Такія выпадкі рэгіструюцца і на магістральнай веладарожцы ў Мінску, дзе хуткасці могуць дасягаць 40 км/г. Учора там, са словаў відавочцаў, пацярпелі два чалавекі. Прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Святлана Кабкова ўдакладніла: у шпіталізацыі мела патрэбу толькі жанчына (1970 г.н.), яна знаходзіцца ў цяжкім стане. Яшчэ адно здарэнне на веладарожцы было зарэгістравана днём: на мужчыну, які ехаў на ровары, упала дрэва.

На веладарожцы сутыкнуліся два веласіпедысты — мужчына (1980 г.н.) і жанчына (1970 г.н.). «Апошняя вельмі сур’ёзна пацярпела. Паводле папярэдніх дадзеных, у яе адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа. Яна была дастаўленая ў рэанімацыю. Сведкам здарэння выступае яе муж. Другі веласіпедыст у шпіталізацыі не меў патрэбы», — расказала Святлана Кабкова.

Крыху раней, днём, паблізу пацярпеў яшчэ адзін веласіпедыст.

— Дрэва ўпала на веласіпедыста (1980 г.н.). У гэтым месцы праводзілі работы супрацоўнікі «Мінскзелянбуда», — паведаміла Святлана Кабкова. — Паводле папярэдніх дадзеных, былі выстаўленыя агароджы, веласіпедысты крычалі, але ён ехаў у навушніках і не чуў. На месца выклікалі «хуткую», але веласіпедыст ад шпіталізацыі адмовіўся.

Паводле неправераных дадзеных, пазней веласіпедысту ўсё ж спатрэбілася дапамога, і ён звярнуўся да дактароў: нібыта спатрэбілася правядзенне аперацыі.

—Адзіная ў Мінску магістральная веладарожка — каласальны аб’ект прыцягнення. Туды ў цёплы час года выязджаюць і спартоўцы, і «велачайнікі», і людзі на роліках, а таксама выходзяць пешаходы, што спараджае канфлікты, — пракаментаваў старшыня Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый Важнік. — Якасць пакрыцця вельмі добрая — настолькі, што гэта стварае вялікія праблемы. Дарэчы параўнаць веласіпедную дарожку з Мінскай кальцавой дарогай, дзе таксама вялікія хуткасці. Гэтыя здарэнні — вынік дробных памылак, дапушчаных падчас праектавання. Што цяпер рабіць — пытанне добрае. Прымаць меры па сцішванні руху? Але нікому ў галаву не прыходзіць «спячыя паліцэйскія» ўкладваць, скажам, на МКАД. Адзін з варыянтаў — развіццё сеткі веладарожак, дзе рух веласіпедыстаў быў бы больш разрэджаным, не такім напружаным і сканцэнтраваным. Выпадак з дрэвам іншы. Чаму веласіпедыст не заўважыў агароджы? Магчыма, месца правядзення работ не было пазначанае так, каб ён гэта зразумеў?

Ёсць і яшчэ адно пытанне: хто павінен займацца гэтымі здарэннямі? Паводле ПДР гэта не можа лічыцца дарожна-транспартным здарэннем. Як рэгламентуецца рух веласіпедыстаў па дарожцы? Што, калі адбудзецца наезд на пешахода? Гэта ўсё не вырашана і будзе падвешанае ў паветры да тых часоў, пакуль хтосьці не возьме на сябе адказнасць за дадзеную сферу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?