20.06.2012 / 15:16

Шасцёра суддзяў, якія выносілі прыгаворы апазіцыянерам, пазбавіліся сваіх пасад Абноўлена 12

Чацвярткова, Хадановіч, Паўлючук, Самалюк, Пархоменка, Хрушчэўская.

18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь і аб змяненні складу прэзідыуму Магілёўскага абласнога суда». У дакуменце фігуруе амаль шэсць дзясяткаў суддзяў. Прычым, 14 з іх — вызвалены ад сваіх пасадаў.

У адстаўку выйшлі пяць суддзяў, яшчэ пяцёра звольненыя па ўласным жаданні. Гэтыя лічбы пацвярджаюць словы Аляксандра Дзядка пра тое, што суддзі не хочуць працаваць пасля пенсіі, бо іх прымушаюць кіравацца не законам, а загадамі.

Цікавая гісторыя атрымалася з Аляксандрам Хадановічам і Таццянай Паўлючук. Хадановіча вызвалілі з пасады суддзі Цэнтральнага раёна Мінска ў сувязі з выхадам з «сацыяльнага адпачынку» Паўлючук. Апошняя ж вызвалена з пасады па ўласным жаданні.

Таццяна Паўлючук была замешаная ў карупцыйнай справе пракурора Мінскай вобласці Міхаіла Снегіра.

У лістападзе 2008-га Аляксандр Лукашэнка выступіў на нарадзе па барацьбе з карупцыяй. Снягір, па словах кіраўніка краіны, купіў камфартабельную кватэру па заніжанай цане. Але няясна, як пракурор мог зарабіць нават тую суму. А суддзя Паўлючук, па словах Лукашэнкі, выносіла прысуды па скаргах на карысць Снегіра. Ад старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы тады патрабавалі вызваліць Паўлючук ад пасады. Але ў выніку тады гэтага не адбылося.

Паўлючук «вылучылася» і ў палітычных працэсах.

Так, напярэдадні 25 сакавіка ў 2008 г. яна адправіла на 5 сутак за краты Аляксея Марачкіна.
Суддзя палічыла даказаным факт лаянкі мастака на вуліцы. Судзіла яна і моладзевых актывістаў.

Пакуль Паўлючук знаходзілася ў «сацыяльным адпачынку», на яе месца прызначылі Аляксандра Хадановіча. Ён выносіў прысуды за Плошчу ў 2010-м, за што яго ўнеслі ў спісы неўязных у Еўрапейскі Саюз. Адным з апошніх яго палітычных працэсаў сёлета стаў суд над Аляксандрам Баразенкам і Мікітам Каваленкам у студзені. Хадановіч адправіў іх на суткі.

Ад пасады намесніка старшыні і суддзі суда Партызанскага раёна Мінска «ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў» вызвалена Наталля Чацвярткова.

Яна асудзіла экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава на пяць гадоў калоніі строгага рэжыму.

Яна ж вынесла прысуды і іншым затрыманым падчас Плошчы-2010 — Алегу Гнедчыку, Уладзіміру Яроменку, Ільі Васілевічу, Фёдару Мірзаянаву. Унесеная ў спісы неўязных у ЕС.

Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Ганна Самалюк таксама трапіла ў спісы неўязных за суды па справе масавых затрыманняў 19 снежня 2010-га. Вызвалена ад пасады ў сувязі «з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў».

Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Лідзія Хрушчэўская вызвалена ад пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку. Яна знаходзіцца ў спісах неўязных у ЕС за суды над затрыманымі на Плошчы 19 снежня 2010-га.

Таццяна Пархоменка вызвалена ад пасады па ўласным жаданні. Яна працавала ў Ленінскім судзе Магілёва. Летась падчас маўклівых акцый вынесла папярэджанне затрыманаму Аляксандру Сімановічу.

Раман Бяссмертны вызвалены ад пасады старшыні і суддзі суда Першамайскага раёна Віцебска ў сувязі з выхадам у адстаўку.

Менавіта ў гэтым судзе праходзіў працэс над актывістам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.

Калі на працэс адмаўляліся пускаць журналістаў, яны звярталіся да Бяссмертнага. Але ён адмаўляўся вырашаць пытанне: спасылаўся на тое, што за ахову парадку ў судзе адказвае міліцыя і што ён не можа загадаць ёй пусціць журналістаў на працэс.

Сяргей Макарэвіч

0
sid / Адказаць
20.06.2012 / 15:24
спадарства, ідзе звычайная ратацыя. Не трэба выдумляць таго, чаго няма. А тое што пад ратацыю трапілі і тыя, хто судзіў апазіцыянераў, дык, ведаеце, у рБ амаль кожны судзя хоць раз судзіў прадстаўнікоў апазыцыі :) Не здзіўлюся, калі зараз зэявяцца каментары, што, маўляў, гэтыя адстаўныя судзі былі ледзь не прыхільнікамі апазіцыі :)
0
информбюро / Адказаць
20.06.2012 / 15:40
Про это ещё вчера в подробностях было расписано http://d-zholik.livejournal.com/65747.html Официальные СМИ, как всегда информационный повод проспали.
0
нет / Адказаць
20.06.2012 / 15:54
sid, это не может быть обычной ротацией. Судьи считаются элитой, оттуда уходят либо принудительно (по дискредитирующим основаниям), либо вперёд ногами, на худой конец на пенсию (в отставку). Здесь же судей уволили, хотя они бедненькие до последнего надеялись, что Лукашенко продлит им сроки пребывания. А Хаданович так вообще поработал всего-то два годика. И вот так с ним нехорошо поступили. :)))
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру