Праграма развіцця ААН (ПРААН) у Рэспубліцы Беларусь адхіляе інфармацыю пра тое, што фільм «Вышэй за неба» зведаў цэнзуру.

«Заявы, якія распаўсюджвае сцэнарыст фільма „Вышэй за неба“ Андрэй Курэйчык у СМІ, пра нібыта існую цэнзуру фільма і пра ўяўныя парушэнні адносна да яго з боку ПРААН не адпавядаюць сапраўднасці», — сказана ў заяве, распаўсюджанай 11 чэрвеня прэс-службай ПРААН.

У дакуменце падкрэсліваецца: замоўцам і выключным праваўладальнікам фільма з’яўляецца ПРААН. «У сувязі са з’яўленнем у інтэрнэце відэаматэрыялаў кінапраекта „Вышэй за неба“ ПРААН заяўляе, што версія фільма, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, створана на аснове незаконна прысвоеных матэрыялаў і не адпавядае зацверджанаму сцэнарыю», — гаворыцца ў заяве.

«ПРААН належаць выключныя правы на ўсе матэрыялы кінапраекта, уключаючы сцэнарый. Усе матэрыялы кінапраекта абаронены міжнародным правам інтэлектуальнай уласнасці.
Згодна з кантрактам, заключаным ПРААН з Андрэем Курэйчыкам, Курэйчык узяў абавязак напісаць сцэнарый шматсерыйнага фільма аб прадухіленні дыскрымінацыі людзей, якія жывуць з ВІЧ, у адпаведнасці з патрабаваннямі, вылучанымі ПРААН. У выніку быў напісаны сцэнарый менавіта серыяла, а не поўнаметражнага фільма. Курэйчык не меў права рабіць копіі і неяк выкарыстоўваць зняты матэрыял і парушыў гэтым правы інтэлектуальнай уласнасці ПРААН. Звяртаем вашу ўвагу, што ўсе абавязацельствы па кантракце з боку ПРААН былі выкананы ў поўным аб’ёме (сцэнарысту выплачаны ганарар)», — падкрэсліваюць у ПРААН.

Як раней паведамляў БелаПАН, у канцы мінулага тыдня аўтарская група фільма «Вышэй за неба» публічна заявіла пра сваю недатычнасць да з’яўлення ў інтэрнэце рабочай версіі карціны.

«Аўтарская група да гэтага факта дачынення не мае, — гаварылася ў заяве. — Мы шкадуем, што ў сетку трапіла не фінальная версія фільма, а толькі этап працы над ім. Нам цяжка меркаваць, хто можа стаяць за гэтай публікацыяй, таму што гэта копія была на руках у вялікай колькасці людзей з ліку творчай групы, акцёраў, журналістаў, крытыкаў і фестывальных менеджараў».

Аўтары заявы падкрэслівалі, што не ўхваляюць такіх дзеянняў, але пры гэтым не маюць намеру «перашкаджаць распаўсюджанню фільма ў сетцы».

«Мы спадзяемся, што і ПРААН не выбера шлях знішчэння мастацкага твора, задушэння творчасці і рэпрэсій супраць творчых людзей, што, вядома, прывяло б да канчатковай палітызацыі праекта «Вышэй за неба», — заявілі стваральнікі фільма. На іх думку, «сітуацыя з фільмам „Вышэй за неба“ была штучна заведзена ў тупік асобнымі супрацоўнікамі Праграмы развіцця ААН у Беларусі».

Яшчэ раней, 26 красавіка, здымачная група серыяла «Вышэй за неба» распаўсюдзіла відэазварот, у якім прасіла ПРААН дазволіць паказаць гледачам поўнаметражную версію фільма.

Праца над серыялам завяршылася зімой, пасля чаго здымачная група самастойна змантавала поўнаметражную версію фільма, якая, на погляд кінематаграфістаў, «адлюстроўвае мастацкую і эстэтычную канцэпцыю сцэнарыста і рэжысёра».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?