25.03.2007 / 21:50

У Сьветлагорску на Дзень Волі ўскладалі кветкі 1

На Цэнтральнай плошчы гораду моладзь усклала бел‑чырвона‑белыя кветкі да помніка Раману Шацілу, заснавальніку Шацілак – мястэчка, зь якога пачаўся Сьветлагорск.

У Сьветлагорску 25 сакавіка з нагоды 89‑ай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі прадстаўнікі грамадзкасьці і група моладзі ўсклалі кветкі да крыжа памяці ахвярам таталітарных рэпрэсіяў. Бел‑чырвона‑белыя кветкі былі ускладзеныя таксама да помніка Раману Шацілу, заснавальніку паселішча. За акцыяй назіралі міліцыянты ў цывільным і вялі відэаздымкі.

Моладзь прыбрала ўчастак каля крыжа памяці ахвярам таталітарных рэпрэсіяў, які быў усталяваны ў пачатку 1990‑х гадоў зь ініцыятывы грамадзкасьці. Да яго былі ўскладзеныя белыя і чырвоныя кветкі. Прысутныя, сярод якіх былі прадстаўнікі Партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, ушанавалі памяць аб змагарах супраць таталітарызму хвілінай маўчаньня.

На Цэнтральнай плошчы гораду моладзь усклала бел‑чырвона‑белыя кветкі да помніка Раману Шаціле, заснавальніку Шацілак – мястэчка, зь якога пачаўся Сьветлагорск. Зь гістарычных дакумэнтаў вядома, што Раман Шаціла быў абаронцам беларускай дзяржавы, бо атрымаў ў ХVI ст. прывілей за выкананьне вайсковай службы. Помнік Р. Шаціле быў усталяваны ў мінулым годзе зь ініцыятывы грамадзкасьці.

Раніцой 25 сакавіка ў раённы аддзел унутраных справаў быў выкліканы мясцовы маладзёвы актывіст Вадзім Богдан. Як патлумачылі міліцыянты, яны атрымалі інфармацыю пра тое, што хлопец нібыта распаўсюджваў на рынку ўлёткі. Аднак пацьцьвердзіць гэтую інфармацыю міліцыянты не змаглі. Таксама на раніцу ў міліцыю былі выкліканыя павесткамі грамадзкія актывісты Вадзім Болбас і Тэльман Масьлюкоў «для апытаньня ў якасьці сьведак». Празь нейкі час усе яны былі адпушчаныя і ўзялі ўдзел у акцыі. Міліцыянты пад кіраўніцтвам старшага інсьпэктара Гарбачова сачылі за ўдзельнікамі акцыі і вялі відэяздымкі.

Паводле інфармацыі мясцовых дэмакратычных сілаў, напярэдадні ў горадзе і раёне былі распаўсюджаныя некалькі тысячаў улётак — дзеля інфармаваньня насельніцтва аб сутнасьці Дня волі. З 24 сакавіка на інфармацыйных тумбах і стэндах у горадзе вывешаныя плякаты «25 сакавіка – Дзень Волі, 89 гадавіна Беларускай Народнай Рэспублікі».

Тэльман Масьлюкоў

0
Кнехт / Адказаць
26.03.2007 / 14:38
Прыемна прачытаць такое пра землякоў. З вёскі каля Шацілак (Сьветлагорску - хаця дзе там тыя горы!) паходжаннем быў Ігар Геменчук, які працаваў у свой час галоўным рэдактарам газеты "Свабода", а яшчэ раней быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і сябрам фракцыі Пазьняка. Некалькі год таму ён памёр ад цяжкай хваробы.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру