Зборная Беларусі па футболе ў суботу правяла пяты адборачны матч да чэмпіянату Эўропы. Супернік гэтым разам быў ня самы моцны — каманда Вялікага герцагства Люксэмбург. У эўрапейскім футбольным рэйтынгу люксэмбуржцы займаюць перадапошні радок. Слабей за іх у футбол гуляюць толькі ў Сан‑Марына. У сваёй гісторыі нашы зборныя гулялі два разы. У кастрычніку 1994 году ў Менску беларусы перамаглі 2:0, роўна праз год каманды разышліся нулявой нічыёй.

Пачатак матчу зь люксэмбуржцамі быў досыць прагназаваным. Беларусы атакавалі — гаспадары ўсёй камандай абараняліся. Варта адзначыць, што абараняцца прадстаўнікі Вялікага герцагства ўмеюць, у гэтым адборачным цыклі яны прапусьцілі толькі чатыры галы, беларусы ў два з паловай разы болей — 10. Нягледзячы на поўны кантроль над гульнёй, значных момантаў нашы футбалісты не стваралі, пакуль на 25‑ай хвіліне матчу ініцыятыву ня ўзяў паўабаронца Цімох Калачоў, ён прарваўся ў штрафную і ўдарыў у блізкі вугал. Беларусы павялі 1:0. У другім тайме Віталь Кутузаў далёкім ударам падвоіў лік. У тыя хвіліны люксэмбуржцы толькі зрэдчас агрызаліся контраатакамі.

На 68‑ай хвіліне нападнік гаспадароў Саграмола адыграў адзін гол. З той хвіліны ўжо люксэмбуржцы валодалі ініцыятывай, а беларусы зьбівалі час. Здавалася, яшчэ крышачку і не пазьбегнуць нам ганебнай нічыі. Аднак урэшце дацягнулі да фінальнага сьвістка.

Перамога над Люксэмбургам павялічвае шанцы беларусаў на ўдзел у Эўра‑2008, бо два астатнія матчы ў нашай групе скончыліся ў нічыю: Альбанія — Славенія 0:0, Галяндыя — Румынія 0:0.

Становішча ў групе цяпер выглядае наступным чынам (на чэмпіянат выйдзе дзьве каманды):

Гульні /Пункты

1. Галяндыя 5/11
2. Баўгарыя 4/8
3. Румынія 4/8
4. Беларусь 5/7
5. Славенія 4/4
6. Альбанія 4/2
7. Люксэмбург 4/0

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?