17 чэрвеня ў Мінску Цэнтральны батанічны сад (ЦБС) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў свята цвіцення цюльпанавага дрэва.

Радзіма экзатычнай расліны, па-навуковаму — лірыадэндрана цюльпанавага, — паўднёва-ўсходнія штаты ЗША. Яно вызначаецца яркім і незвычайным цвіценнем. Кветкі з бледна-зялёнымі або белымі пялёсткамі і аранжавай плямай каля асновы па форме нагадваць цюльпан.

«Гэтаму дрэву — трыццаць гадоў, яно набрала сваю моц, і мы бачым яго цяпер ва ўсёй яго прыгажосці, — расказаў БелаПАН загадчык лабараторыі інтрадукцыі драўняных раслін ЦБС Ігар Гарановіч. — Яно багата цвіце амаль кожны год».

Ці можна вырасціць цюльпанавае дрэва самастойна? Можна, адказвае вучоны. «Праблема толькі ў тым, што насенне не заўсёды якаснае, недастаткова поўназярністае, чаранкі таксама цяжка ўкараняюцца. Каб навучыцца размнажаць яго больш масава, спрабуем атрымаць яго адводкамі. Але ў продажы гэтая расліна ёсць, можна набыць. Маючы саджанец, вырасціць яго не праблема. Яно патрабавальнае да глебы, мае патрэбу ў дастатковым асвятленні, адгукаецца на паліў, але ўсё гэта характэрна і для іншых дэкаратыўных раслін», — сказаў Гарановіч.

Паводле яго слоў, свята праходзіць толькі ў пачатку цвіцення цюльпанавага дрэва, праз некалькі дзён яно будзе выглядаць яшчэ прыгажэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?