаўся ў маладосці, былі бібліятэкаркамі.

У добрым шлюбе людзі заўсёды вучаць адзін аднаго. Вы вучыце адзін аднаго навуцы жыцця. Штодня датыкаючыся, лежачы на адной падушцы, вы міжволі ўплываеце адзін на аднаго.

Нельга пісаць розумам - трэба быць у пісанні, пражываць жыццё над машынкай.

Не спрабуйце ўсачыць за ўсімі фільмамі з іх выбухамі і іншай банальнасцю. Сачыць трэба за вялікімі рэжысёрамі. Вось нядаўна я перагледзеў «Лоуренса Аравійскага» Дэвіда Ліна. Я душу б заклаў, каб толькі напісаць сцэнар для гэтага рэжысёра.

Добры кінарэжысёр павінен быць пісьменнікам. Ён павінен быць поўны дэталямі.

Нельга жыць як дзіця, якое чакае Калядаў з падарункамі пад ялінкай. Усё сваё жыццё я прачынаюся і кажу сабе: «Я ўвесь час чакаў менавіта гэтага дня».

Трэба пастаянна быць у стане закаханасці ў што-небудзь. У маім выпадку - у кнігі, у пісьменніцтва.

Калі чаго-небудзь не любіш - не рабі гэтага. І наадварот, калі любіш, здужаць што заўгодна.

Я хаджу на прыёмы ў Галівудзе, бачуся са знакамітымі рэжысёрамі і прадзюсарамі. І па вяртанні пытаюся ў свайго страўніка: «Ну як?". І бывае, страўнік адказвае: «Э-э-э-э». І калі так, я больш туды ні нагой. Мой страўнік ведае, гляджу я ў твар хлуса або злодзея, а то і проста дурнога чалавека.

Я не думаю пра смерць, таму што я буду тут заўсёды. Гэты скрыню з маімі фільмамі і паліцы з маімі кнігамі пераконваюць, што сотня-іншая гадоў у мяне ў запасе ёсць.

Смерць - гэта форма расплаты з космасам за цудоўную раскоша пабыць жывым.

Пра сябе я ведаю: я рабіў добрую працу кожны дзень майго жыцця, 80 гадоў. Гэта, халера, выдатна, праўда?

Паводле Еsquire.ru

0
чалавек / Адказаць
06.06.2012 / 18:01
Вечны адпачынак сапараўднаму таленту!
0
Сяргей М. / Адказаць
06.06.2012 / 18:07
Шкада... Адзін з найлепшых фантастаў свайго часу.
0
Гай Монтэг / Адказаць
06.06.2012 / 18:11
Такія людзі не паміраюць. Добрая памяць Чалавеку.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру