Яшчэ сем краін Еўропы — Харватыя, Македонія, Чарнагорыя, Ісландыя, Сербія, Албанія і Ліхтэнштэйн — далучыліся да эканамічных і візавых санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі.
З такой заявай ад імя ЕС выступіла 8 чэрвеня вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
«Еўрапейскі саюз возьме пад увагу гэта абавязацельства і вітае яго», — цытуе Эштан сайт Рады ЕС.
Эштан растлумачыла, што гаворка ідзе пра рашэнне Рады ЕС ад 23 сакавіка аб пашырэнні «кропкавых» санкцый супраць Беларусі. Як адзначаецца ў заяве, названыя дзяржавы «забяспечаць адпаведнасць нацыянальнай палітыкі гэтым рашэнням Рады ЕС».
Нагадаем, спіс прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, чый уезд у ЕС забаронены і чые актывы на яго тэрыторыі павінны быць замарожаны, Рады ЕС зацвердзіў 31 студзеня 2011 года ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пасля спіс некалькі разоў дапаўняўся.
Апошні раз гэта адбылося 23 сакавіка на пасяджэнні Рады ЕС у Бруселі. У выніковым дакуменце адзначалася: спіс прадстаўнікоў Беларусі, якія падпадаюць пад санкцыі, пашыраны за кошт «людзей, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ці рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі». У яго таксама ўключаны бізнесмены і кампаніі, «якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму ці падтрымліваюць яго».
Цяпер візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС распаўсюджваюцца на 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі.