Больш як на 230 спецыяльнасцях у ВНУ Беларусі ўвядуць скарочаны тэрмін навучання — 4–4,5 года. Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства адукацыі, гэта прадугледжана загадам № 389 «Аб пераходзе на дыферэнцыяваныя тэрміны атрымання вышэйшай адукацыі І ступені».

Большасць ВНУ пяройдуць на скарочаны тэрмін навучання ў 2013/2014 годзе, але на некаторыя спецыяльнасці гэта новаўвядзенне распаўсюдзіцца ўжо з наступнага навучальнага года.

Так, у 2012/2013 годзе павінен адбыцца пераход на чатырохгадовы тэрмін навучання на спецыяльнасцях «дзяржаўнае кіраванне і права», «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі».

З 2013/2014 года па чатырохгадовым тэрміне навучання пачнуць рыхтаваць:

філосафаў, тэолагаў, псіхолагаў, журналістаў, правазнаўцаў, эканамістаў, эколагаў, мытнікаў, спецыялістаў па камп’ютарнай бяспецы, літаратурных рэдактараў, сацыёлагаў і палітолагаў, а таксама судовых экспертаў, спецыялістаў для падраздзяленняў органаў пагранічнай службы, ракетных войскаў і артылерыі. Чатырохгадовы тэрмін навучання таксама зацверджаны для шэрагу тэхнічных спецыяльнасцяў — «нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы», «штучны інтэлект», «квантавыя інфармацыйныя сістэмы», «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання».

Для шэрагу тэхнічных спецыяльнасцяў зацверджаны тэрмін навучання 4,5 года.
За гэты тэрмін будуць рыхтаваць спецыялістаў па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні аграпрамысловага комплексу, меліярацыі, лесаінжынернай справе.

Замест спецыяльнасці «матэматыка» (па кірунках) прапаноўваецца ўвесці ў агульнадзяржаўны класіфікатар Беларусі дзве спецыяльнасці: «матэматыка» з тэрмінам падрыхтоўкі чатыры гады і «фундаментальная матэматыка» з тэрмінам падрыхтоўкі шэсць гадоў і наступнай выдачай выпускнікам дыплома магістра. Замест спецыяльнасці «фізіка» (па кірунках) прапаноўваецца ўнесці ў класіфікатар тры спецыяльнасці: «фізіка» з тэрмінам падрыхтоўкі чатыры гады і «фундаментальная фізіка» з тэрмінам падрыхтоўкі шэсць гадоў і «ядзерныя фізіка і тэхналогіі» з тэрмінам падрыхтоўкі шэсць гадоў і наступнай выдачай дыплома магістра. Замест спецыяльнасці «хімія» — дзве спецыяльнасці «хімія» з тэрмінам падрыхтоўкі чатыры гады і «фундаментальная хімія» з тэрмінам падрыхтоўкі шэсць гадоў. Замест спецыяльнасці «механіка» — дзве спецыяльнасці: «механіка» з тэрмінам падрыхтоўкі чатыры гады і «фундаментальная механіка» з тэрмінам падрыхтоўкі шэсць гадоў і выдачай дыплома магістра. Аналагічная сістэма прынята ў Расіі.

Мяркуецца, што большасць студэнтаў будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю за 4–4,5 года. Далей магчыма паступленне ў двухгадовую магістратуру. Зараз Мінадукацыі разам з навучальна-метадычнымі аб’яднаннямі ВНУ распрацоўваюць навучальныя планы і праграмы магістратуры, арыентаваныя на практыку.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?