Больш за дзве з паловай тысячы чалавек падпісалі петыцыю з патрабаваннем ад пракуратуры Віцебскай вобласці неадкладна пачаць расследаванне ў сувязі з жывадзёрствам над птушанятамі бакланаў у Чашніцкім раёне, якім невядомыя адразалі дзюбы.

16 чэрвеня ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці арнітолагі знайшлі дзясяткі маладых птушак з адрэзанымі наддзюбкамі, якія сядзелі на галінках дрэў у разбуранай змешанай калоніі баклана, шэрай і белай чаплі. Паводле ацэнак арнітолагаў, якія праводзілі даследаванні і кальцавалі птушак, літаральна за некалькі дзён да гэтага здарэння колькасць баклана тут складала 150–200 пар. Многія гнёзды на гэтай калоніі размяшчаліся нізка, што дазволіла невядомым лёгка даставаць ці стрэсваць птушанят з гнёздаў.

Паводле даных эколагаў, штогод беларускія рыбгасы ўстанаўліваюць узнагароды за здабычу птушак, непажаданых для рыбнай гаспадаркі. У гэтым спісе фігуруюць два рыбаядных віды — вялікі баклан і шэрая чапля. Пацвярджэннем здабычы з’яўляецца здадзеныя наддзюбкі ці лапкі жывёл.

У сувязі з інцыдэнтам Ірына Сіняпкіна з Брэста пачала на сайце Change.org кампанію па зборы подпісаў пад петыцыяй у Віцебскую абласную пракуратуру з патрабаваннем расследаваць гэты выпадак і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

«Я прыкладна год займаюся абаронай жывёл. Я ўжо бачыла і ведаю, якімі цынічнымі могуць быць людзі ў адносінах да іх. Але з такой жорсткасцю я не сустракалася ніколі!» — паведамляе Сіняпкіна на сайце.

«Гэта кампанія — прамы адказ беларусаў тым жорсткім і цынічным „невядомым“, якія зрабілі такі жудасны ўчынак,
— напісаў Дзмітрый Савелаў, каардынатар кампаній ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — А яшчэ гэта прыклад таго, як жыхары нашай краіны могуць сабрацца разам, зрабіць свой голас значным і даць адпор любой несправядлівасці».

Change.org — гэта глабальная платформа, на якой мільёны людзей (і больш як 500 тысяч новых удзельнікаў у месяц) ствараюць свае і падтрымліваюць ужо існыя кампаніі для сацыяльных перамен у сваёй супольнасці, горадзе ці краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?