У мяне ёсць некалькi сяброў-беларусаў, якiя даволi добра валодаюць беларускай мовай, але па-ранейшаму гавораць на расейскай мове. Яны ўсе выдатна ведаюць, што гэта няправільна, але нiчога не робяць. Я пацікавілася, чаму? Быццам бы, галоўная прычына ў меркаванай «адсутнасцi беларускага асяроддзя»…

Аднойчы я заўважыла, як мой расейскамоўны сябра Валеры размаўляе з нашым супольным, беларускамоўным сябрам Антосем. Ён цудоўна гаварыў па-беларуску. Я яго запытала:

«Чаму ты з Антосем размаўляеш па-беларуску, а з iншымі па-расейску
Ягоны адказ мяне здзівіў: «Калi са мной хтосьці гаворыць на беларускай мове, дык я яму адказваю таксама па-беларуску. А калi на расейскай, я таксама па-расейску». Вось, логіка.

Я задала сябру падступнае пытанне: «Валеры, а

цi ты задумваўся часам пра тое, што калi ТЫ будзеш размаўляць па-беларуску, многія будуць ТАБЕ адказваць па-беларуску?
" Мой сябра заціх у здзіўленні. Відавочна, пра такое ён ніколі не падумаў.
Дарагія беларусы, адно можна сказаць з упэўненасцю: беларускае асяроддзе не будзе ствараць ніхто іншы, акрамя вас саміх!
Кожны з вас можа пачаць яго ствараць каля сябе.
Пачніце з сябе, і вы ўбачыце, што тых, хто прыме гэты выклік, будзе больш, чым вы меркавалі!

Дарэчы — Валеры сёньня карыстаецца беларускай нашмат больш, чым раней. Таксама, як i некалькi iншых маiх сяброў. Яшчэ нядаўна я наракала, што мне няма з кім практыкавацца ў беларускай мове, калі амаль усе «мае» беларусы — расейскамоўныя.

Я вырашыла, што буду ў зносінах з беларусамі карыстацца выключна беларускай мовай.
Раней ці пазней яны пачынаюць мне адказваць таксама па-беларуску. Такім чынам, вакол мяне, чэшкі, «беларускае асяроддзе» ўзнікае параўнальна лёгка і хутка.

Дык вось,

беларусы, — пакіньце апраўданні, што няма асяроддзя i пачніце яго актыўна ствараць.
З густам да таго! (З ахвотай да добрай дзейнасці!) Зычу вам поспехаў.

P. S. 1: Лічыце, што мне, як іншаземцы, у гэтым прасьцей? Так, з аднаго боку гэта праўда.

Мае сябры адчуваюць сорам, што яны не карыстаюцца мовай продкаў, калі нават чэшка здолела яе вывучыць.
Іх гэта вельмі ўражае і захапляе. З іншага боку, мне нашмат складаней. Мне ж таксама лягчэй гаварыць на расейскай, якую я адзінаццаць гадоў вывучала, па якой у мяне ёсць міжнародны дзяржаўны экзамен… У беларускай мне часта не хапае слоўнікавага запасу… Маё асяроддзе зусім іншае, мне цяжка зразумець «дух беларускай мовы», не маю правільнага акцэнту, часам не там стаўлю націск… Але, гэта ж мяне не спыніць!

P. S. 2: Я добра ўсведамляю, што гаворачы пра «беларускае асяроддзе», вы маеце на ўвазе нашмат больш, чым толькі мову. Але, як эколаг па адукацыі, я ведаю, што асяроддзе складаецца з мноства асобных элементаў. Кожны з іх мае сваё значэнне і мы не можам сказаць, што не варта бараніць адзін кавалак асяроддзя, калі іншыя руйнуюцца. Мэтаскіраваная, актыўная абарона кожнай часткі, нават самай маленькай, вельмі важная для агульнага выніку.

Беларускамоўная, аднак «чыстапародная» чэшка,

Святлана Вранова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?