Дзень Волі: хада і вынікі

Ужо сталася традыцыяй, што акцыі на Дзень Волі зьбіраюць на менскіх вуліцах найбольшую колькасьць людзей. Гэты год ня стаў выняткам. Колькасьць тых, хто ўдзельнічаў у маніфэстацыях 25‑га ў сталіцы, можна ацаніць ня менш як у 10—15 тысяч чалавек. Вызначыць дакладную колькасьць немагчыма, бо групы людзей падступалі да Кастрычніцкай плошчы з розных бакоў, калёны прыходзілі да Акадэміі навук зь вялікай розьніцай у часе.

Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч з Дня Волі
Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча

Варта адзначыць, што ўпершыню ў Менску Дзень Волі быў адзначаны акурат 20 гадоў таму, у 1987 г. Сёлета было 21‑е сьвяткаваньне.

Не працавалі мабільнікі і сайты

Раніца пачалася з таго, што ў Беларусі перасталі адчыняцца незалежныя інфармацыйныя сайты: «Нашай Нівы», радыё «Свабода», «Хартыі‑97», «Эўрарадыё», сайт Мілінкевіча. Таксама быў заблякаваны цалкам livejournal, які ў адсутнасьці пэрыядычнай працы сайтаў мог бы стаць крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі, як было летась падчас прэзыдэнцкіх выбараў і падзеяў на Плошчы.

Аб 11:00, едучы «соткай» праз Кастрычніцкую плошчу, заўважаю, што на ёй не працуе мабільная сувязь. На Плошчы абсалютна няма людзей, калі ня браць у разьлік супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу. Там сама стаяць аўтазакі. Міліцыянты разьмешчаныя на ўсіх подступах да Плошчы. Перакрытыя вуліцы Інтэрнацыянальная, Маркса, Пляц Волі, Леніна. Бліжэй да 12 гадзіны аўтобусы перасталі спыняцца на прамежку між вуліцай Казлова і Плошчай Незалежнасьці.

Праз тое, што людзей не пускаюць на Плошчу, фактычна ўтварылася некалькі груп тых, хто прыйшоў на мітынг. Першая сьцякалася да цырку, другая — да ГУМу з боку праспэкту, трэцяя — да плошчы Свабоды ад Нямігі.

Ля цырку кіраваў Паўлічэнка

Ля цырку ўжо а 12‑й гадзіне згуртавалася больш за тысячу чалавек. Некаторыя выказвалі думку пайсьці Інтэрнацыянальнай у бок Макдональдзу, каб злучыцца зь людзьмі што стаяць там. Спрабавалі — усё перакрыта. У натоўпе людзям раздавалі бел‑чырвона‑белыя сьцяжкі, балёнікі, хустачкі. У знак салідарнасьці былі чутныя сыгналы ад аўтамабілістаў.

Калі а 12.30 з боку вуліцы Янкі Купалы пачаў націскаць падвойны шэраг спэцназаўцаў, людзі зразумелі, што на Плошчу патрапіць ня ўдасца і скіраваліся ў бок плошчы Перамогі. У калёне ішло шмат дзеячоў культуры і грамадзтва. Большая частка людзей ішла з таго боку праспэкту, на якім цырк.

На падыходах да плошчы Перамогі перад людзьмі выступіў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Ён паведаміў праз мэгафон, што ўлады парушылі папярэднюю дамову пра магчымасьць збору каля Макдональдзу і праходу да Акадэміі навук. Заклікаў людзей рухацца паволі, каб маглі далучыцца іншыя калёны, якія, зь ягоных словаў, рухаліся адна па Нямізе і другая па вуліцы Багдановіча.

Частку людзей ад Плошчы ўдалося адсекчы і скіраваць у бок дому‑музэю РСДРП на вуліцу Камуністычную. Кіраваў гэтым усім асабіста Дзьмітры Паўлічэнка ў крапавым бэрэце.

У астатнім гэтая частка дэманстрантаў дабралася да Акадэміі навук без асаблівых прыгодаў. Рухаючыся, калёна няспынна расла. Пачынаючы ад плошчы Перамогі, у ёй было каля 6—7 тысяч чалавек. З бальконаў і вакон мітынгоўцаў віталі жыхары сталіцы. Так, насупраць заводу «Белвар» у доме на пятым паверсе адзін чалавек, ня маючы бел‑чырвона‑белага сьцяга, апрануў чырвоны швэдар і трымаў за сьпінай белую прасьціну. Маніфэстанты яго віталі, жонка з кватэры ганіла, ён ад яе адмахваўся. Людзі сьмяяліся.

На плошчы Якуба Коласа ў адным з акон вывесілі вялікі бел‑чырвона‑белы сьцяг.

Павадзілі па горадзе і загналі ў мэтро

З боку ГУМу людзі паводзілі сябе актыўней, скандавалі лёзунгі, сьпявалі песьні. Тутака сярод публікі было шмат палітыкаў. Некаторыя паспрабавалі прарвацца на Плошчу. Дзе там! Усё надзейна было перакрыта «чорнымі». Разам зь людзьмі знаходзіўся і лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Спэцназ пачынае выцясьняць людзей далей ад Плошчы. Насупраць будынка КДБ калёна спыняецца, некаторыя залазяць на прыступкі «жоўтага будынку». Падалося, што тут можа пачацца нейкі мітынг. Не даюць, працягваюць выцясьняць. Выцісканьне людзей нагадала акцыю 19 сакавіка. Відаць, ужо тады адпрацоўвалі такі мэханізм змаганьня з апазыцыйнымі пратэстамі.

Людзей не пускаюць на другі бок праспэкту, а таксама да Плошчы Незалежнасьці, выціскаюць на Гарадзкі Вал. Ля вуліцы Інтэрнацыянальнай пачаліся сутычкі з АМАПам. Мілінкевіча штурханулі так, што ён паваліўся, у Іны Кулей, якая адбівала затрыманых, параненая рука.

Людзей выцясьняюць на Нямігу, а адтуль на праспэкт Машэрава. Акурат тады калёна і набрала найбольшую магутнасьць, у ёй было 3—4 тысячы чалавек.

Ужо калі людзі падыходзілі да Палацу спорту, на праспэкце пачалі езьдзіць міліцэйскія машыны і папярэджваць, што акцыя несанкцыянаваная і супраць яе ўдзельнікаў можа быць ужытая фізычная сіла і адміністрацыйнае пакараньне. Далей калёну ўжо не прапускалі. Відаць, забаяліся, каб не пайшлі на Дразды.

Праспэкт быў перакрыты абапал. Вольна можна было заходзіць толькі ў двары, што людзі і зрабілі, але ня ўсе. Супраць тых, хто супраціўляўся, былі ўжытыя дубінкі. У дварах на Мельнікайтэ спэцназаўцам удалося разьбіць калёну на меншыя групкі.

Частку мітынгоўцаў міліцыянты «ветліва» загналі ў мэтро на станцыі «Фрунзэнская». Значная група людзей, даехаўшы да «Першамайскай», змагла зноў арганізавацца і рушыла ўжо бяз значных прыгод да Акадэміі навук. Пазьней да гэтай калёны зноў далучыўся Мілінкевіч, ён жа яе і ўзначаліў.

«Разносьце ўлёткі»

Пляцоўка ля Акадэміі навук была амаль цалкам запоўненая. Гучала музыка, людзі размаўлялі між сабой, знаёміліся, праходзіў запіс у рух «За свабоду», нейкі хлопец ляпаў па вядры, як у бубны. На пляцоўцы было багата — сотні — бел‑чырвона‑белых сьцягоў, расьцяжак. Быў нават адзін чырвона‑зялёны сьцяг, на якім было напісана «За гонар, свабоду і справядлівасьць». Усе чакалі, калі падыдзе калёна зь Мілінкевічам.

Дзьве калёны злучыліся ля Акадэміі навук дзесьці а 14:10. Людзі адразу пачалі скандаваць «Мілінкевіч! Мілінкевіч!». Для лідэра апазыцыі ўтварылі жывы калідор, ён прайшоў на верхнія прыступкі Акадэміі, стаў у цэнтры.

