Зноў абвешчана, што ў Нарачы купацца непажадана, у лепшым выпадку з вялікай асцярогай — нейкі цэркарыёз...

...1953 год, канец мая, мне адзінаццаць з паловай гадоў. З татам і мамай я ўпершыню еду на Нарач. Напярадэдні глядзеў мапу, знайшоў возера, падобнае, як вырашыў, на бацькоўскую, з вайны, кабуру, лясы вакол, азёры паменей, балоты, вёска Купа на паўночным беразе, наводдаль — Кабыльнік... Едзем доўга, ужо ноччу, па пясках ды разбітым ушчэнт бруку. У паўсне чую напеўныя, таямнічыя назвы — Ілля, Куранец, Вілейка, Любань, Мядзел... Начуем у лесе.

Мужчыны — іх некалькі, ужо і не памятаю хто — раскладваюць вогнішча ды выстаўляюць ахову — ціха, амаль шэптам, гавораць між сабой, што ў тутэйшых лясах неспакойна.
Я падбіраю сякеру ля вогнішча, напружана ўглядаюся ў густую цемру паміж соснамі, потым засынаю...

Раніцай у вочы хлыне невыказная, немагчымая сінь.

Хто б забыў гэтую сінь?!

...Па беразе цягнуцца развешаныя на драўляных драбінах сеткі, паветра прасякнутае ранішняй прахалодай і азёрным пахам рыбы, пачутым упершыню. Бацька кліча мяне да вады, я ўваходжу ў яе і нечакана правальваюся ў ледзяную ямку, адкуль нейкая таямнічая падземная сіла бурліць фантанчыкамі пяску. Потым яшчэ, яшчэ... «Крынічкі», — тлумачыць бацька, нахіляецца, зачэрпвае ваду падабраным на беразе драўляным каўшом і прагна п’е, нібыта ўсё жыццё пакутаваў ад смагі. Потым працягвае коўш мне...

Хто б забыў смак гэтай вады?!

...З узлеску на ўзвышшы відаць Купу, яе саламяныя, а дзе-нідзе са старой драніцы, стрэхі. І вось мы ўжо спускаемся ўздоўж брукаванай шашы праз масток над празрыстым струменем да Мацеевай, амаль на беразе, хаты. На дварышчы хударлявы мужчына ў надарванай прапацелай кашулі прыладжвае да каня хамут. «Тафіля! — кліча ён, паразмаўляўшы з бацькамі. — Тафіля! Глухаватая яна, прабачце...» З размовы я чую нешта пра калгас, які забраў каня, але пакінуў яго Мацею, каб даглядаў. «Вось, будуць у нас жыць», — крычыць Мацей Тафілі проста ў вуха. Маўклівая Тафіля шпарка ківае галавой. Пазней я даведаюся, што Тафіля аглухла аднойчы ад п’янага Мацеевага кулака. Але на той момант усе мае думкі — пра каня і човен на беразе.

Конь, шчэрачы зубы і раняючы сліну, перажоўвае жалезныя цуглі, час ад часу па скуры прабягаюць дрыжыкі. Човен трохі гайдаецца на хвалях, чутна, як рыпяць цяжкія драўляныя вёслы, уткнутыя ў дно... «Валюсь, хадзі сюды!» З хаты выкатваецца хлопчык гадоў васьмі. «Бачыш? — Валюсь цягне мяне ўбок і паказвае паўкруглы чырвоны шрам на лбе. — Белка гвазданула, ты ніколі ззаду да яе не падыходзь...» Недзе праз месяц я ўжо тросся, коўзаючыся, на спіне Белкі, трымаючы скручаныя, каб не трапілі пад капыты, лейцы, і штомоцы сціскаючы нагамі яе крутыя бакі... Я ўжо нікога і нічога не баяўся, бо Тадзік, Янек, браты Чэсік і Мечык, старэйшыя і дужэйшыя за мяне, ужо прыладзілі да чорнага чоўна мачту, чорны ветразь з нейкай тканіны, намалявалі на ветразі чэрап, косці і кінулі мяне ў возера аж на «сінім», у глыбіню. Я бачыў, як імкліва набліжалася дно, але чамусьці заставалася недасяжным. Я ведаў, што зараз патану, але чамусьці быў упэўнены, што мяне выратуе, выштурхне з сябе празрыстая да дна глыбіня...

Хто б забыў гэту крынічную глыбіню?!

...Нам здаецца, што створанае Богам даўжэй за чалавечае жыццё. Але чаму майго жыцця, нават незавершанага, хапіла на тое, каб зніклі Купа з Мацеевай хатай і Кабыльнік з яго нядзельнымі кірмашамі, нават з назвамі зніклі; каб перасохлі крынічкі па берагах, зацягнуліся граззю чысцюткія струмені, а ў замутнёных сёння нарачанскіх водах пасялілася нейкая брыдотная істота...

...Гады з тры таму, наведаўшы Нарач, я не вытрымаў назіраць бессэнсоўную курортную мітусню і пайшоў да знаёмай крыніцы, мо пашчасціць папіць. Дзе там! Забраная ў бетонныя кольцы, ці жывая яна была пад іржавым замком? «Каб не паганілі, — патлумачыла мясцовая кабета ў белай хустцы, — а так трошкі ціўкае... Прыезджы?» Я спытаў у яе, ці ведае яна што пра Янека, Тадзіка, Мечыка, Чэсіка, назваў прозвішчы. Не, не ведае. Валюсь? Можа, той, што працуе ў пасялковым савеце прыбіральшчыкам?

...Прытуліўшыся да сцяны ў цяньку на ганку, ён, цяжка ўздыхаючы, нешта мармытаў у сне.

З кім размаўляў? Каму на што скардзіўся?

Я прыгледзеўся. Падобны на Тафілін круглы твар, такі ж трохі пляскаты нос. І той жа шрам на лбе, мо не такі ўжо чырвоны.

Будзіць не стаў, сабраўся пайсці, але раптам заўважыў, як выкацілася з-пад вока і затрымалася ў маршчыне на дрэнна паголенай шчацэ празрыстая сляза...

Ці не тая, якую, ствараючы Сусвет, некалі выраніў Бог на твар Беларусі?

А мо тая, з якой Ён пакідае нас назусім...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?