У панядзелак Аляксандар Мілінкевіч прайшоў мэдычны агляд. Палітык меў пашкоджаньні на левай руцэ і адчуваў болі ў сьпіне, у вобласьці хрыбта. Траўмы ён атрымаў 25 Сакавіка ў шарпаніне зь міліцыянтамі. Ён узначальваў адну з групаў маніфэстантаў, што выйшлі на сьвяткаваньне Дня Волі. Мілінкевіч у атачэньні групы найбліжэйшых паплечнікаў прыкрываў адыход дэманстрантаў, вёў перамовы зь міліцыяй і адбіваў затрыманых. Калі людзей выціскалі з вуліцы Інтэрнацыянальнай, Мілінкевіча спэцназаўцы штурхнулі так, што ён упаў.

Спэцназаўцы таксама да крыві пашкодзілі руку жонкі Мілінкевіча Іны Кулей, якая ўвесь час была поплеч з мужам.

Пасьля інцыдэнту палітык ішоў з калёнай маніфэстантаў на Нямізе і праспэкце Машэрава, а пасьля пераехаў у раён плошчы Якуба Коласа, дзе ўзначаліў тых дэманстрантаў, што перабраліся на праспэкт Скарыны з раёну Нямігі.

Па словах прэс‑сакратара Мілінкевіча Паўла Мажэйкі, вынікі мэдагляду дазваляюць спадзявацца, што ўжо напрыканцы тыдня палітык будзе пачувацца добра. Пераломаў ня выяўлена. Цяпер А. Мілінкевіч праходзіць курс мэдычнай рэабілітацыі.

Стан здароўя жонкі А.Мілінкевіча таксама нармальны.


На фота: Аляксандар Мілінкевіч адразу пасьля інцыдэнту.
Фота Андрэя Лянкевіча
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?