Саступкі расейцам у рамках гандлёвага пагадненьня, падпісанага Фрадковым і Сідорскім, ацэньваюцца на 2—2,5 млрд даляраў. Усё дзеля танных энэрганосьбітаў.

23 сакавіка ў Менску было падпісанае міжурадавае пагадненьне пра захады ў разьвіцьці гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусяй і Расеяй. Узамен на істотныя саступкі Беларусь атрымала квоты на цукар ды гарантыю на пастаўкі энэрганосьбітаў.

Беларускі і расейскі прэм’еры сустрэліся ў рамках адкрыцьця паседжаньня савету міністраў так званай саюзнай дзяржавы. Расейскі прэм’ер Міхаіл Фрадкоў падкрэсьліў, што гэта пачатак пераходу да рынкавых адносінаў.

Вынікам сустрэчы сталася скасаваньне абмежаваньняў на імпарт расейскай сельскагаспадарчай тэхнікі, прадуктаў, у прыватнасьці піва і тытунёвых вырабаў, а таксама спыненьне дзяржаўнага субсыдыяваньня беларускіх прадпрыемстваў‑экспарцёраў. Саступкі расейцам у гандлі абышліся беларусам у 2—2,5 млрд даляраў у год.

Адначасова былі падпісаныя пагадненьне пра пастаўкі беларускага цукру на расейскі рынак у бліжэйшыя два гады і балянс паліўна‑энэргетычных рэсурсаў так званай саюзнай дзяржавы на 2007 г. Ад гэтага моманту будуць скасаваныя перашкоды ў выглядзе адзінага мытнага калідору, што дагэтуль дзейнічаў у дачыненьні да беларускіх вытворцаў цукру. Пастаўляць цукар у Расею будуць усе чатыры беларускія цукровыя прадпрыемствы. Пры гэтым будуць кіравацца гуртовымі цэнамі, параўнальнымі з цэнамі расейскіх вытворцаў.

Падпісаньне балянсу паліўна‑энэргетычных рэсурсаў шэраг расейскіх СМІ падаюць як сустрэчны крок Расеі ў адказ на скасаваньне гандлёва‑эканамічных абмежаваньняў.

Газэта «Коммерсант» ставіць у прамую залежнасьць саступкі беларускага боку ад магчымасьці Беларусі працягваць барацьбу за расейскую нафту. Паводле дакумэнту, сёлета Беларусь атрымае ад Расеі 21,2 млрд кубамэтраў газу і ня менш за 17,6 млн тонаў нафты. Варта нагадаць, што пасьля ўвядзеньня транзытных мытаў Расеяй на пастаўкі нафты ў Беларусь, расейскія нафтавыя кампаніі заўважна скарацілі перапампоўваньне нафты на беларускія НПЗ. Што праўда, намесьнік кіраўніка Мінпрамэнэрга Расеі Іван Мацераў на перамовах у Менску патлумачыў, што балянс юрыдычна не зьяўляецца абавязковым для выкананьня. Аднак «Коммерсант» мяркуе, што гэта дае Беларусі дадатковую магчымасьць апэляваць да балянсу ў выпадку далейшага разьвіцьця нафтагазавага канфлікту, тым больш што пытаньне пра атрыманьне расейскага крэдыту на закупкі нафты і газу пакуль ня вырашанае.

Газэта «Ведомости» таксама падае ўвядзеньне квотаў на беларускі цукар як узаемную саступку на зьняцьце беларускім бокам гандлёвых абмежаваньняў. Выданьне таксама нагадвае, што падпісаць дакумэнт мусілі яшчэ 20 сакавіка, аднак беларусы не пагадзіліся з тэрмінамі ўступленьня ў сілу асобных пунктаў дамовы, а таксама настойвалі на спрашчэньні рэжыму ўвозу ў Расею аўтамабіляў. Паводле інфармацыі газэты, быў дасягнуты кампраміс: беларусы пагадзіліся на непрынцыповыя зьмены ў тэрмінах уступленьня ў сілу асобных пунктаў дамовы, а таксама далі згоду на вынас спрэчак аб пастаўках аўто па‑за рамкі ўкладзенай дамовы.

Паводле словаў кіраўніка менскага аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, беларуская прамысловасьць у выніку падпісаньня дамовы можа панесьці страты, якія часткова можна кампэнсаваць за кошт паставак у Расею мяса і трактароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?