У тэксце пераказваецца артыкул у аўстрыйскай газеце «Der Standard» пра беларускіх рок-музыкаў і эміграцыю інтэлекту з нашае краіны. Тэкст завершаны гэтакім сказам: «Са словаў спевака Лявона Вольскага, якія прыводзяцца ў артыкуле, у краіне ідзе „халодная грамадзянская вайна“, бо нацыя расколатая».

Маю ўвагу прыцягнуў як загаловак тэксту, гэтак і Лявонавы словы. Трохі займаючыся гісторыяй ідэяў і тэрмінаў (да гэтага змушае даследчыцкая праца), я парадаваўся за Валера Карбалевіча.

Думку пра тое, што ў Беларусі ідзе халодная грамадзянская вайна, Валер Карбалевіч ці не ўпершыню выказаў у эфіры, выступаючы 20 студзеня 2011 года на «Белсаце». Фрагмент гэтае перадачы можна знайсці ў інтэрнэце.

5 сакавіка мінулага года словы Валера Карбалевіча пра грамадзянскую вайну цытавала Еўрапейскае радыё.

Паколькі я, апроч футболу, ніякіх тэлеперадачаў не гляджу, а пра хвалі Еўрапейскага радыё не маю ўяўлення (няхай дзяўчаты і хлопцы з ЕР мне даруюць), то, лічу, выказаў думку пра халодную грамадзянскую вайну ў Беларусі незалежна ад Валера Карбалевіча. Летась 5 кастрычніка я напісаў, а 6-га разьмясціў на сваёй старонцы ў ЖЖ артыкул «Нельга даць ашукаць сябе і самім падмануцца». У гэтым артыкуле я пісаў: «Давялося чытаць, што Беларусь 17 гадоў знаходзіцца на ваенным становішчы. Можна ўдакладніць: у Беларусі вось ужо 17 гадоў ідзе халодная грамадзянская вайна». І прыводзіў свае аргументы.

Цяпер, пакорпаўшыся ў сеціве, я прызнаю аўтарства і прыярытэт Валера Карбалевіча у выказванні абсалютна слушнае думкі наконт халоднае грамадзянскае вайны ў нашай краіне.

У тым, што пэўная думка слушная, можна пераканацца тады, калі яна паўтараецца іншымі людзьмі незалежна ад яе сапраўднага аўтара (гэтым іншым быў я), калі яна пайшла «гуляць» сама па сабе і калі аўтара ўжо цяжка або цяжкавата знайсці. Так здарылася і з выказваннем Валера Карбалевіча. Пра тое сведчаць не толькі цытаваныя аўстрыйскай гаетай словы Лявона Вольскага. Гэтую думку ў тым жа сеціве я вычытаў у адным з каментароў да пэўнага тэксту на сайце Хартыі’97.

Не магу не стрымацца, каб не дадаць: у адрозненне ад нашых маладзейшых палітолагаў, Валер Карбалевіч мае за плячыма гістарычны факультэт БДУ, калі студэнты мусілі чытаць (а старанныя студэнты і самі чыталі) і «Класавую барацьбу ў Францыі», і «18 брумера Луі Банапарта», і «Грамадзянскую вайну ў Францыі», і «Рэвалюцыю і контррэвалюцыю ў Нямеччыне». Нашы маладзейшыя магістры і нават дактары палітычных навук, як правіла, класікаў не чыталі, а таму перыядычна трызняць аб лібералізацыі і нават беларусізацыі рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?