Маленькі хлопчык святкуе 2-і гол Шэвы. Кадр дня :)

Андрэй Шаўчэнка забівае другі гол у вароты Ісаксана.

На чэмпіянаце Еўропы па футболе скончыўся першы тур.

Завяршала першы акт (спектакль будзе ў пяці актах + фінал) футбольнага свята гульня ў Кіеве паміж гаспадарамі турніра зборнай Украіны і Швецыяй. Трыбуны ў Кіеве былі афарбаваныя аднолькава: украінцы сіне-жоўтыя, шведы — жоўта-сінія.

Здавалася, гэта матч маларэйтынгавых камандаў, не раўня Англія — Францыя,

але ён быў куды цікавейшы і падарыў здаровыя і пазітыўныя эмоцыі.
Шведы першымі адкрылі лік: на 52-й хвіліне вызначыўся геніяльны Златан Ібрагімавіч. А потым такі ж геніяльны Андрэй Шаўчэнка даказаў, што нездарма мае ў сваёй калекцыі «Залаты мяч» (2004).
Два моманты — два галы (55-я і 61-я хвіліны). 2:1.

Андрэй, дарэчы, які пагуляў за «Мілан» — «Чэлсі» — «Мілан» і вярнуўся ў Кіеў, перад чэмпіянатам заявіў, што завяршае міжнародную кар’еру. А таксама зазначыў, што кантракт з «Дынама» таксама завершыўся. Трэба ўмець вяртацца, і Андрэю, здаецца, удалося.

Шаўчэнка быў заменены на 80-й хвіліне на беларуса Арцёма Мілеўскага, што прыняў рашэнне выступаць пад жоўта-блакітным сцягам.

Па-рознаму ставяцца да Мілеўскага ў Беларусі, збольшага негатыўна, але тое, што беларус з паходжання выступае на галоўным футбольным свяце года — выдатна.

Заўтра, у аўторак, другі тур: Грэцыя — Чэхія (19:00) і Польшча — Расія (21:45).
Палякі ўжо паспелі ахрысціць апошні матч «Цудам на Вісле — 2012».

Пажывём — пабачым.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?