Статут прадставілі беларускай публіцы і журналістам у зале Нацыянальнага гістарычнага музея, у якой цяпер экспануецца выстава, прысвечаная віленскаму палацу вялікіх князёў літоўскіх. Пазней кніга будзе перавезеная ў Магілёў, у Музей гісторыі горада.

На ўрачыстасці прысутнічалі студэнт Андрэй Радкоў, які знайшоў у інтэрнэце інфармацыю пра продаж Статута, дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, які здолеў арганізаваць збор сродкаў, прадстаўнік кампаніі «Альпары», ахвяраванне якой было вырашальным, міністр культуры Павел Латушка.

Відэа радыё «Свабода».

Міністр дзякаваў усім тым, хто адгукнуўся на ініцыятыву і ахвяраваў сродкі, каб выкупіць для краіны Статут. Ён запэўніў, што дзяржава будзе і надалей спрыяць такім ініцыятывам.

На вяртанне беларускім музеям унікальных рэліквій, казаў Латушка, дзяржава выдаткавала 10 млрд рублёў. І, напрыклад, ужо выкупленыя чатыры слуцкія паясы.

«Мы сабралі грошы на Статут за два тыдні, — сказаў Латушка. — І абсалютна відавочна, што калі б спатрэбілася, змаглі б сабраць і ўдвая, і ўтрая болей, чым 45 тысяч даляраў».

Нагадаем, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. быў выстаўлены на электронны аўкцыён уладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Асобнік быў ацэнены на 45 тысяч долараў. Музей гісторыі Магілёва абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для яго выкупу. Частку грошай даслалі ахвярадаўцы з розных рэгіёнаў краіны,

а рэшту сумы — 30 тысяч долараў — ахвяравала кампанія «Альпары».

Аляксей Бацюкоў расказаў, як літаральна за два дні да канца тэрміну ўнясення перадаплаты грошы прапанаваў прыватны прадпрымальнік з Магілёва:

«Спачатку ён хацеў захаваць інкогніта, аднак я думаю, што варта назваць яго імя — гэта Уладзімір Мардачоў.
Ён пачуў пра Статут па радыё, калі ехаў у машыне і адразу патэлефанаваў мне — ужо праз дзве гадзіны ў нас было чатыры з паловай тысячы даляраў: сума, патрэбная каб унесці перадаплату за Статут. І ўжо назаўтра мы адправіліся ў Маскву. Калі б не гэты выпадак, то выкупіць Статут наўрад ці б атрымалася. Тым не менш, я лічу, што раней ці пазней гэты дакумент вярнуўся б у Беларусь».

Адзначым, што ва ўсім свеце налічваецца каля 60 асобнікаў усіх трох выданняў Статута, а ў Беларусі да гэтага часу не было ніводнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?