20.06.2012 / 13:52

Як чалавека ці як чыноўніка? 3

Судзяць былога намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Леаніда Кавалёва.

Пасля таго як яшчэ ў чэрвені мінулага года з’явілася інфармацыя пра магчымае затрыманне Кавалёва, раптоўна наступіла поўная цішыня. А затрыманне ж чыноўніка такога рангу — нячастая з’ява для краіны.

У сакавіку мы звярнуліся ва УКДБ па Віцебскай вобласці, каб даведацца пра лёс былога чыноўніка. Менавіта гэтай структуры прыпісваўся яго арышт. Але там параілі звяртацца ў Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ. Падобны зварот быў накіраваны ў ЦІГС. Але ніякага адказу і цяпер, праз тры месяцы, так і не атрымалі.

Спроба даведацца нешта ў Віцебскім аблвыканкаме таксама ні да чаго не прывяла. Калі мы набралі нумар былога памочніка Кавалёва і папрасілі запісаць нас да яго на прыём, павісла паўза. Толькі пасля непрацяглай размовы паведамілі, што чыноўнік больш не працуе. Па пытаннях, якія нам задавалі, склалася ўражанне, што супрацоўнікаў райвыканкама праінструктавалі наконт падобных тэлефанаванняў.

Дзіўным падалося пытанне: «Вам параілі звярнуцца да Леаніда Леанідавіча як да чалавека (нібыта намякаючы на нешта) альбо як да чыноўніка?»

Затым быў зварот у пракуратуру Віцебскай вобласці. Адказ прыйшоў акурат тады, як стала вядома, што су-дзяць экс-намесніка губернатара ў Мінскім гарадскім судзе. З пракуратуры ж адказалі, што «крымінальная справа ў адносінах да Кавалёва праваахоўнымі органамі вобласці не расследавалася». Гэта значыць, што справу былога чыноўніка курыравалі з Мінска? Мы звярнуліся да праваабаронцы Алега Воўчака, які раней працаваў следчым пракуратуры. Ён патлумачыў, што практыка з перанакіраваннем справы ў іншы суд здараецца, хаця і нячаста.

Па яго словах, у справе Кавалёва можа быць мінскі эпізод альбо нават уся справа звязаная са сталіцай. Яшчэ як варыянт — суд адбываецца ў Мінску, каб гарантаваць непрадузятасць.

Што да сакрэтнасці, то яе нават не адмаўляюць. У Мінскім гарадскім судзе паведамілі, што справа некалькі месяцаў як прыпынена, бо чакаюць вынікі нейкіх экспертыз. І працэс адкрыты. Але іншую інфармацыю адмаўляюцца паведаміць, спасылаючыся на загад старшыні суда.

***

Леанід Кавалёў нарадзіўся ў 1975 у Баранавіцкім раёне. На пасаду намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама быў прызначаны ў снежні 2009. Да гэтага працаваў намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама, начальнікам упраўлення справамі Мінаблвыканкама.

У 2007-м, калі быў першым сакратаром ЦК БРСМ, падчас жывой лініі ў рэдакцыі газеты «Беларуская ніва» ён пералічыў акцыі БРСМ, у тым ліку і «За Беларусь, любімую, квітнеючую!», параіў «Маладому фронту» праявіць і сябе. «Ці гэта не канкрэтныя справы? Вось дзе няхай праявіць сябе «Малады фронт»: і ў аграгарадках, і на будоўлі фермаў, аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння — вось там няхай і асвойваюць заходнія грошы».

Магчымай прычынай арышту Кавалёва называецца яго камерцыйная дзейнасць на высокай пасадзе.

Сяргей Макарэвіч

0
контролер / Адказаць
20.06.2012 / 11:26
пожирают друг друга чиновники каннибалы жизнь по понятиям
0
Kiss / Адказаць
20.06.2012 / 14:00
Откупится и выскользнет и еще на хлебное место поставят. Как гродненского Владимира Савченко, пожурили и отправили на стытую должность сельское хозяйство под минском за счет государства поднимать
0
кастусь / Адказаць
20.06.2012 / 15:17
Усе яны маюць рыльца ў пушку.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру