18.06.2012 / 21:04

Марэк Мігальскі стварыў сайт у падтрымку Сяргея Каваленкі 1

У інтэрнэце пачаў працаваць сайт у падтрымку віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі. Cайт створаны офісам еўрадэпутата ад Польшчы Марэка Мігальскага.

Апрача дэталёвай інфармацыі аб справе Каваленкі і аб кампаніях, акцыях і ініцыятывах у падтрымку апазіцыянера, на сайце размешчана петыцыя на адрас беларускіх улад з патрабаваннем вызваліць і рэабілітаваць актывіста КХП-БНФ. Яе аўтарамі разам з еўрадэпутатамі сталі Марэк Мігальскі, жонка Сяргея Каваленкі Алена і Уладзімір Букоўскі — расійскі пісьменнік, палітычны і грамадскі дзеяч, самы вядомы савецкі дысідэнт, які ў 1960-70-х гадах зведваў рэпрэсіі з боку ўлад — у турмах і на прымусовым лячэнні правёў 12 гадоў.

Кампанію ўжо падтрымалі некаторыя міжнародныя арганізацыі: Libereco — Partnership for Human Rights, Free Belarus Now, «Беларускі трыбунал», агульнарасійскі рух «За правы чалавека», грамадзянская ініцыятыва «Еўрапейская Беларусь».

На сайце freekavalenka.org можна таксама прачытаць заявы тых, хто далучыўся да патрабавання рэабілітаваць і вызваліць Каваленку і стварыў нешта накшталт камітэта ў яго падтрымку. На сайце размешчаны заявы Ірыны Багданавай, старшыні грамадзянскай кампаніі Free Belarus Now, расійскага праваабаронцы Льва Панамарова і Ларса Бюнгера з Libereco — Partnership for Human Rights.

Марэк Мігальскі падчас кампаніі, ініцыяванай Libereco — Partnership for Human Rights, узяў шэфства над Сяргеем Каваленкам.
Еўрадэпутат ужо некалькі месяцаў патрабуе забеспячэння медыцынскай дапамогі і доступу да незалежнага ўрача, а таксама неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі віцебскага апазіцыянера.

***

    Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, якое было вынесена апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі прыкладна два месяцы. 18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прысуд. У магілёўскую калонію апазіцыянер быў этапаваны 19 мая.

0
Мікіта / Адказаць
19.06.2012 / 01:34
Вельмі добрая справа
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру