Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі правёў сёння прыём грамадзян у аграгарадку Альшаны Столінскага раёна.
На асабісты прыём да Уладзіміра Макея прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Падчас прыёму падымаліся пытанні выдзялення зямлі прыватнікам, гаворка ішла аб праблемах ЖКГ, уладкавання аграгарадка і яго поўнай газіфікацыі.
Нагадаем, што ў Альшанах з рабочай паездкай у красавіку гэтага года пабываў Лукашэнка. Тады ён сустрэўся з мясцовымі жыхарамі, якія распавялі аб праблемах асабістых і ўсёй вёскі. Аляксандр Лукашэнка даручыў накіраваць у Альшаны для дэталёвага вывучэння сітуацыі працоўную групу.
Па выніках сустрэчы Уладзіміра Макея з мясцовымі жыхарамі ў Альшаны будуць накіраваны спецыялісты, усе пытанні павінны быць вырашаны да восені, калі, як мяркуецца, Аляксандр Лукашэнка зноў наведае гэты край.