У Брусэлі Дзень Волі адзначалі культурніцкімі падзеямі, аб’яднанымі пад агульнай назвай «Менск, плошча Каліноўскага, сакавік 2006». Распачаліся яны яшчэ 14 сакавіка адкрыцьцём фотавыставы ды канцэртам Вольнага Тэатру. Ва ўтульным бары, які месьціцца ў шыкоўным гмаху Музэя аўтамабіляў, тэатар прэзэнтаваў п’есы «Быць Гаральдам Пінтэрам» ды пакаленьне «Джынс» (пераклад на ангельскую трансьлявалі з на экран з дапамогай відэапраектару).

24 сакавіка ў тым самым памяшканьні прайшоў паказ фільму Юрыя Хашчавацкага «Плошча» ды канцэрт салідарнасьці з Беларусяй славацкай сьпявачкі Пэтры Джордан. Імпрэзы мелі немалы посьпех: агулам фільм і канцэрт наведалі каля 70 чалавек. І гэта ўлічваючы той факт, што арганізатарам давялося «спаборнічаць» са шматлікімі іншымі канцэртамі, якія ладзіліся ў суботні вечар у бэльгійскай сталіцы.

Кадры фільму Юрыя Хашчавацкага выклікалі ў гледачоў жывую рэакцыю — ад сьмеху да абурэньня. Паказ стужкі завяршыўся дыскусіяй пра лёс Беларусі і яе жыхароў. Канцэрт Пэтры Джордан атрымаўся сапраўды еўрапейскім: выконваючы песьні па‑ангельску, сьпявачка са Славакіі заклікала прысутных да салідарнасці з беларускім народам.

«У нас нічога не было б без Аксамітнай рэвалюцыі, — зьвярнулася Пэтра Джордан да слухачоў пад час канцэрту. — Калі б мы не прайшлі праз гэта, я наўрад ці мела б магчымасьць быць сёньня на гэтай сцэне. Таму я кажу ўсім, хто мяне зараз чуе, і прашу вас перадаць гэта іншым людзям: вы сёньня прыйшлі на цудоўны канцэрт, але не забывайцеся, што дыктатуры яшчэ існуюць — і менавіта апошняя еўрапейская дыктатура ў Беларусі. Мы павінны дапамагчы людзям паверыць, што надышоў час зменаў!»

Паказ фільму і канцэрт былі арганізаваныя Офісам за дэмакратычную Беларусь і прайшлі пад патранажам Дэлегацыі па адносінах зь Беларусьсю ў Эўрапейскім Парламенце. Падтрымку імпрэзаў зьдзяйсняла таксама Нямецкая фундацыя Маршала (ЗША) і славацкая дэлегацыя групы Эўрапейскай народнай партыі‑Эўрапейскіх дэмакратаў ў Эўрапарламенце.

Варта адзначыць, што ў будучыні Офіс за дэмакратычную Беларусь плянуе надаваць вялікую ўвагі менавіта культурніцкім акцыям, якія дапамагаюць ствараць яскравы імідж Беларусі за мяжой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?