Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў наведае з афіцыйным візітам Інданезію і Лаос, паведаміў 7 чэрвеня на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

11–13 чэрвеня кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства будзе знаходзіцца ў Інданезіі. У Джакарце запланаваны сустрэчы з прэзідэнтам, міністрам замежных спраў, спікерам інданезійскага парламента, міністрамі абароны, гандлю, адукацыі, даследаванняў і тэхналогій. Будзе абмеркаваны ўвесь спектр пытанняў беларуска-інданезійскіх адносінаў, паведаміў Савіных.

Паводле яго слоў, Мартынаў таксама сустрэнецца са старшынёй гандлёва-прамысловай палаты Інданезіі «для абмеркавання актуальных кірункаў гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння».

Плануецца правядзенне двухбаковай сустрэчы з генеральным сакратаром Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, падчас якой будуць абмеркаваны перспектывы пашырэння супрацоўніцтва Беларусі з гэтай арганізацыяй.

Міністры замежных спраў падпішуць мемарандум аб узаемаразуменні і двухбаковых кансультацыях знешнепалітычных ведамстваў.

13–15 чэрвеня Мартынаў наведае Лаос. Падчас візіту запланаваны сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны, міністрамі замежных спраў, прамысловасці і гандлю, навукі і тэхналогій для абмеркавання пытанняў палітычнага, гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?