Goals.by зрабіў вялікае інтэрв’ю з баскетбалісткай зборнай Беларусі Таццянай Троінай.

У гутарцы была закранутая тэма заяўкі Беларусі на правядзенне чэмпіянату Еўропы па баскетболе ў 2015 г. [Беларусь без шанцаў саступіла права правядзення Венгрыі — НН.]

— У любым выпадку я не здзіўлены, што наш прэзідэнт [Лукашэнка] абраў менавіта цябе для падрыхтоўкі прэзентацыйнага роліка да чэмпіянату Еўропы-2015. Раскажы, як усё адбывалася?

— Трэба было запісаць відэазварот кіраўніка дзяржавы, каб пераканаць чыноўнікаў з ФІБА-Еўропы галасаваць за Беларусь.
Задумка — паказаць, што ўсе гуляюць у баскетбол: і прэзідэнт, і моладзь, і старэйшыя векам спартсмены. Разам са мной былі пяцёра маладых дзяўчатаў, якіх трэніруе Мікалай Савіч. Мы гулялі тры на тры на адно кольца. Гэта першая частка роліка.
Другая — Аляксандр Рыгоравіч забівае, я падношу яму мяч, і кіраўнік дзяржавы пачынае відэазварот.
Не ведаю, як усё атрымалася, бо не бачыла ролік. Але, думаю, нядрэнна — для прэзідэнта баскетбольны мяч быў відавочна не ў навіну.

— Доўга гулялі?

— Не, здымкі прайшлі досыць хутка. За гадзіну справіліся.

У рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы ёсць стандартная зала з распранальнямі, невялікая «качалка». Утульна, але без раскошы.

— Хваляваліся перад візітам?

— Вядома! Гэта табе не на дыскатэку схадзіць.

— Затое ўспамінаў зараз хопіць надоўга. Пра што гутарылі?

— Прэзідэнт спытаў пра сітуацыю ў зборнай. Тады Буяльскі [былы галоўны трэнер зборнай, з якім звязаныя ўсе поспехі жаночага беларускага басткетбола — НН] ужо заявіў пра сыход, але канчатковай яснасці не было. Сказала і пра залу, што нам няма дзе ў Мінску нармальна трэніравацца… А так нічога асаблівага.

— Пасля баскетбола вам зладзілі экскурсію?

— Ты што! Ахова правяла нас, потым павяла. Зусім трохі бачылі, калі ішлі па тэрыторыі рэзідэнцыі.

(…)

— Ты цікавішся палітыкай?

— Не. Нават ні разу не галасавала: выбары ў асноўным адбываліся, калі гуляла за мяжой.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?