Больш за чатыры тысячы подпісаў сабрана з 7 па 26 сакавіка пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам мінскіх манастыра і касцёла бернардзінцаў — помнікаў архітэктуры барока XVII стагоддзя, размешчаных па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 4, 6 і 8.

Як паведаміла член камітэта рымска?каталіцкай абшчыны [парафіі] святога Іосіфа Івона Мацукевіч, у звароце, у прыватнасці, гаворыцца, што вернікі «абураны бязбожным планам рэканструкцыі манастырскага комплексу і касцёла св. Іосіфа». «Мы пратэстуем супраць рэканструкцыі асвешчанага храма і манастыра — месца малітвы і духоўнага адраджэння нашага народа — пад гатэльны комплекс, забаўляльныя залы, рэстараны», — зазначаецца ў дакуменце. Вернікі просяць вярнуць святыню Мінска?Магілёўскай архідыяцэзіі і адзначаюць, што набажэнствы ў касцёле будуць праводзіцца па?беларуску, а будынкі манастыра будуць выкарыстоўвацца пад нядзельную школу і ведамствы архідыяцэзіі. «Будынак павінен належаць народу, а не тым нямногім багатым людзям, хто зможа заплаціць велізарныя грошы за карыстанне паслугамі гатэльнага комплексу», — падкрэсліла І.Мацукевіч.

Збор подпісаў пачаўся пасля таго, як стала вядома аб планах Мінскага гарвыканкама перадаць будынкі манастыра інвестарам для рэканструкцыі і прыстасавання пад гатэльны комплекс і аб’екты гандлёва?бытавога прызначэння. Манастыр, пабудаваны на сродкі дабрачынцаў, а не казны, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі пасля ўдушэння нацыянальна?вызвольнага паўстання супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У будынку былога храма дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова?тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў?музей літаратуры і мастацтва. З будынкаў манастыра выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

Трэба зазначыць, што ў студзені 2007 года ўпраўленне па ахове гісторыка?культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры выдала унітарнаму прадпрыемству «Мінскпраект» дазвол на правядзенне навукова?даследчых і праектных работ на аб’ектах былога манастыра. Больш за тры гады абшчына св. Іосіфа праводзіць штодзённыя набажэнствы за вяртанне вернікам будынка былога касцёла, дзе плануецца размясціць канцэртную залу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?