На просьбу радыё «Свабода» катастрофу пад Навагрудкам пракаментаваў вайсковы аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін.

Ён адзначыў, што калісьці ў Беларусі катастрофы вайсковых самалётаў былі надзвычайнай рэдкасьцю, ён прыгадаў толькі гібель першага Героя Беларусі Ўладзімера Карвата ў 1996 годзе.

Аднак апошнім часам гэтыя катастрофы сталі часьцейшымі. Экспэрт ня бачыць прычыны гэтага ў малой колькасьці лётных практыкаваньняў пілётаў, Беларусь закупіла ва Ўкраіне належную колькасьць вучэбных самалётаў, ёсьць авіятрэнажоры, так што справа не ў кваліфікацыі лётчыкаў, а ў старэньні лётнага парку.

Самалёты рамантуюць, нават мадэрнізуюць, але кардынальнага аднаўленьня авіяпарку ВПС не адбываецца – падкрэсьліў Аляксандар Алесін.

Прычына вельмі простая – недахоп грошай. Баявыя самалёты – адна з самых дарагіх вайсковых машын, і ў вайсковым бюджэце на закупку іх грошай няма. Нягледзячы на шчыльныя стасункі з Расеяй, прычым асабліва ў вайсковай сфэры, Расея ўсё ж не зьбіраецца проста перадаваць новыя баявыя самалёты свайму саюзьніку.

У выніку падвышаецца імавернасьць аварый і непаладак, і колькасьць адпаведных выпадкаў. Аляксандар Алесін прыгадаў гібель двух беларускіх лётчыкаў-пілётаў Су-27 у жніўні 2009 году на авіяшоў у польскім Радаме.

Экспэрт прагназуе, што з прычыны старэньня авіяпарку частата падобных катастрофаў, на жаль, будзе павялічвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?