Учора, 25 сакавiка, у Берасцi адбылiся мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Волi — дня абвяшчэння незалежнасцi Беларускай народнай рэспублiкi.
Упершыню за апошнiя гады прадстаўнiкi дэмакратычных сiл Берасця супольна адзначалi гэтае свята. Пры тым, што значная колькасць берасцейскiх актывiстаў паехала ў гэты дзень на святкаванне Дня Волi ў Менск, удзел у святочных мерапрыемствах узялi агулам каля 70‑цi чалавек.
У 12‑00 у 3‑х мiкрараёнах горада (Цэнтр, Кавалёва, Усход) актывiсты дэмакратычных сiл раздавалi мiнiкам вiншаваннi з нагоды Дня волi ад iмя Партыi БНФ i iнфармацыйны бюлетэнь Берасцейскай абласной арганiзацыi БСДП «Грамада» «Разам з народам».
Падчас раздачы каля ЦУМа былi затрыманыя Старшыня Берасцейскай гарадской арганiзацыi Партыi БНФ Дзмiтрый Шыманскi, актывiст гэтай партыi Юрый Жыдовiч i актывiст БСДП «Г» Антон Стасюк. Затрыманых даставiлi ў Ленiнскi РАУС, дзе, адпаведна iлжывым рапартам супрацоўнiкаў мiлiцыi, намеснiк начальнiка аддзела iдэалагiчнай работы Берасцейскага гарвыканкама Дубiна С.В. склаў на ўсiх траiх пратаколы аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi — распаўсюд друкаванай прадукцыi без выходных дадзеных.
У 14‑00 у мiкрараёне «Усход‑6» пачаўся футбольны турнiр, прысвечаны 89‑й гадавiне абвяшчэння БНР. Удзел у турнiры бралi каманды Аб’яднанай грамадзянскай партыi, БСДП»Г», Партыi БНФ, Партыi Камунiстаў Беларускай. Пераможцы турнiра, каманда БСДП «Г», атрымалi каштоўныя прызы i кубак. Адзначым, што турнiр праходзiў пад пiльным наглядам супрацоўнiкаў мiлiцыi.
Скончылася святкаванне Дня Волi традыцыйным агульным пiкнiком у лесе.