Фота Andrei Shavlugo

Фота Andrei Shavlugo

Фота Andrei Shavlugo

Фота Andrei Shavlugo

Фота Andrei Shavlugo

Фота Andrei Shavlugo

Болей фотаздымкаў глядзі ТУТ.

Ён малюе ўжо 13 гадоў, і за гэты час не было і двух дзён без пэндзля ў руцэ. Малады мастак-мультыінструменталіст Аляксандр Акуцыёнак робіць афішы для кінатэатра «Ракета», малюе дзікія карціны з дапамогай усяго, што трапляе ў поле зроку, і надае сваёй творчасцю новую сілу паняццю «беларускі андэграўнд».

Дзень 1: «Трывалы рэалізм»

На ўваходзе ў кінатэатр «Ракета» вісяць маляваныя афішы «Праметэя» і «Людзей у чорным 3». Я доўга зацэньваю стаф, а потым тэлефаную аўтару. Разам мы спускаемся ў сутарэнні пад новай мекай менскіх кінаманаў. Тут патыхае гуашшу, волкасцю і пілавіннем. Сцены змрочных калідораў пафарбаваныя ў вар’яцкі бела-зялёны колер, паўсюдна валяецца нейкае ламачча, і кожныя новыя дзверы маюць сваё кляймо кшталту «Электрощитовая», «Теплоузел» або «Венткамера». Гэта і ёсць працоўнае месца 24-гадовага дзёрзкага мастака Сашы Акуцыёнка, афарміцеля і цесляра кінатэатра па працоўнай кніжцы і досыць крутога андэграўндавага мастака па жыцці.

«Людзі часта „гоняць“ на мастакоў, якія робяць афішы, — распавядае Саша, дабіваючы манументальны трыпціх „Мадагаскар 3“. — Але паспрабаваў бы хто-небудзь маляваць гуашшу па чатыры карціны памерамі 1,60×1,30 м на тыдзень. Нават тытаны эпохі Адраджэння, а***лі б ад такой працы».

Усё сутарэнне кінатэатра, а гэта безліч пакояў таямнічага прызначэння, за паўтара года працы пераўтварылася ў майстэрню Акуцыёнка. Большасць часу, аднак, ён займаецца не партрэтамі Джэйсана Стэтхэма і Джоні Дэпа, а ўласнаю творчасцю. Якая, шчыра кажучы, мае мала агульнага з клішаванымі кіношнымі постарамі.

Саша займаецца алейным жывапісам, аэраграфіяй, малюнкам і фота. Праз паўгадзіны на бетоннай падлозе майстэрні я бачу ягоныя працы: чалавека, з рота якога тырчыць рак, гіганцкую муху і мужчыну, які мочыцца на чэрап каровы. Назвы прац таксама інтрыгуюць: «Чалавек колеру калу і крыві», «Мужчынскі і жаночы пачаткі», «Аднарог», «Жах». Ніякіх абстракцый, толькі «трывалы» рэалізм.

Саша з касмічнаю хуткасцю гаворыць пра тое, што сапраўдная карціна павінна «дыхаць і ўзрываць мозг». Завальвае мяне тонай прозвішчаў і мастацкіх тэрмінаў ды з упэўненасцю кажа пра сваю геніяльнасць.
Гледзячы на яго аэраграфію з мухай, якая выглядае так, быццам зараз падляціць да цябе і стрэльне цыгарэтку, пачынаеш верыць мастаку.

«Ты можаш займацца або мастацтвам, або іроніяй ды інтэрпрэтацыяй. Большасць беларусаў, дый наогул усіх сучасных мастакоў, замест жывапісу займаюцца пародыяй. А выдаюць гэта за нейкі прарыў, даступны толькі абраным. Інтэрпрэтацыя ды іронія — гэта крута, але дзе вашыя працы? Дзе карціны?» — гневаецца Саша і празрыста намякае, што ў яго як раз такія карціны.

Дзень 2: «Цнатлівая прыгажосць ліста»

Раніцай Акуцыёнак сустракае нас з фатографам у тым жа заляпаным фарбай швэдры. У майстэрні па-ранейшаму стаіць недабіты трыпціх «Мадагаскар 3». Мы расстаўляем Сашавы карціны па доўгім калідоры сутарэння і атрымліваем асалоду ад імправізаванай выставы, якую зладзілі самі для сябе. Мастак у гэты час распавядае мне сваю творчую біяграфію.

