Ужо шмат гадоў беларусы думаюць і разбіраюцца, адкуль слабасць іх нацыі. Разам з імі думаюць пра гэта і рознага кшталту сябры беларускай справы за яе межамі, даследчыкі гісторыі, палітолагі, грамадскія дзеячы ці нават некаторыя простыя людзі. Цікавіць гэта і мяне, паляка, які больш за 10 гадоў назірае за беларускай рэчаіснасцю. Часта ўдзельнічаю ў розных сустрэчах і дыскусіях, дзе ўзнікае пытанне, чаму беларусы няздольныя вызваліцца. Чаму яны такія бездапаможныя? Чуў і бачыў шмат спробаў адказу, якія вы ўсе вельмі добра ведаеце, бо яны бясконца паўсюль паўтараюцца. Але апошнім часам з вялікай сілай ударыла мяне думка, што

асноўнай прычынай можа быць праблема, пра якую амаль ніколі ніхто не гаворыць. Праблема, якая ў беларускім асяроддзі — штосьці накшталт табу, што кожны абыходзіць і свядома не кранае, бо сам з ёю не разабраўся.
Гэтая праблема — слабасць беларускай сям’і.

Але ўсё па чарзе. У Варшаве рэгулярна адбываюцца сустрэчы з беларускімі аўтарытэтамі, інтэлектуаламі, людзьмі культуры. У час адной з такіх сустрэчаў у верасні 2010 года паважаны госць з Беларусі сказаў, што цяперашнія ўмовы ў гэтай краіне не адрозніваюцца ад акупацыі, і таму варта карыстацца метадамі тых часоў. Ён прывёў прыклад акупаванай у час Другой сусветнай вайны Польшчы, дзе немцы выразалі выкладчыкаў, зачынялі школы, душылі культуру і нацыянальную свядомасць людзей. У той час падпольныя настаўнікі сустракаліся з дзецьмі і моладдзю на кватэрах і вялі з імі размовы. Расказвалі ім пра культуру, пра сапраўдную гісторыю, пра мову. Такім чынам яны выратавалі вялікую частку маладога пакалення ад ператварэння ў рабоў. І такое, сказаў беларускі аўтарытэт, МОЖНА рабіць у нас! Гэтага міліцыя не здолее праверыць ці забараніць. Ніхто не можа табе забараніць размаўляць з дзіцем дома пра праўду.

Я быў уражаны. Падумаў, што сапраўды так і ёсць! Мабыць, не дэманстрацыі, не вулічныя пратэсты — дарога да вызвалення Беларусі, але штосьці, што ў нас называецца «працай у асновах», — адукацыя грамадства, узбуджэнне і пашырэнне яе свядомасці. Гэты погляд асабліва ў мяне ўзмацніўся пасля снежня 2010 года. Стала ясна, што маладыя людзі, якія пратэставалі на плошчы, масава трапляюць у турмы, страчваюць месцы ва універсітэтах, страчваюць свой час, свае шанцы на развіццё, трапляюць ў ізаляцыю, а пазней — у эміграцыю. А тым часам Беларусі патрэбныя нацыянальныя эліты, моцны слой грамадства, які ўзначаліць рух на карысць пераменаў і які пазней накіруе краіну ў правільны бок, калі гэтыя змены прыйдуць.

І цяпер, калі ідзе размова пра тое, што рабіць пасля 19 снежня, як далей змагацца, я кажу: сустракацца з дзецьмі і з моладдзю на кватэрах. Расказваць ім пра беларускую мову і гісторыю. Тлумачыць ім, што тое, пра што расказваюць у школах, — глупства, каб у гэта не верылі. Калі прыйдзе міліцыя, хутка прыкінуцца, што адбываецца нейкае мерапрыемства, напрыклад, вяселле. Міліцыя кантралюе вуліцы, але кватэры — пакуль не.

А потым здарылася самае цікавае. Я сустрэўся з дзіўнай, неадназначнай рэакцыяй маіх беларускіх калегаў. Яны часам маўчалі, часам глядзелі ў зямлю, і я вельмі рэдка чуў сапраўдныя словы падтрымкі гэтай ідэі. Мяне гэта спачатку здзівіла: гэта ж проста, не трэба рэсурсаў, не трэба грошай, рызыка нізкая, кожны самастойна можа гэта рабіць! Пачуў адказы ў стылі: ''Ну так, толькі дзе знайсці такіх дзяцей…» Як гэта? Спачатку ў сям’і, у сяброў. Але тое, што для мяне здалося натуральным, шмат хто проста не ўспрыняў. Я пачаў цікавіцца, чаму ў беларусаў такая неахвота арганізаваць «падпольныя школы». Тым больш што шмат у каго з маіх калегаў якраз дзеці узросту 2–7 гадоў, якія хутка ідуць у школу, і трэба думаць, як іх падрыхтаваць да прапаганды.

Я, здаецца, знайшоў адказ, калі зразумеў існаванне іншай, больш глыбокай праблемы. Але спачатку прыклады.

