Лідарка апазіцыі М’янмы расказала, што пачула аб прэміі па радыё, калі была ў зняволенні.
«І гэта нібы вярнула мяне на зямлю, бо часамі я ўжо адчувала сябе так, нібы я больш не належу да рэальнага свету. Прэмія зрабіла мяне зноў рэальнай, — сказала яна. — Я зразумела ўсю важнасць Нобелеўскай прэміі — яна прыцягнула ўвагу свету да барацьбы за дэмакратыю і за правы чалавека ў М'янме. Наша краіна не будзе забытая».
Еўрапейскае падарожжа Аўнг Сан Су Чжы стала магчымы, дзякуючы працэсу дэмакратызацыі рэжыму М’янмы.
Хунта зразумела, што далейшае захаванне сістэмы вядзе да адставання краіны і падрыву яе чалавечага патэнцыялу. Рэжым пайшоў на паступовае, кантраляванае адкрыццё краіны. З турмаў выйшла частка палітвязняў, а ў частцы акруг апазіцыю прапусцілі ў парламент. У выніку іх Су Чжы і некалькі дзясяткаў яе калег атрымалі дэпутацкія мандаты. Сітуацыя нагадвае польскую 1989 года.
Су Чжы засцерагла ад сляпога даверу цяперашняму рэжыму М’янмы. Але яна заявіла, што яе партыя гатовая «адыграць любую ролю ў працэсе нацыянальнага прымірэння».
У сваёй нобелеўскай прамове Су Чжы нагадала, што яна атрымлівае гэтую прэмію як былы палітвязень і што нават «адзін вязень сумлення — гэта зашмат». А ў М’янме, сказала яна, у турмах застаецца нашмат больш, чым адзін палітвязень. І нельга забываць менш вядомых палітвязняў пасля таго як выпусцілі больш вядомых.

Яна заклікала да «адказнага інвеставання» ў сваю краіну.

У гутарцы з журналістамі яна выказала меркаванне, што ў працэсе рэформаў М'янму чакае шмат узлётаў і падзенняў. І сказала, што краіне патрэбна нацыянальнае прымірэнне.

На пытанне, што яе найбольш уразіла за мяжою пасля 22 гадоў, яна адказала з усмешкай: бывае цяжка зразумець, як карыстацца сучаснымі кранамі ў ванных пакоях.
На радзіме — з гэтых 22 гадоў — 15 яна правяла пад хатнім арыштам.

Су Чжы, дачка першага кіраўніка М’янмы, якая тады называлася Бірма, пасля здабыцця краінай незалежнасці, доўгі час жыла не ў краіне. Яна вярнулася туды ў 1988 годзе, каб глядзець сваю старую маму. На хвалі Вясны Народаў канца 80-х народны рух вынес яе ў лідары. Аднак рэжым адмяніў вынікі першых свабодных выбараў, а яе пасадзілі пад арышт.

Яна адмаўлялася выехаць з краіны, нават для атрымання Нобелеўскай прэміі ці на пахаванне свайго мужа-брытанца ў 1999-м: яна баялася, што яе не ўпусцяць назад.

Нязломная дысідэнтка выбрала для сваёй нобелеўскай прамовы фіялетава-бэзавае адзенне. У валасах у яе была, як заўжды, кветка. Яна прамаўляла са спакойнай годнасцю.

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру ў 2012 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?