Вёў мітынг лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Было багата выступоўцаў, як беларусаў, так і замежнікаў. Аднак мала хто запомніўся. Віцэ‑прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч, прамаўляючы па‑польску, сказаў, што Беларусь — гэта апошняя краіна Эўропы, дзе няма вольнасьці, а ёсьць аўтарытарызм. Юлія Казуліна нагадала, што акурат год таму арыштавалі яе бацьку Аляксандра Казуліна, які і цяпер за кратамі. Прапанову старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімера Коласа ўсім аб’яднацца, каб разам пайсьці на Кангрэс, людзі сустрэлі вяла.

Большасьць адкрыта чакала, калі свой выступ пачне Мілінкевіч. Ён выступаў апошнім. Мілінкевіч сказаў пра сымбалічнасьць таго, што ў адзін дзень сьвяткуецца і 50‑годзьдзе Эўрасаюзу і беларускі Дзень Волі. Мілінкевіч сказаў, што яму сёньня тэлефанавалі з канцылярыі Ангелы Мэркель і выказалі падтрымку ў змаганьні беларусаў за дэмакратыю. Лідэр апазыцыі адказаў на пытаньне, што трэба рабіць пасьля 25 Сакавіка. На ягоную думку, найважнейшым зьяўляецца распаўсюд незалежнай інфармацыі: «Вы пытаецеся, што рабіць пасьля. Паверце, працы хопіць для ўсіх. Не чакайце нейкіх установак зьверху, шукайце і распаўсюджвайце ўлёткі, капіюйце газэты і кніжкі, давайце чытаць іх сваім знаёмым і суседзям». Мілінкевіч таксама заклікаў маладых не ўступаць у БРСМ. Рэакцыя была вельмі жвавай.

Увесь час, пакуль доўжыўся мітынг, вакол людзей езьдзіла міліцэйская машына, праз гукаўзмацняльнік па‑беларуску паведамлялася, што гэтая акцыя несанкцыянаваная і далей па тэксьце пра фізычную сілу і спэцсродкі.

Вінцук Вячорка пры канцы мітынгу яшчэ запытаўся ў людзей, ці ня хочуць яны пайсьці шэсьцем на плошчу Бангалор, адказ быў катэгарычна адмоўным.

Мітынг скончыўся гімнам «Магутны Божа».

Людзей палівалі вадой

Па сканчэньні мітынгу частка людзей рушыла ў бок Нацыянальнай бібліятэкі, каб далучыцца да людзей, што былі на канцэрце БРСМ «За незалежную Беларусь». Рух дэманстрантаў увесь час прыпыняўся спэцназаўцамі, якія блякавалі падыходы да бібліятэкі, патрабуючы ісьці ў адваротным кірунку. Праспэктам праехала колькі аўтазакаў, а таксама машыны з байцамі Паўлічэнкі з в/ч 3214. Усё ж людзям неяк удалося дамовіцца зь міліцыянтамі і працягнуць рух.

А палове на пятую людзі дайшлі да Нацыянальнай бібліятэкі. Сьвяточны канцэрт вымушаны быў тэрмінова згарнуцца за дзесяць хвілінаў да гэтага. Маладзёны пачалі разгортваць ля бібліятэкі бел‑чырвона‑белыя сьцягі. АМАП запатрабаваў вызваліць пляцоўку. Прыехала адмысловая машына, якая спрабавала паліваць людзей вадой. Людзі разьбягаліся. Такога беларускія ўлады супраць апазыцыянэраў, здаецца, яшчэ не выкарыстоўвалі.

Праўда, усіх затрыманых неўзабаве выпускалі.

Разгону не адбылося, магчыма, дзякуючы таму, што на заклік Мілінкевіча адгукнуўся шэраг эўрапейскіх палітыкаў. Што праўда, і адзначыць сьвята як сьлед улада не дала. Віцэ‑сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч мяркуе, што такія паводзіны ўладаў ня будуць спрыяць паляпшэньню адносінаў паміж Беларусьсю і Эўропай.

Жывы рэпартаж з Дня Волі карэспандэнтаў "НН"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?