Частка абітурыентаў прыходзяць на ЦТ, запаўняюць форму рэгістрацыі, праглядаюць пытанні і, зразумеўшы, што не справяцца, пакідаюць аўдыторыю. Вынікі такіх удзельнікаў ЦТ таксама ўплываюць на агульны сярэдні бал.
Аб гэтым сёння ў час online канферэнцыі на сайтах БелТА і Міністэрства адукацыі заявіў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Мікалай Фяськоў.

ЦТ як форма ўступных іспытаў прыцягвае большую колькасць абітурыентаў, якія хочуць проста паспрабаваць свае сілы.

«Пры іншай сітуацыі яны нават не спрабавалі б паступаць, а цяпер таксама прымаюць удзел», — адзначыў Мікалай Фяськоў. Зрэшты, ён згадзіўся, што ў цэлым беларускія абітурыенты паказваюць на ЦТ адносна невысокі вынік.
Разам з тым гэтаму ёсць і аб’ектыўныя тлумачэнні. Напрыклад, неаднародны склад удзельнікаў.

У тэставанні ўдзельнічаюць выпускнікі розных гадоў. Тыя, хто закончыў школу ў гэтым годзе, як правіла, мацнейшыя за тых, хто выпускаўся раней. Акрамя таго, школьнікі аб’ектыўна маюць больш высокі ўзровень падрыхтоўкі ў параўнанні з выпускнікамі ПТВ і ССНУ. Тут на вывучэнне агульнаадукацыйных прадметаў адведзена не больш як 60 працэнтаў часу, а асноўны ўпор зроблены на атрыманне спецыяльнасці, растлумачыў Мікалай Фяськоў.

Распрацоўшчыкі ЦТ у сваю чаргу стараюцца падбіраць заданні з разлікам на сярэднестатыстычнага абітурыента.

Мікалай Фяськоў звярнуў увагу, што многія складаюць меркаванне аб агульным сярэднім бале па ЦТ, не бачачы розніцы паміж стабальнай і дзесяцібальнай шкалой. Умоўна кажучы, 18 балаў па тэсце ператвараюць у «двойку». «Але гэта не адно і тое ж. Стабальная шкала — шкала тэхналагічная, якая вызначае месца абітурыента ў рэйтынгавым спісе», — адзначыў дырэктар РІКВ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?