Першы знаёмы, свядомы беларус, цікавіцца гісторыяй, ідэйны прыхільнік глыбокіх зменаў у краіне, шмат чаго робіць для беларускай справы, беларускамоўны. Але, як у хуткім часе высветлілася, не для ўсіх, бо яго жонка увогуле НЕ РАЗУМЕЕ беларускай мовы. Калі яна яе пачула, то падумала, што гэта польская.
У іх ёсць дзіця. Другі знаёмы, таксама свядомы, беларускамоўны, але калі мне здарылася аднойчы паразмаўляць з яго жонкай па інтэрнэце, яна пісала толькі па-расійску. У іх таксама ёсць дзіця.
Трэці знаёмы, беларускі студэнт у Польшчы, змагар за мову і за свабоду, са сваёй дзяўчынай размаўляе толькі па-расійску.
Чацвёртая сяброўка, беларускамоўная, але не з бацькамі і не са сваёй малодшай сястрой. Як яна сказала, ёй не хочацца гэтым займацца: калі сястра пойдзе ў школу, тады вывучыць беларускую.

У такі момант з’яўляецца пытанне:

на якой мове яны выхоўваюць альбо будуць выхоўваць сваіх дзяцей? Якія ідэі і каштоўнасці яны ім перадаюць? Як выглядае асяроддзе, у якім расце дзіця ў першыя, самыя важныя гады жыцця? Ці будзе яно лічыць беларускую мову роднай? І ці трапіць яно ў беларускамоўную школу?

Сямейная сітуацыя беларусаў — гэта тэма, якую рэдка закранаюць у размовах. Гэта вельмі прыватная тэма; нязручна пытаць людзей, а тым больш нязручна каментаваць. Калі, стоячы на плошчы, вы падумаеце, што людзі побач з вамі — гэта грамадства, то паглядзіце ўверх, на святло ў вокнах дамоў. Менавіта там — асноўная ячэйка грамадства. Дом, сям’я.

Калісьці сястра маёй мамы, калі яшчэ была дзіцем, вярнулася са школы заплаканая. Там паведамілі, што памёр Берут, добры і сумленны кіраўнік краіны, бацька народа, сябра дзяцей. Тады мае бабуля і дзед правялі з ёй сур’ёзную размову і сказалі, што так гавораць толькі ў школе, а насамрэч няма чаго плакаць, бо Берут — бандыт і злачынца. І так рабіла большасць польскіх сем’яў
. Стварылася паралельная адукацыя — у школе праводзілі прапаганду, а дома яны даведваліся праўду. Гэта дзейнічала таму, што
асноўная ўстанова краіны — сям’я — была мацнейшая за дзяржаўныя органы.

Дом і сям’я — гэта месца, дзе мы выхоўваем сваіх дзяцей. Гэта крэпасць, у якой няма месца ўсяму гэтаму бруду і палітычнаму маразму.

Бацькі павінныя перадаваць дзецям асноўныя каштоўнасці — павагу да Радзімы, да мовы і рыхтаваць да таго, што калі яны пойдуць у школу, то пачуюць шмат хлусні.

Я заўважыў, што некаторыя беларускамоўныя беларусы не могуць дамовіцца са сваімі бацькамі. Паміж імі альбо канфлікт, альбо нейкая дзіўная нейтральнасць. Іх дзейнасць на бацькоў, на братоў і сясцёр неяк не ўплывае; здаецца, яны не вельмі часта пра гэта размаўляюць. Скажу болей: адчуванне, што ў гэтых беларускамоўных ёсць нейкі сорам. Агітаваць людзей на вуліцы, дзейнічаць у партыі, размаўляць з чужымі людзьмі наконт зменаў у краіне — гэта нармальна, але каб размаўляць з сям’ёй — гэта ўжо праблема. Як яны хочуць пераканаць грамадства, калі не могуць пераканаць бацькоў, самых блізкіх людзей, якія ім давяраюць? Як яны хочуць змагацца з русіфікацыяй у краіне, калі яны дазволілі, каб «вораг» увайшоў у іх дом, у галовы іх родных?

Часам людзі паводзяць сябе так, што, здаецца, быць беларускамоўным, нацыянальна свядомым беларусам — гэта нейкая нефармальнасць, субкультура. Як быць анімэшнікам альбо металістам. Для іх гэта стыль жыцця бунтаўніка, каб адрознівацца. Але гэта не настолькі сур’ёзна, каб «дурыць мазгі» бацькам або братам. Гэтыя

людзі павінныя зразумець, што гэта не альтэрнатыўнасць, а НАРМАЛЬНАСЦЬ.

На маю думку, каб Беларусь стала свабоднай, дэмакратычнай краінай, а беларусы — здаровай і моцнай нацыяй, абавязкова трэба ўзмацніць структуру сям’і. Трэба ачысціць дом, каб ён зрабіўся маленькай Беларуссю, пра якую вы марыце. І толькі пасля, калі гэта атрымаецца, змяняць усю краіну.

Трэба выхоўваць дзяцей ад нараджэння на роднай мове, размаўляць з імі пра каштоўнасці.
Калі гэта атрымаецца, то запрашаць іншых дзяцей. І вучыцца, рабіцца адукаваным, культурным і шчырым чалавекам, бо такія людзі будуць патрэбныя. Вось мая парада, калі хтосьці запытае, што рабіць і як змагацца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?