Нарадзіўся ён у Радашковічах. Да 11 гадоў «ездзіў на ровары і раз на год чытаў кніжку». Потым у жыцці Сашы здарылася гісторыя, якая зламала яго чыстае дзяцінства.

«Якраз калі мне было 11, я трапіў у Венецыю, — успамінае лірычны момант мастак. — Мы прыйшлі на плошчу Сан-Марка. Там паўсюдна нерэальныя будынкі, фантастычныя фасады, процьма мастакоў. Пахне волкасцю і фарбай. Колеры — насычаныя, дамы — як на палотнах эпохі Адраджэння. Мне нібы рыдлёўкай у галаву далі.
Я адразу пачаў перамалёўваць вокладку альбома Korn, што апынулася пад рукой. З тых часоў ужо 13 гадоў малюю штодзень».

Потым Саша вучыўся прафесіі ў Радашковічах. Паступіў і скончыў на выдатна знакамітую «Глебаўку». Кажуць, быў час, калі ён працаваў па 12 гадзінаў на дзень, піў гарбату, паліў і зноў працаваў. Палову яго карцінаў нават забралі ў мясцовы мастацкі фонд. Але асаблівай карысці ад вучобы мастак не заўважыў, таму ў Акадэмію паступаць не стаў.

«Любая праца — гэта праца над сабой. Верыць, што прыйдзе нейкі дзядзька і навучыць цябе трымаць пэндзаль, — лухта, — упэўнены Саша. —

А гэты пафас у выглядзе корачкі — пілюля для самалюбства. Паступіш — будзеш маляваць азадак Апалона з розных ракурсаў шэсць гадоў, і той не вельмі атрымаецца.
Потым скончыш Акадэмію, а ў цябе ні ідэй, ні грошай, ні ўменняў, ні жадання».

Мы робім некалі здымкаў прац Акуцыёнка, і мастак пачынае дэманстраваць нам свае ўменні: спачатку знішчае афішу фільма «Змрочныя цені» ў ванначцы, потым пачынае маляваць аэраграфію. На адваротным баку нейкага фільма з усюдыісным Джэйсанам Стэтхэмам за гадзіну ён стварае выяву моцных чалавечых рук, што разрываюць альбомны ліст.

З калонак грукаюць Slade і Rolling Stones, а Саша тлумачыць сваю працу: «Для мяне гэта вечны топік. Я цнатлівую прыгажосць ліста штодзень руйную. Люблю такія тэмы падымаць, дзе кожны можа нешта сваё пабачыць. Мастак — тэхніку, просты чалавек — ідэю». Мімаходзь ён распавядае пра нялёгкае жыццё беларускага андэграўнда: выставаў няма, усе мастакі жывуць самі па сабе, перыядычна халтураць на ніве размалёўкі сценаў або стварэння сармацкіх партрэтаў для заможных суайчыннікаў. Сашу пужае абсурдная атмасфера такіх падпрацовак.

«Неяк мяне паклікалі маляваць шаржы на нейкі фуршэт, — узгадвае ён. — Людзі папілі, паелі. Потым жонкі пачалі сваіх мужоў падводзіць да мяне і садзіць на крэслы. Малюй яго, кажуць. Я неяк не надаў гэтаму значэння. Пасля мне сказалі, што мужыкі былі ўсе сляпыя. Я проста ах**ў. Што гэта наогул такое?»

Паводле Аляксандра, грошай на фарбы і «тры кавалкі мяса на тыдзень» яму хапае і без замоваў ад «паважаных людзей». Прасоўваннем сваёй творчасці ён не займаецца, з галерыстамі не сябруе і наогул рэдка выходзіць са сваёй майстэрні. «Я апошнім часам больш канцэнтруюся на сабе і сваёй творчасці. З людзьмі няшмат кантактую», — кажа Саша. І на дарогу дае параду, як без славы і бабла пачувацца шчаслівым у свеце айчыннага мастацтва:«У нас нават у вучэльні карціны ацэньвалі паводле прынцыпу падабаецца/не падабаецца. Так што ніякай аб’ектыўнай ацэнкі няма. Хочаш прыгожа маляваць — бяры ў рукі пэндзаль і малюй. Калі твая праца камусьці вынесе мозг і вырве яго са штодзённасці — значыць, ты рухаешся ў правільным кірунку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?