Пастар Татарнікаў і пасол Вайль падчас урачыстасці.

Пастар Татарнікаў і пасол Вайль падчас урачыстасці.

10 мая пачалася рэстаўрацыя лютэранскай кірхі Святога Яна ў Гродне. Будынак чакаў абнаўлення роўна сто гадоў — ад 1912-га. Асноўным спонсарам рэстаўрацыі стала Міністэрства замежных справаў Германіі і нямецкая лютэранская царква. Без гэтай дапамогі Беларусь магла б страціць яшчэ адзін архітэктурны помнік.

«Стан кірхі не тое каб зусім катастрафічны, але набліжаецца да таго, — кажа пастар Уладзімір Татарнікаў. — Грунтовыя воды размываюць падмурак, ад таго з’яўляюцца расколіны. Сцены кірхі заўжды вільготныя».

Пашкоджанні з’явіліся ў 1950-я, калі ў будынку месціўся абласны архіў. За савецкай уладай ніякай гаворкі пра дзейнасць кірхі і быць не магло.

Шлях ад таверны да храма

Гісторыя храма бярэ пачатак ад 20 верасня 1793, калі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў лютэранскай супольнасці будынак былой таверны, які можна было выкарыстоўваць для малітваў — трохпавярховая кірха дабудоўвалася цягам стагоддзя. Ад пачатку служылі ў ёй на нямецкай мове — у Рэчы Паспалітай тады жыло багата немцаў-лютэранаў. У 1843 кірха была дабудаваная, а побач з ёй з’явіліся лютэранскія могілкі, евангелістычная школа, дом пастара. У другой палове ХІХ стагоддзя лютэранская супольнасць вырасла ў колькасці, за яе кошт і адбываліся працы па ўдасканаленні кірхі. У 1873 з’явілася званіца з гадзіннікам, а ў 1912 годзе будынак набыў завершаны выгляд, аднавіць які і мусіць цяперашняя рэстаўрацыя.

Што вельмі крыўдна, у Бела-русі не засталося дакументаў, па якіх можна было б аднавіць колішняе ўбранства. Падчас нямецкай акупацыі кірха працавала. Магчыма, архівы тады вывезлі ў Германію, спадзяецца пастар, складаючы запыты ў Берлін і Рыгу.

Тое, што храм захаваўся ў савецкі час, можна лічыць дзівам. Царкоўныя прыбудовы былі раздадзеныя пад жыллё мясцовым людзям, ацалелую мэблю сканфіскавалі на карысць савецкіх чыноўнікаў.
На месцы могілак зрабілі дзіцячы садок і пабудавалі некалькі жылых дамоў... У будынку ж самой кірхі размясцілі архіў.

«Калі б тут быў склад гародніны, то будынак бы дакладна не вытрываў, — працягвае Татарнікаў. — Што тычыцца аргана і мэблі, то іх, паводле дакументацыі, перадалі ў філармонію. Ёсць такі прыгожы на выгляд дакумент пра перадачу рэчаў. Аднак знайсці іх так і не ўдалося».

Рэч у тым, што ад 1944-га да 1950-га года кірха была безгаспадарнай — тады ўсё і расцягнулі.

Кірху «панізілі», бо была вышэйшай за сабор

Новая гісторыя храма пачынаецца з 1995, калі будынак вярнулі лютэранам. Тады ж на грошы фонду Густава Адольфа была праведзена рэстаўрацыя. Інтэр’ер кірхі мае класічны для лютэранскага храма аскетычны выгляд, аднак экстэр’ер горшаў з кожным годам. Тым не менш, лютэранская супольнасць у Гродне працягвае расці і гуртавацца вакол кірхі — не так даўно быў адноўлены лютэранскі вясельны абрад. Кірха Святога Яна — адзіны дзеючы лютэранскі храм у Беларусі.

Доўгачаканая рэстаўрацыя прымеркаваная да стагоддзя з таго моманту, калі кірха набыла канчатковы выгляд. Як расказвае спадар Татарнікаў, яна магла б распачацца і раней, аднак будынак кірхі не належыць лютэранскай супольнасці, а знаходзіцца ва ўласнасці аблвыканкама. Зрэшты, апошні і дапамог нямецкаму боку ў вырашэнні бюракратычных пытанняў.

Самым важным пунктам рэстаўрацыі будзе вяртанне на званіцу шпіля з крыжам, які яшчэ можна ўбачыць на фотаздымках 1940-х. Кажуць, пасля кірху «панізілі», бо яна здавалася вышэйшай за Пакроўскі сабор.

.Рэстаўрацыя за два сезоны?

Напярэдадні ўрачыстай цырымоніі па Гродне пранесліся шквал і невялікі тарнада, аднак ранак выдаўся сонечным і цёплым. На ўрачыстую службу, апроч пасла Германіі Крыстафа Вайля, прыехалі амбасадары Францыі і Ірландыі, а таксама прадстаўнікі розных канфесій.

Крыстаф Вайль упершыню ўбачыў кірху ў 2010, падчас свайго першага візіту ў Гродна — тады Уладзімір Татарнікаў спецыяльна для нямецкай дэлегацыі правіў службу на нямецкай мове. Спадара Вайля вельмі ўразіў бядотны стан храма, як і аналагічны стан мясцовай сінагогі. Тады і пачаўся працэс аднаўлення.

Спадар Вайль бачыць у супольнай беларуска-нямецкай рэстаўрацыі прыклад таго, што Еўропа застаецца адзіным цэлым, нават нягледзячы на пэўныя непаразуменні паміж краінамі. Ён пералічыў людзей, якія спрыяюць рэстаўрацыі: гэта і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, і кіраўнік ведамства федэральнага канцлера ФРГ Рональд Пофала. Значную суму грошай перадала ў рэстаўрацыйны фонд рэдакцыя газеты «Вэстдойчэ альгемайнэ цайтунг», а царква Хрыста ў Гановеры супольна з фірмай «Кантынент» даставіла ў кірху 22 лавы. Старшыня нямецка-беларускага эканамічнага клуба Клаўс Баер шукае для храма арган, а прадпрымальнік Освальд Хонэн, які працуе ў Мінску, будзе на грамадскіх пачатках каардынаваць будаўнічы працэс. Згодна з праектам, рэстаўрацыя мусіць заняць два сезоны.

«Я рады, што сёння ў нашай Еўропе, якая зрастаецца ў адно цэлае, мы без нацыянальнай высакамернасці зноў можам звярнуцца да сваёй агульнай культурнай, філасофскай і рэлігійнай спадчыны, каб сумесна будаваць лепшую Еўропу для будучых пакаленняў» — зазначыў пасол Вайль.

***

Матэрыял зроблены пры садзейнічанні Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?