17 чэрвеня Цэнтральны батанічны сад правядзе свята цвіцення цюльпанавага дрэва.
Як паведаміла загадчыца інфармацыйна-асветніцкага сектара сада Алена Сакурэнка, цюльпанавае дрэва, радзімай якога з’яўляюцца паўднёва-ўсходнія штаты ЗША, вядомыя ва ўсім свеце сваім яркім і незвычайным цвіценнем. Яго кветкі з бледна-зялёнымі ці белымі пялёсткамі і аранжавай плямай каля асновы нагадваюць формай цюльпан. Апрача цюльпанавага дрэва ў батанічным садзе цвітуць півоні (іх калекцыя налічвае 320 гатункаў) і ірысы (248 гатункаў).
Паводле слоў Сакурэнкі, у дзень свята каля цюльпанавага дрэва супрацоўнік батанічнага сада правядзе навукова-пазнавальную гутарку і дасць кансультацыі па доглядзе за раслінамі.
У 13.00, 14.00 і 15.00 каля дрэва будуць фарміравацца бясплатныя экскурсіі па дэндрарыі. У 16.00 пройдзе віктарына «Захапляльнае і цікавае пра дрэвы» з прызамі.
З 13.00 да 15.00 каля цэнтральнага ўваходу ў батанічны сад будзе іграць квартэт саксафаністаў музычнага дома «Класіка». Каля аранжарэі — арганізавана выстава-продаж архідэй.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