Аказалася, можна, бо крама не з’яўляецца ваеннай базай або нейкім іншым сакрэтным аб’ектам. Але ці ведаюць у саміх мінскіх крамах пра пазіцыю галіновага кіраўніцтва ў дачыненні да фота- і відэаздымкі? Журналісты TUT.BY вырашылі праверыць гэта асабіста.

Наш незвычайны рэйд мы вырашылі пачаць з гіпермаркета «Карона», што знаходзіцца на сталічнай вуліцы Кальварыйскай.
Ужо праз некалькі хвілін да нашага пазаштатнага карэспандэнта Максіма Пушкіна, які дэманстратыўна здымаў гандлёвую залу і касы, падышоў спачатку адзін ахоўнік (пры забароне здымкі ён спасылаўся на «нядаўнія падзеі» ў выглядзе «выбуху ў метро»), а затым — і двое іншых. Апошнія пачалі даказваць, што налепкі на ўваходзе ў «Карону» маюць ледзь не роўную сілу з законамі Рэспублікі Беларусь, а сам гіпермаркет — прыватная тэрыторыя. На пытанне, ці перастае на гэтай прыватнай тэрыторыі дзейнічаць айчыннае заканадаўства, супрацоўнікі аховы адказаць не змаглі, накіраваўшы нас да адміністратара гіпермаркета. Тая, у сваю чаргу, прадэманстравала загад уладальніка «Кароны», у якім быў пункт аб забароне фота- і відэаздымкі.

Зрэшты, гэты загад — унутраны дакумент суб’екта гаспадарання. Любы студэнт юрфака ведае, што ў частцы, якая супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству (у якім, як вядома, няма ні намёку на забарону здымкі ў грамадскіх месцах, да якіх адносяцца і крамы), такі дакумент у прынцыпе не можа мець юрыдычнай сілы.

Даведаўшыся, што намі праводзіцца журналісцкі эксперымент, супрацоўнікі аховы і аператыўна прыбылы на падмогу сяржант міліцыі ветліва параілі «праводзіць яго ў іншым месцы».

Трэба аддаць належнае: ахова «Кароны» ўмее працаваць ветліва і без рукапрыкладства, чаго, на жаль, нельга сказаць пра іх калегаў з іншых гандлёвых сетак.
Аднак пра гэта ніжэй.

Пасля гіпермаркета «Карона» мы паспрабавалі дэманстратыўна паздымаць таксама ў гастраноме «Рытэйл» — тут жа, на Кальварыйскай, каля выхаду са станцыі метро Фрунзенская. Ні прадаўцы, ні ахова не звярнулі на чалавека з мабільным тэлефонам ніякай увагі. Не пярэчылі супраць здымкі і супрацоўнікі гастранома № 36 на рагу вуліц Ракаўскай і Шпалернай.

Наогул, у адрозненне ад «знакамітых» гандлёвых сетак, у маленькіх крамачках не робяць сакрэту з раскладкі тавараў на вітрынах, ды і да людзей з камерай ставяцца значна спакайней.

А вось у краме «Рублёўскі», што на рагу вуліцы Няміга і праспекта Пераможцаў, нас чакаў сюрпрыз. Ужо праз некалькі секунд да нашага карэспандэнта падышоў супрацоўнік аховы Дзмітрый Яшын.

Пасля непрацяглай «лекцыі» аб правах і абавязках пакупнікоў, спалучанай з хапаннем за рукі, ён літаральна схапіў журналіста ў ахапак і панёс у службовае памяшканне, дзе утрымліваў да прыбыцця выкліканай ім жа міліцыі.

На шчасце, супрацоўнікі міліцэйскага спецназа, якія прыехалі па выкліку, аказаліся абсалютна юрыдычна пісьменнымі людзьмі. Яны і вызвалілі нашага карэспандэнта, затрыманага ахоўнікам «Рублёўскага» — правесці ў цеснай каморцы Максіму давялося толькі каля 10 хвілін.

На просьбу супрацоўнікаў міліцыі (усе ж затрымліваць небяспечных бандытаў ім даводзіцца нашмат часцей, чым вызваляць захопленых вартаўнікамі крам журналістаў), мы не публікуем відэа з іх тварамі. Проста, карыстаючыся выпадкам, хочам сказаць ім дзякуй.

А вось з аховай гандлёвых сетак, на жаль, усё далёка не так весела. Пакуль яшчэ ўнутраныя распараджэнні кіраўніцтва маюць для яе супрацоўнікаў прыярытэт нават перад законамі краіны. Таму, фатаграфуючы, напрыклад, сваіх сяброў на фоне рознакаляровых вітрын і стэлажоў, спрабуючы апублікаваць у Twitter або Facebook пацешны або багаты на нулі цэннік, роўна як і здымаючы на відэа канфлікт з прадаўцамі, мы ўсе рызыкуем здзейсніць падарожжа па гандлёвым зале на моцных руках ахоўніка і нават апынуцца ў зняволенні да прыбыцця міліцыі.

Зразумела, што міліцыя вас у выніку выпусціць, але непрыемны асадак застанецца. А вось уладальнікам крам, мабыць, варта вывучыць заканадаўства краіны, у якой яны вядуць бізнэс, або як мінімум звярнуцца па яго тлумачэнні ва Упраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?