Нацыянальная авіякампанія «Белавія» пайшла насустрач напалоханым расійскім футбольным балельшчыкам, якія хочуць экстранна пакінуць Варшаву, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец.

«Учора наша прадстаўніцтва ў Варшаве звярталася да мяне з просьбай дазволіць змяніць умовы групавога тарыфу. Звычайна практыка групавых пералётаў такая: калі ёсць група, то ўсе яе ўдзельнікі прылятаюць адным рэйсам і вылятаюць адным рэйсам. А тут здарыўся выключны выпадак.

Некаторыя людзі са складу расійскай групы, якая карысталася нашымі паслугамі, заявілі, што не могуць больш знаходзіцца ў Польшчы ў такіх умовах, баяцца за сваё жыццё.
Яны звярнуліся да авіякампаніі з просьбай пасадзейнічаць у экстранным вяртанні на радзіму. Мы пайшлі насустрач», — падкрэсліў намеснік дырэктара.

Паводле яго слоў, гаворка не ідзе пра нейкі экстранны рэйс для расійскіх балельшчыкаў. «Гэта рэгулярныя рэйсы, яны проста папрасілі змяніць дату адлёту на больш раннюю», — растлумачыў Чаргінец. Таксама ён адзначыў, што пайшоўшы насустрач расіянам, ніякіх фінансавых страт «Белавія» не панясе.

Нагадаем,

12 чэрвеня, у дзень матчу паміж зборнымі Польшчы і Расіі, у Варшаве адбылося некалькі сутыкненняў паміж балельшчыкамі.
Прычым польскія фанаты, паводле звестак некаторых СМІ, атакавалі не толькі непасрэдна фанатаў з Расіі, але і радавых расійскіх балельшчыкаў, якія далёкія ад фанацкіх разборак. Паводле афіцыйнай інфармацыі, да, падчас і пасля матчу былі затрыманыя 184 чалавекі, 156 з якіх — палякі, большасць астатніх — расіяне.
Суд Варшавы ўжо вынес першыя прысуды: санкцыі зведалі восем грамадзян Польшчы, якія аштрафаваны на 500 злотых кожны (150 долараў) або былі ўмоўна асуджаныя на тэрмін ад 3 да 12 месяцаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?