14.06.2012 / 11:13

Разбіты Су-25 не павінен быў лётаць?

Штурмавік Су-25 з бартавым нумарам 42, які разбіўся 12 чэрвеня пад Навагрудкам, не павінен быў лётаць. Менавіта такія выказванні можна прачытаць на форумах, прысвечаных трагедыі.

Су-25116-й штурмавой авіяцыйнай базы разбіўся 12 чэрвеня. Катастрофа адбылася падчас выканання планавых палётаў у раёне авіяцыйнага палігона. Загінуў пілот — начальнік аддзялення баявой падрыхтоўкі авіябазы, ваенны лётчык 1-га класа падпалкоўнік Мікалай Грыднеў 1975 года нараджэння.

«Падчас палёту адпрацоўвалася тэхніка пілатавання і паветранай навігацыі на малых і гранічна малых вышынях, — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства абароны. — Пасля выканання задання каля 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзеная каманда лётчыку на катапультаванне. Лётчык здолеў адвесці машыну ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна. Падзенне самалёта адбылося за два кіламетры на поўнач ад названага населенага пункта».

У Мінабароны створаная камісія для высвятлення прычын здарэння. Расследаванне гібелі самалёта даручанае галоўнаму следчаму ўпраўленню Следчага камітэта. Распачатая справа па частцы 1 артыкула 465 КК (парушэнне правілаў палётаў або падрыхтоўкі да іх).

1 кастрычніка мінулага года 116-я штурмавая авіяцыйная база ў Лідзе адзначала 70-годдзе. Урачыстасці прайшлі з размахам — для гледачоў было зладжанае авіяцыйнае шоу. Акрамя таго, на ўсеагульны агляд былі выстаўленыя штурмавік Су-25 і вучэбны самалёт Л-39.

«У анонсе свята быў паказ авіятэхнікі, але на справе ён абмежаваўся дэманстрацыяй двух самалётаў Су-25 і Л-39, якія людзі выкарыстоўвалі хутчэй як зручную пляцоўку для назірання за авіяшоу», — пісаў у рэпартажы пра юбілей авіябазы Блог Гродна s13.

Дэманстраваны на авіяшоу Су-25 меў якраз 42-і бартавы нумар.

«Гэты 42-і ў дні юбілею аддалі на разарванне публіцы — у ім пабывала некалькі сотняў дзяцей і падлеткаў, — успамінае на форуме Lida. Info адзін з відавочцаў. — На крылах паскакалі сотні дзяцей. Як мне патлумачыў адзін з абслуговага персаналу, гэты самалёт не выконваў палётаў праз тэхнічныя праблемы і менавіта таму быў „аддадзены“ натоўпу цікаўных разявак… І вось праз год ён разбіўся… Значыць, трэба было тады спісаць».

Безумоўна, калі самалёт не лётаў «праз тэхнічныя праблемы» 8 месяцаў таму, гэта яшчэ не значыць, што яго за гэты час не маглі адрамантаваць, бо Беларусь самастойна займаецца рамонтам і мадэрнізацыяй ваеннай авіяцыі на 558-м авіязаводзе ў Баранавічах. Штурмавікі Су-25 — адна са спецыялізацый завода.

Іншая рэч, што наяўныя ў Беларусі Су-25 дасталіся ВПС краіны ад савецкай арміі — нескладана прыкінуць, колькі гадоў гэтым самалётам, калі іх серыйная вытворчасць пачалася ў 1980 годзе і працягвалася да 1992-га. Да таго ж, прыпісаныя да 116-й базы штурмавікі Су-25 і раней траплялі ў непрыемныя гісторыі.

Так, 31 студзеня гэтага года ў час выканання баявых стрэльбаў па наземных цэлях на палігоне «Нёман» адбылося адвольнае адкрыццё адкідной часткі ліхтара ў аднаго са штурмавікоў Су-25, і яна была сарваная. Пры гэтым частка аскепкаў трапіла ў правы рухавік самалёта, прычыніўшы нязначныя пашкоджанні, якія не адбіліся на яго працы. Пілоту пашкоджанага Су-25, які знаходзіўся прыкладна за 25 кіламетраў ад авіябазы, была забяспечаная пасадка на аэрадром з ходу.

Папярэдняй прычынай гэтага авіяцыйнага інцыдэнту называўся канструкцыйна-вытворчы недахоп.

Відавочна, што гэты недахоп альбо не быў выяўлены падчас рамонтаў і мадэрнізацыі, альбо з’явіўся ў выніку іх. Не выключана, што падобная гісторыя магла здарыцца і з Су-25 з бартавым нумарам 42.

Цікава, што пасля студзеньскага інцыдэнту, як паведамляла прэс-служба Міністэрства абароны, у войсках былі праведзеныя «мэтавыя агляды ўсёй авіяцыйнай тэхнікі, трэнінгі з лётным складам па дзеяннях у такой сітуацыі і інжынерна-тэхнічным складам па кантролі за дадзенай сістэмай самалёта».

А зусім нядаўна — з 28 мая па 7 чэрвеня — 116-я штурмавая авіяцыйная база падвяргалася комплекснай праверцы.

«Падчас працы камісіі правераны стан баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, ацэненая практычная дзейнасць службовых асоб вайсковай часткі ў паўсядзённым жыцці, маральна-псіхалагічны стан асабовага складу і стан воінскай дысцыпліны і правапарадку», — паведамляла прэс-служба Міністэрства абароны.

Пра якія-кольвечы выяўленыя недахопы не паведамлялася.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру