Вандроўка па Астравеччыне — адзін з самых папулярных сёлета маршрутаў. Касцёл у Гервятах.

Аграсядзіба «Тры скрыпкі» на Мядзельшчыне прапануе актыўны адпачынак і знаёмства з традыцыямі.

У Крыме можна знайсці адпачынак на любы кашалёк.

Выспа Корфу ў Грэцыі — адна з турыстычных навінак сезону.

Грэцыя стрэліла

Лілія Кобзік ставіць на першае месца па папулярнасці ў гэтым сезоне Турцыю — беларусы любяць, каб усё было ўключана.

Далей ідзе Грэцыя, якая сёлета прапануе тры новыя выспы. Увогуле, адзначае Лілія Кобзік, сёлета Грэцыя стрэліла: з прычыны крызісу ёсць шматлікія зніжкі і бонусы.

На трэцім месцы — Крым. Тут можна знайсці адпачынак на кожную кішэню: гатэлі, здымныя кватэры ці дамкі. «У Балгарыі не здымеш пакой за 7 еўра.

Там трэба разлічваць на 1000 еўра на двух чалавек. У той жа час у Крыме на тым жа Чорным моры можна адпачыць за 300—400 даляраў», — кажа рэдактар «ТіО».

Акрамя таго, з гэтага года Балгарыя падоўжыла тэрмін выдачы нацыянальнай візы да 2—3 тыдняў. Гэтая краіна на 4-м месцы па папулярнасці. З любімых курортных краінаў беларусаў Лілія Кобзік вылучае таксама Чарнагорыю.

Беларускія пенсіянеры ездзяць па Еўропе

Многія беларусы аддаюць перавагу перад ляжаннем на пляжы аўтобусным вандроўкам.

«Тут няма выразнага лідара — беларусы любяць усю Еўропу», — кажа Лілія Кобзік.
Раней тураператары імкнуліся ўпіхнуць у кароткі тур паболей пунктаў. Цяпер жа сталі з’яўляцца тэматычныя маршруты, прысвечаныя канкрэтнай краіне. А таксама неардынарныя маршруты — нядаўна папулярным быў адпачынак у Іспаніі, куды турысты дабіраліся праз…Скандынавію.

Замежныя тураператары характарызуюць беларусаў як цікаўных людзей, у якіх музеі і архітэктура часцей на першым месцы. Апошнія 5-7 гадоў у нас стаў папулярны калектыўны аўтобусны турызм. З часам сабралася група людзей з Беларусі і Расіі, якая разам арандуе аўтобус і нават прапануе турфірме ўласны маршрут — у гэтым годзе едуць па Францыі, у наступным па балканскіх краінах. У гэтых групах, падкрэслівае Лілія Кобзік, даволі шмат людзей сталага веку. Беларускія пенсіянеры асвойваюць турыстычную Еўропу.

Тэндэнцыя аўтобуснага турызму па-беларуску: айчынныя аператары ўсё часцей абслугоўваюць расійскіх турыстаў, беларусы ж едуць у Парыж на польскіх аўтобусах.

    Колькі каштуе аўтобусны тур
    Тыднёвая вандроўка ў Парыж, Прагу, Берлін і Варшаву, напрыклад, каштуе каля 300 еўра. Пяцідзённая вандроўка па Венгрыі, з магчымасцю наведаць Вену, каштуе каля 180 еўра. Наведванне пяці сучасных еўрапейскіх сталіц і дадаткова 1-2 былых каштуе каля 550 еўра.

Турыстычны гонар ратуюць аграсядзібы

Беларускія санаторыі, у якія было не ўбіцца з-за наплыву расейцаў, паставілі перад беларусамі новую — няпростую задачу. «Раней па тэлефоне ў санаторыі ў чалавека пыталі нацыянальнасць і беларусам часцей за ўсё адмаўлялі. Бо расеец больш заплаціць», —кажа Лілія Кобзік. Цяпер жа і самі беларусы адмаўляюцца, калі чуюць цану — у сярэднім за 12 дзён адпачынку ў беларускім санаторыі трэба заплаціць каля 7 мільёнаў рублёў.

Па словах рэдактара, рынак айчыннага санаторнага адпачынку фактычна знаходзіцца ў Расіі. Склалася сітуацыя, калі санаторыі прапануюць пэўны ўзровень паслуг і падвышаную цану. Для расійскага турыста яна супастаўная з адпачынкам у Венгрыі.

Балючай праблемай застаецца інфраструктура. У многіх гарадах, праз якія пралягаюць турыстычныя маршруты, не хапае рэстаранаў і гатэляў.

«Няма такой краіны, дзе б турызмам займалася выключна дзяржава», — кажа Лілія Кобзік. Гэтая сфера найлепш развіваецца ў прыватных руках. Як доказ — агратурызм, які бурна развіваецца ў Беларусі апошнія гады. Фактычна, аграсядзібы бароняць гонар айчыннага турызму. «Але гэта не ратуе сітуацыю, бо такі адпачынак на 2-3 дні», — мяркуе спадарыня Кобзік.

Згадваючы гісторыі пра расійскіх турыстаў, якія прыязджаюць да нас папіць гарэлкі, яна кажа, што госці з Расіі здольныя і на прыемныя сюрпрызы.

«Многія з іх едуць да нас на аўто з сем’ямі і дабіраюцца ў такія куточкі, пра якія і мы да свайго сораму не заўсёды ведаем. І мы, на жаль, амаль нічога не робім для такіх цікаўных гасцей».

Папулярны Астравец

Турыстычная кампанія «Віаполь» спецыялізуецца на адпачынку ў Беларусі. Яна прапануе тэматычныя маршруты: гістарычныя, архітэктурныя, па мясцінах знакамітых людзей, прыродныя.

Па словах дырэктара кампаніі Галіны Патаевай, адным з самых папулярных маршрутаў з’яўляецца так званая Астравецкая кругасветка. Маршрут уключае наведванне Кушлянаў, Солаў, Астраўца, Гервятаў, Варнянаў і Міхалішак. Натуральна, вялікай папулярнасцю карыстаюцца маршруты Мінск — Мір — Нясвіж — Навагрудак, а таксама наведванне Дудутак.

Цікава, што каля паловы групы звычайна складаюць расейцы.

Колькі каштуе бераг турэцкі

Турцыя

Беларускія турфірмы прапануюць адпачынак на турэцкіх курортах ад $360 за тыдзень у 3-зоркавым гатэлі (вылет з Масквы, засяленне ў нумар для 2 чалавек), да $1300 і вышэй у 5-зоркавым.

Грэцыя

Пляжны адпачынак з экскурсіямі каштуе ад 320—340 еўра з чалавека за тыдзень.

Крым

У пансіянатах Кактэбеля можна пасяліцца за $180 за суткі ў пачатку сезона, у ліпені-жніўні давядзецца аддаць да $300. Сямейны адпачынак без вялікіх запатрабаванняў забяспечаць дробныя прыватнікі. Так, напрыклад, у Алупцы можна зняць дамок на 3-4 чалавекі за 200 тысяч беларускіх рублёў у суткі. Больш камфортнае жытло з інтэрнэтам і лазняй каштуе каля $100 за дамок на 7-8 чалавек.

Колькі каштуе вандроўка па Беларусі

2-дзённы тур з наведваннем Дудутак, Міра і Нясвіжа для групы з 10 чалавек каштуе да 110 еўра, 3-дзённы — да 135. Аплата ўключае харчаванне ў рэстаране і начлег у гатэлі. Прыблізна столькі ж каштуе вандроўка ў Віцебск і Полацк.

Кошт адпачынку ў аграсядзібах залежыць ад месца і якасці жытла. Можна знайсці сядзібу і за 10 даляраў, а ёсць і за 50, і вышэй.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?