Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне УСП было створанае ў 1994 годзе з мэтамі належнага кіравання дзяржаўнай уласнасцю. З 1994 года абслугоўвае адміністрацыйныя будынкі ў сталіцы і абласных цэнтрах, дзе размяшчаюцца органы дзяржаўнага кіравання, Адміністрацыя прэзідэнта, Савет міністраў, Упраўленне справамі прэзідэнта, Савет бяспекі, Камітэт дзяржаўнага кантролю, міністэрствы, дзяржкамітэты і іншыя цэнтральныя органы кіравання Рэспублікі Беларусь.
Сёння ў падпарадкаванні ГГУ УСП знаходзіцца каля 400 аб’ектаў нерухомай маёмасці рэспубліканскай уласнасці. У асноўнай частцы з іх размяшчаюцца рэспубліканскія органы кіравання. Астатнія здаюцца ў арэнду. Па сутнасці ГГУ УСП — сёння самы буйны дэвелапер ў Беларусі, якому асноўныя актывы дасталіся ў спадчыну ад БССР. Прычым у вядзенні Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення УСП знаходзяцца не толькі адміністрацыйныя будынкі ў цэнтры Мінска і ў абласных гарадах, але і мноства спецыялізаваных аб’ектаў, у тым ліку і розныя ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны. Менавіта вакол гэтых аб’ектаў і разгарэўся новы карупцыйны скандал.
Як высветліў «Ежедневник», у 2010 годзе ў рамках рэалізацыі даручэнняў прэзідэнта аб уключэнні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваных аб’ектаў нерухомасці, на загад ГГУ УСП была створаная спецыяльная камісія, якая павінная была агледзець і прыняць рашэнне адносна вялікай колькасці ахоўных збудаванняў грамадзянскай абароны. Пры гэтым паводле інструкцыі спісаць можна было толькі тое, што прыйшло ў непрыдатнасць і страціла ахоўныя ўласцівасці абмежавальных і апорных будаўнічых канструкцый з прычыны фізічнага зносу, надзвычайных сітуацый, парушэння нармальных умоваў эксплуатацыі і страціла спажывецкія ўласцівасці з іншых прычынаў. І то толькі пры ўмове, што іх нельга аднавіць. Акрамя таго, аб’екты маглі быць спісаныя ў сувязі з будаўніцтвам, пашырэннем, рэканструкцыяй, тэхнічным перааснашчэннем арганізацый або іх асобных будынкаў і збудаванняў.
Аднак падчас працы камісіі было спісана больш за дзясятак аб’ектаў нерухомасці, якія былі ў вельмі нават добрым стане. Што з гэтымі аб’ектамі стала потым, няцяжка здагадацца, бо на гэты конт таксама ёсць адпаведныя даручэнні прэзідэнта. Але ў дадзеным выпадку, улічваючы, што спісаныя былі цалкам прыстойныя аб’екты, хтосьці, відавочна, нядрэнна на гэтым падняўся.
Так ці інакш, але падчас праверкі КДБ высветлілася, што спісанне аб’ектаў адбылося дзякуючы таму, што нехта ўнёс загадзя ілжывыя звесткі ў адпаведныя акты. Хто канкрэтна гэта зрабіў, пакуль яшчэ не высветлена, пад падазрэннем адразу некалькі чалавек. Але ў тым, што зроблена гэта было з карупцыйных карыслівых інтарэсаў, у КДБ не сумняваюцца, што стала падставай для завядзення крымінальнай справы па ч.1 арт.427 Крымінальнага кодэкса Беларусі (службовы падлог).
Зрэшты, гэта пакуль яшчэ толькі пачатак. Як толькі будуць высветленыя вінаватыя і іх інтарэсы, у ход пойдуць нашмат больш «цяжкія» артыкулы Крымінальнага кодэкса Беларусі.