Палац Тышкевічаў, фота аўтара

Палац Тышкевічаў, фота аўтара

Касцёл святога Аляксея, фота аўтара

Касцёл святога Аляксея, фота аўтара

Падвясны мост, фота globus.tut.by

Падвясны мост, фота globus.tut.by

Санаторый «Лясное», фота globus.tut.by

Санаторый «Лясное», фота globus.tut.by

Карта Валожыншчыны.

Карта Валожыншчыны.

Лета — час адпачынку і падарожжаў. Але каб атрымаць незабыўныя ўражанні, неабавязкова ехаць у Парыж ці на пляжы Італіі. «Наша Ніва» прапануе аўтамабільныя маршруты па Беларусі для тых, каму не сядзіцца дома. Першае падарожжа — паўднёвая і цэнтральная Валожыншчына.

На працягу дня вы наведаеце самую высокую кропку Беларусі, пабачыце велічныя касцёлы Івянца, закінуты санаторый, рэшткі панскага палаца, а таксама захапляльны падвясны драўляны мост.


Пачатак на вышыні

Асобнага падарожжа гара Дзяржынская (Святая) не заслугоўвае, але чаму б не пад’ехаць да яе па дарозе? Выехаўшы з Мінска ў гродзенскім накірунку (М6), зварочваем на трасу Р65 у бок Дзяржынска, а праз 15 км, каля Скірмунтава, на дарогу Н8243. Па шчырасці, памятны знак на невялікім узвышэнні не ўражвае, ды і гары асабліва не бачна. Побач — панылая трактарная станцыя і ніякага намёку на турыстычную інфраструктуру. Тым не менш, тутэйшыя 345 метраў лічацца самым высокім месцам Беларусі.

Савецкая ўлада скарысталася вышынёй, размясціўшы па суседстве радыёлакацыйную станцыю. Праўда, людзі пагаворваюць, што найвышэйшае месца — якраз-такі станцыя.

Так ці інакш, але мясціны насамрэч прыгожыя. У ясныя дні з узгоркаў можна ўбачыць нават спальныя раёны Мінска, а гэта — ні многа ні мала — 20 кіламетраў адлегласці!

Каталіцкі цэнтр

Вярнуўшыся на дарогу, рушым проста аж да Івянца. Пры ўездзе ў мястэчка ўважліва глядзіце налева! Вас чакае трохпавярховы дом, на даху якога гіганцкімі літарамі выведзена «Жыве Беларусь!»

У абавязковай экскурсійнай праграме гэтага пяцітысячнага гарадскога пасёлка — два касцёлы. Першым вам сустрэнецца чырвоны касцёл святога Аляксея, названы ў гонар сына апошняга імператара Расійскай імперыі. Яго пабудавалі ў пачатку ХХ стагоддзя ў папулярным тады неагатычным стылі. За савецкімі часам яго напаткаў не самы гаротны лёс — памяшканне выкарыстоўвалася як філіял-склад Нацыяльнальнай бібліятэкі (тады Ленінскай).

Другому касцёлу, Міхаіла Арханёла, пашанцавала менш. Падчас існавання СССР у храме знаходзіліся крама, засолачны цэх, а пасля і эксперыментальна-даследчая вытворчасць. Гэты касцёл старэйшы, ён быў пабудаваны ў XVII-ХVIII стагоддзях у стылі віленскага барока. Побач знаходзіўся манастыр францішканцаў. Цяпер, калі архітэктурны комплекс даведзены да ладу, у яго пастаянна прыязджаюць каталіцкія экскурсіі.

Свецкае жыццё Івянца

Адзіны ў мястэчку музей раней быў прысвечаны сумнавядомай асобе Фелікса Дзяржынскага, які нарадзіўся за 15 км ад Івянца. Цяпер экспазіцыя прысвечаная народнай культуры і рамёствам, а рэчы лідара чэкістаў «пераехалі» ў радавы маёнтак Дзяржынава.

Найлепшыя івянецкія сувеніры — вытворчасць мясцовага керамічнага завода. Везці адсюль збаны і іншы посуд можна мяхамі.

Каб пад’есці ці нават паабедаць, варта зайсці ў недарагое прыватнае кафэ «Вай-Фай» на вуліцы 17 Верасня. Можна паспрабаваць сапраўды злавіць у ім бесправадны інтэрнэт, у гонар якога і названая кавярня. Атрымліваецца, праўда, не ва ўсіх.

Руіны новага часу

Ежа ежай, а душа патрабуе прыгодаў. Што ж, надышоў іх час. Пераехаўшы за касцёлам Міхаіла Арханёла Волму, зварочваем на другім павароце направа і кіруемся дарогай H8254 у бок Сівіцы і Рудні. Ехаць нядоўга, усяго 10—12 км, але пераважна па гравійцы. Калі навігатар прапануе зрэзаць дарогу і адправіцца ляснымі сцежкамі, лепш праігнараваць яго парады. Зварочваць направа трэба на прыпынку «Санаторый «Лясное», праз некалькі кіламетраў пасля Сівіцы.

Неўзабаве сярод дрэваў з’явіцца вежа вышынёй з дзесяціпавярховы дом і сама санаторыя. Знайсці ў ім сляды жыцця складана. Ён быў адкрыты ў 1986 годзе, але выбухнуў Чарнобыль, і санаторый прыйшлося закрыць праз высокі ўзровень радыяцыі.

На паркоўцы, абазначанай аранжавым ад іржы знакам, можна пакінуць машыну і рушыць у пешы абыход. Праўда, уваход у будынак, які з кожным годам абвальваецца ўсё мацней, закрыты. На дзвярах вісіць сігналізацыя, а ў суседнім дамку жыве ахоўнік. Тым не менш, экстрэмалы час ад часу прабіраюцца ўнутр санаторыя.

Запаведнік Тышкевічаў

Пафатаграфаўшы разваліны 1970-ых, можна пераходзіць да больш старажытнейшых руінаў. У 200 метраў ад санаторыя, бліжэй да ракі, знаходзяцца рэшткі трохпавярховага палаца Тышкевічаў. Летняя сядзіба была пабудаваная ў запаведніку ў канцы ХІХ стагоддзя. А дрэвам вакол палаца ажно 200—400 гадоў! Шанцаў на яго аднаўленне ўжо фактычна не засталося, палац «парадніўся» з прыродай настолькі, што ўсярэдзіне яго выраслі дрэвы.

Яшчэ 150—200 метраў да ракі, і можна апынуцца на падвясным драўляным мосціку. Ён выглядае хліпкім — раскачваецца ад кожнага парыву ветру, — але ад гэтага яшчэ больш рамантычным. Па ўсёй Беларусі засталося не больш за пяць такіх мастоў!

Палац сілавых структур

Каб не вяртацца назад у Мінск той самай дарогай, рушым на Валожын. Дарога абы-якая, але пацярпець трэба каля 7—8 км. Галоўнае, павярнуць направа за Яцкава-Замоснымі і не працягнуць свае пакуты яшчэ на доўгія 10 км.

Што варта паглядзець у раённым цэнтры? Валожын — адзін з нямногіх гарадоў, у якім засталося столькі помнікаў класіцызму. Іншыя архітэктурныя стылі тут знайсці складана. Ну і крутыя горкі — мала хто з прыезджых можа на ровары адолець увесь пад’ём.

Палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў пачатку ХІХ стагоддзя трымае ў сабе загадку — у якім з двух падобных будынкаў быў палац. Разгадаць яе, не трапіўшы хаця б ва ўнутраны дворык, складана. Наўрад ці атрымаецца і ў вас. Палац «захапілі» сілавыя структуры.

І калі адзін з будынкаў адкрыты для наведнікаў — тут ДАІ і раённая міліцыя, — то ў другім знаходзіцца закрытая воінская часць.

Застаецца разварочвацца і вяртацца на цэнтральную плошчу Свабоды да касцёла святога Іосіфа. Тут ёсць і помнік Іаану Паўлу ІІ, адкрыты ў 2005, у год смерці Папы. Ён стаў другім у Беларусі — мосарскі ксёндз Юозас Булька апярэдзіў валожынцаў на месяц.

У суседнім квартале варта пабачыць першую ва Усходняй Еўропе вучэльню па падрыхтоўцы рабінаў.

Адкрытая яшчэ ў 1803 годзе, іешыва працавала ажно да вайны, калі апошнія вучні былі расстраляныя фашыстамі.

Валожынскі побыт

У горадзе можна і камфортна пераначаваць. Мясцовы трохзоркавы гатэль «Карона» адкрыўся з паўгода таму. Праўда, і цэны складана назваць нізкімі.

Аднамесны нумар будзе каштаваць 170—180 тысяч рублёў, а двухмесны абыдзецца ў 300—600 тысяч.

У Валожыне налічваецца каля сямі кафэ і рэстаранаў. Паабедаць можна ў той самай «Кароне». Абед тут будзе каштаваць каля 50 тысяч рублёў.

У мясцовы музей варта заехаць праз пару гадоў, калі скончыцца яго маштабная рэканструкцыя. У яго сутарэннях будзе экспазіцыя, прысвечаная вытворасці жалеза, на першым паверсе — «Прырода і экалогія» з асобнымі стэндамі пра радыяцыйнае забруджванне, а на другім — класічная экспазіцыя пра слынных людзей Валожыншчыны.

Адваротны шлях у Мінск зойме менш за гадзіну часу — усяго 70 км па добрым асфальце. Дарэчы, па дарозе можна заехаць яшчэ ў Пяршаі і Ракаў, кантрабандысцкую сталіцу Заходняй Беларусі.

***

Падарожжа можна прымеркаваць да Цукеркавага фэсту ў Івянцы, які адбудзецца ў суботу, 16 чэрвеня.
Падчас яго адбудуцца тэатральнае прадстаўленне, рыцарскія бойкі, пошукі скарбу і, вядома ж, дэгустацыя цукерак мясцовай вытворчасці. Пачатак а 14-й на плошчы Свабоды ў Івянцы.

Кошт паездкі

Бензін — 75 000 рублёў з усіх.
Музей (Івянец) — 4 000 рублёў.
Абед — каля 50 000 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?