Штангіст Андрэй Арамнаў — «адназначна ўдзельнік Алімпійскіх гульняў у Лондане», нягледзячы на яго цяперашнія праблемы,
заявіў БелаПАН галоўны трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандр Ганчароў.

Паводле яго слоў, пераможца Алімпіяды 2008 года ў Пекіне ў катэгорыі да 105 кг Арамнаў з’яўляецца «спартсменам нумар адзін у плане заваёвы медаля» на будучых Гульнях, ад яго чакаюць узнагароды гэтак жа, як ад Андрэя Рыбакова (да 85 кг) і Анастасіі Новікавай (да 58 кг).

Арамнаў з-за траўмы кісці не выступаў на нядаўнім чэмпіянаце краіны, таму яго апошнім перадалімпійскім выступленнем стала 19 чэрвеня спартакіяда школьнікаў.
Спартсмен справіўся з рыўком, але з-за большай вагі штангі ў штуршку атрымаў траўму сцягна. «Арамнаў пераацаніў свае магчымасці, — мяркуе Ганчароў. — Спадзяюся, ён зробіць пэўныя высновы. З сённяшняй сітуацыі трагедыі не раблю, час яшчэ ёсць. Важна, каб цяперашняя траўма не была сур’ёзнай». Трэнер разлічвае, што спартсмен здолее сагнаць вагу з цяперашніх 110 да «баявых» 105 кг.

У маі 2009 года Арамнаў быў аштрафаваны на 150 базавых велічыняў (5,25 млн. рублёў, або 1,9 тыс. долараў ЗША) за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. З галоўным трэнерам Ганчаровым у спартсмена неаднаразова ўзнікалі канфлікты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?