«Кампанія ЗАТ «Белтэхэкспарт» пацвярджае інфармацыю пра змену ўладальніка кантрольнага пакета акцый групы кампаній ЗАТ «Кіруючая кампанія «Белтэх Холдынг», у якую ўваходзіць ЗАТ «Белтэхэкспарт» — такое паведамленне размешчана на афіцыйным сайце найбуйнейшай у Беларусі кампаніі па экспарце/імпарце прадукцыі ваеннага прызначэння.

«Уладальнікам кантрольнага пакета акцый групы кампаній стаў расійскі бізнесмен, выпускнік Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ Гурыновіч Дзмітрый Фёдаравіч. Пефціеў Уладзімір Паўлавіч цалкам спыніў свой удзел у дзейнасці гэтай групы кампаній», — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца таксама, што «гэта здзелка ажыццёўлена ў межах інтэграцыі Расіі і Беларусі ў галіне ВТС (ВТС — ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва) і сведчыць пра ўзмацненне адкрытасці дзвюх краін, а таксама ўсяляе ўпэўненасць у тым, што ЗАТ „Белтэхэкспарт“ выйдзе на прынцыпова новыя пазіцыі на сусветным рынку».

Нагадаем, інфармацыя пра здзелку з’явілася ў СМІ 30 мая, аднак тады каментаваць яе ў «Белтэхэкспарце» адмовіліся. 31 мая продаж пацвердзіў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Раман Галоўчанка. Пры гэтым ён адзначыў, што «Белтэхэкспарт» не ўваходзіць у структуру Дзяржкамваенпрама, а таму камітэт, хоць і каардынуе яго дзейнасць у частцы ажыццяўлення знешняй гандлёвай дзейнасці, на кіраўніцкія пытанні не ўплывае.

***

20 чэрвеня 2011 года Савет ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс беларускіх грамадзян і кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, уключыўшы ў яго ў тым ліку Уладзіміра Пефціева і тры кампаніі — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі». У дакументах ЕС Пефціеў называецца «асобай, звязанай з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй, галоўным эканамічным саветнікам прэзідэнта Лукашэнкі і ключавым фінансавым спонсарам рэжыму Лукашэнкі, старшынёй савета акцыянераў „Белтэхэкспарта“, найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў».

Санкцыі ў дачыненні да названых кампаній былі ўведзены на падставе таго, што ўсе яны «падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву». Пефціеву забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а яго рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаны. Яго кампаніям забаронена весці бізнес на тэрыторыі краін ЕС. Гэтае рашэнне Пефціеў аспрэчвае ў судзе Еўрасаюза, куды 12 жніўня накіраваў іск.

Паводле меркавання экспертаў, здзелка мае на мэце вывад кампаніі з-пад дзеяння санкцый Еўрапейскага саюза. Аднак, лічаць яны, для гэтага неабходна не толькі змена ўласніка, але і вялікія змены ўнутры структуры. Не выключаецца і змена назвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?