Абвешчаны прысуды ў дачыненні да вялікай групы кіраўнікоў і работнікаў ААТ «Гомельскі мясакамбінат», а таксама трох супрацоўнікаў міліцыі.

У статусе абвінавачаных па справе, якая слухалася ў Гомельскім абласным судзе, праходзілі 29 чалавек — ад генеральнага дырэктара да забойшчыкаў жывёлы.

Крымінальныя справы былі распачаты, у прыватнасці, у дачыненні да начальнікаў цэхаў, эканамістаў, намеснікаў дырэктара, загадчыкаў сталовай і магазіна, а таксама трох міліцыянераў.

Слуханні ў судзе пачаліся 5 ліпеня 2011 года. Былы дырэктар, які ўзначальваў прадпрыемства з 1989 года, абвінавачваўся ў стварэнні арганізаванай групы для ўчынення злачынстваў. Паводле версіі следства, разам з іншымі кіраўнікамі камбіната ён распрацаваў структуру групы, у якую ўцягваліся службовыя асобы, была наладжана сістэма канспірацыі пры падрыхтоўцы да ўчынення крадзяжоў. У выніку групе ўдалося распрацаваць розныя спосабы стварэння лішкаў прадукцыі пры парушэнні тэхналогіі ва ўрон якасці і колькасці вырабаў, што выпускаліся, а таксама сістэму супрацьдзеяння праваахоўным органам у выпадку выяўлення злачыннай дзейснасці. Суду ўдалося высветліць, што крадзяжы ўчыняліся з 2004 па 2009 гады.

Згодна з абвінавачаннем, арганізаваная група выкрала прадукцыі не менш як на 263 млн. рублёў, учыніла замах на крадзеж прадукцыі не менш як на 49 млн. рублёў, а таксама знішчыла прадукцыі з мэтай схаваць сляды злачынстваў не менш як на 36 млн. рублёў.

Размова ідзе пра тоны мяса і каўбасы. Пры спробе схаваць сляды злачынстваў было знішчана не менш як 12 тон мясной прадукцыі і 18 кіламетраў штучнай абалонкі.

Створаныя злачынным шляхам лішкі прадукцыі члены групы выкарыстоўвалі на асабістыя патрэбы, а таксама для рэалізацыі па зніжаных цэнах «патрэбным» людзям. Мяса, каўбаса і іншая прадукцыя таксама бясплатна перадаваліся супрацоўнікам міліцыі і чыноўнікам мясцовай выканаўчай улады, каб яны не прымалі мер па спыненні злачыннай дзейнасці.

У сталоўцы мясакамбіната было арганізавана бясплатнае харчаванне «патрэбных» людзей.

8 мая некаторым абвінавачаным змянілі меру стрымання — іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, прычым частка з іх не толькі выйшлі на волю, але і вярнуліся на працу, бо існуе прэзумпцыя невінаватасці.

11 чэрвеня суд прыгаварыў былога дырэктара ААТ «Гомельскі мясакамбінат» да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, такі ж тэрмін атрымаў і галоўны інжынер прадпрыемства.
Начальнік каўбаснага цэха атрымала сем з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Яны пакараны за ўчыненне крадзяжоў шляхам злоўжыванняў.

На падставе артыкулаў 431 і 432 Крымінальнага кодэкса (даванне хабару і пасрэдніцтва ў хабарніцтве) кіраўнікі апраўданы. Начальнікі цэхаў атрымалі па тры-чатыры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Яны таксама былі апраўданы паводле артыкулаў 431 і 432 КК.

Іншыя работнікі — вагаўшчыкі, кладаўшчыкі, грузчыкі, майстры — прыгавораны да абмежавання волі на тэрміны ад паўтара да чатырох гадоў.

Тры міліцыянеры пакараны пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох з паловай да чатырох гадоў, а таксама штрафамі на 10 млн. рублёў кожны.

Трох работнікаў мясакамбіната апраўдалі, яшчэ тры чалавекі трапілі пад амністыю.

Частка абвінавачаных знаходзіліся пад арыштам з 2009–2010 гадоў, таму ў некаторых пакаранне ўжо лічыцца адбытым.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?