Ва ўмовах несвабодных выбараў у беларускай апазіцыі няма ніякіх шанцаў на перамогу. Такое меркаванне выказаў кіраўнік ведамства федэральнага канцлера ФРГ Рональд Пофала на прэс-канферэнцыі ў Вільні 8 чэрвеня.

«І менавіта Лукашэнка павінен стварыць умовы, каб у краіне праходзілі свабодныя выбары.

У гэтай сітуацыі нельга пераносіць адказнасць з яго на беларускую апазіцыю. Людзі не могуць нармальна працаваць ва ўмовах рэпрэсій і пастаяннага страху»,
— заявіў Пофала.

Ацэньваючы стан беларускай апазіцыі, нямецкі палітык падкрэсліў: «Узровень палітычных рэпрэсій у Беларусі настолькі катастрафічны, што не мае значэння, хто знаходзіцца ў апазіцыі, бо яны ўсё роўна не змогуць нармальна працаваць з-за пагрозы арыштаў і пераследаў.

Такая сітуацыя непрымальная, бо ў падобных умовах апазіцыя не можа працаваць і развівацца».
Пофала заявіў, што Еўрасаюз не мае намеру здымаць патрабаванне аб вызваленні палітвязняў у Беларусі.
«ЕС не стамляецца ўказваць на існаванне беларускай праблемы. ЕС свежы, як спартсмен на старце.
І патрабаванне аб вызваленні палітвязняў мы ніколі не здымем», — падкрэсліў нямецкі палітык.

Што тычыцца перспектыў дыялогу ЕС з афіцыйным Мінскам, то, на думку Рональда Пофалы, для яго развіцця Аляксандр Лукашэнка «павінен выканаць умовы, у тым ліку вызваліць палітвязняў».

«Менавіта Лукашэнка адказны за тое, што ў Беларусі па-ранейшаму пануюць несвабода, рэпрэсіі і страх.
І зусім незразумела, чаму з нашага боку павінны запускацца нейкія механізмы ўзаемадзеяння, пакуль ён не выканае умоў. Пакуль няма ніякага паляпшэння сітуацыі, не будзе і паляпшэння ў нашых адносінах. Лукашэнка павінен гэта ведаць», — заявіў Пофала.

Пры гэтым ён адзначыў: у будучыні, пры нармалізацыі адносін з ЕС, Беларусь «магла б выконваць вельмі важную функцыю — быць мостам, звязаць Еўропу і ўсходнія краіны кантынента».

Пафала згадаў аб новай ініцыятыве ЕС для Беларусі, якая называецца «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі». Паводле яго слоў, гэтая ініцыятыва прызначана, перш за ўсё, для дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй Беларусі, каб весці размову пра будучыню краіны. «Было б смешна казаць пра будучыню з аўтарытарным рэжымам», — падкрэсліў нямецкі палітык.

Ацэньваючы цяперашнія адносіны ЕС і Беларусі, ён сказаў:

«З аднаго боку, мы хочам застацца ў рэжыме дыялогу (з уладамі), З другога — выразна паказаць, як мы ацэньваем беларускі рэжым і чаго ад яго хочам. Гэта свайго роду шпагат.
І дыялог у рамках Усходняга партнёрства дае нам такую ​​магчымасць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?