У Беларусі найбольшая сума задэклараванага фізічнай асобай гадавога даходу паводле вынікаў 2011 года склала 22,4 млрд. рублёў. Пра гэта 14 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

Паводле яго слоў, размова ідзе пра даходы, атрыманыя фізічнай асобай у выглядзе дывідэндаў ад замежнай арганізацыі. Пры гэтым выплачаная сума падаходнага падатку склала 2,2 млрд. рублёў.

Як паведаміў Расолька,

усяго на 1 мая 2012 года ў падатковыя органы Беларусі было пададзена 27.645 дэкларацый. Колькасць фізічных асоб, якія падалі падатковыя дэкларацыі за 2011 год, павялічылася на 5.386 чалавек, ці на 24%, у параўнанні з папярэднім годам.

Найбольшая колькасць дэкларацый пададзена фізічнымі асобамі ў Мінску — 9.257, або 33% ад агульнай колькасці пададзеных дэкларацый. Найменшая колькасць дэкларацый паступіла ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях — прыкладна 2,5 тысячы ў кожнай вобласці, або па 9% ад агульнай колькасці пададзеных дэкларацый.

Паводле вынікаў пераразліку падаходнага падатку 14.683 грамадзянам, або 53%, выстаўлена да выплаты 53,3 млрд. рублёў падаходнага падатку, што удвая больш за леташні паказчык.

Як нагадаў Расолька, з 2008 года ў Беларусі назіралася тэндэнцыя скарачэння колькасці пададзеных дэкларацый, што тлумачылася спрашчэннем падатковага заканадаўства. Рост колькасці фізічных асоб, якія падалі дэкларацыі паводле вынікаў 2011 года, і, адпаведна, павелічэнне сум падаходнага падатку ў МПЗ звязваюць з павелічэннем колькасці грамадзян, якія атрымалі ў 2011 годзе даходы ад рэалізацыі двух і больш транспартных сродкаў, а таксама ад рэалізацыі каштоўных папер.

«Летась нашы грамадзяне актыўна мянялі свае аўтамабілі, у тым ліку ў кагосьці былі продажы і па два, і па тры аўтамабілі. З улікам гэтага ў нас і ўзрасла колькасць пададзеных падатковых дэкларацый», — растлумачыў прадстаўнік МПЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?